І проста цудоўная жанчына

7 марта 2014 - Administrator
article924.jpg

Святлана Іванаўна Масюк, дырэктар ААТ “Даманаўскі ВГК”, і кіраўнік, і жанчына – з вялікай літары. З года ў год прадпрыемства, якім Святлана Іванаўна Масюк кіруе з 2000 года, становіцца лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, заваёўвае па тры-чатыры дыпломы на рэспубліканскім конкурсе “Лепшы будаўнічы прадукт года”. Сярод прадпрыемстваў Белмясцпрама – ААТ “Даманаўскі ВГК” стабільна лепшы экспарцёр, у раёне таксама – у лідарах сярод прамысловых прадпрыемстваў.

Вяршыні пакараюцца тым, хто не шкадуе сіл
Вось і сёлета ў ААТ “Даманаўскі ВГК” – першае месца ў раёне па выніках работы за 2013 год, за што калектыву ўручаны Ганаровы пераходны сцяг, а прозвішча Святланы Іванаўны занесена на раённую Дошку Гонару. У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю года па ахове працы за 2013 год сярод прамысловых прадпрыемстваў ААТ “Даманаўскі ВГК” таксама стаў пераможцам.
– Прыемна, што нас заўважаюць, бо людзі працуюць, стараюцца, – адзначае Святлана Іванаўна.


У шафе Святланы Іванаўны сабраны цэлы арсенал грамат і дыпломаў. Сярод іх і яе асабістыя ўзнагароды, шматлікія граматы. “Чалавекам года” у вобласці яна была прызнана па выніках работы за 2008 год, “Жанчынай года” за лідарства і паспяховае кіраўніцтва стала ў 2011 годзе. Тады ж у раздзеле “Лепшыя людзі Расіі, Казахстана, Украіны і Беларусі” у “Вялікай міжнароднай энцыклапедыі” з’явіўся артыкул пра яе. У томе “Жанчыны Беларусі” энцыклапедыі “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь” таксама ёсць аповед пра Святлану Іванаўну.
Спецыяліст з дзвюма вышэйшымі, у тым ліку і эканамічнай, адукацыямі, яна прыйшла на камбінат у далёкім 1985 годзе тавараведам у аддзел збыту. Пазней паднялася ў прафесійным майстэрстве да пасады галоўнага бухгалтара. А стаўшы дырэктарам, жанчына сваёй дальнабачнасцю, гаспадарлівасцю, уменнем своечасова пераарыентавацца стварыла з’яднаны калектыў, якому пад сілу нават самыя неверагодныя задачы.
Не стаяць на месцы, пастаянна развівацца і ўдасканальвацца – такі прынцып работы прадпрыемства па вытворчасці сілікатаў і вадкага шкла,
якое можна смела назваць шматпрофільным, бо выпускаюць тут яшчэ і шырокую лінейку тавараў народнага побыту.


Экспарт камбіната павялічваецца з кожным годам, і ўдзельная вага адпраўляемай за мяжу прадукцыі складае 66 працэнтаў.
На сёлетні год, нягледзячы на цяжкасці ва Украіне, якія замінаюць своечасовым разлікам, на значнае павелічэнне тарыфаў нашай беларускай чыгункі, работа на экспарт будзе прадаўжацца, упэўнівае дырэктар. Прадаўжаецца і ажыццяўленне планаў па далейшай мадэрнізацыі, якая з’яўляецца галоўнай састаўляючай поспеху сучаснага прадпрыемства. У мінулым годзе вялася мадэрнізацыя на лініі сушкі пяску на ўчастку шкляной вытворчасці, сёлета будзе праведзены мантаж лініі па вытворчасці сценавых блокаў, пліткі тратуарнай розных відаў, каменя бардзюрнага. На новую лінію запланавана каля двух мільярдаў уласных сродкаў. Яшчэ плануецца будаўніцтва пад’язных шляхоў на прамысловай пляцоўцы ўчастка шкляной вытворчасці.


Адметнасць Святланы Іванаўны, як кіраўніка, у тым, што на прадпрыемстве вядзецца шырокая спонсарская дзейнасць. За 2013 год на гэтыя патрэбы накіраваны 41 млн. рублёў уласных сродкаў прадпрыемства, а на сёлета запланавана амаль удвая больш. Напрыклад, у мінулым годзе дапамогу аказвалі сыну работніка ВГК Андрэя Масцяніцы, які атрымаў сур’ёзную траўму і для ўзнаўлення здароўя яму патрэбен быў спецыяльны спартыўны снарад.


– Для прадпрыемства – гэта нямнога, але як гэта важна ў нашым жыцці: заўважыць, падтрымаць таго, каму патрэбна дапамога, – тлумачыць Святлана Іванаўна. – Аднаму не хапае грошай на лячэнне, другі не ведае, дзе знайсці сродкі на фарбу для агароджы могілак, трэція просяць на набыццё хакейных маек і гетраў, чацвёртыя на рамонт ФАПа, на касцюмы для ансамбля СДК… У ліку тых, каму аказваецца дапамога, і школы, і садкі сельсавета, і Быценскі дзіцячы дом, і Даманаўскі храм і іншыя цэрквы і ўстановы раёна.
– Якая добрая справа стала запамінальнай? – цікаўлюся, а ў адказ чую простае.
– А хіба трэба запамінаць дабро? Яго трэба проста рабіць. Дапамог і ідзі далей. Асабіста я, калі магу – не прайду міма.
– Партрэт сучаснага кіраўніка, які ён?
– Не трэба, каб кіраўнікі былі падобнымі, кожны павінен быць індывідуальнасцю. Калі назначаюць кіраўніком, ты павінен валодаць талентам, а потым уся работа твая будуецца на прафесіяналізме, вопыце, сувязях. Адступаць нельга. Каб не сорамна было перад мамай, свекрывёй, мужам, сынамі, унучкай… Я б, як кіраўнік, не рэалізавала сябе, калі б не было за маёй спінай моцнага дома, сям’і. у маім метадзе работы – ніколі не выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку. Гавару ціха, але мяне чуюць мае падначаленыя. Сарвалася, мае ведаюць, гэта, калі назвала супрацоўніка строга афіцыйна па імю і імю па бацьку. Дзверы майго кабінета адкрыты для людзей не толькі ў часы прыёму, зайсці можна ў любы час для вырашэння неадкладнага пытання.
– Каму ў жыцці Вы ўдзячны?
– Вельмі многім людзям. У першую чаргу мяне, як кіраўніка разгледзеў наш былы начальнік упраўлення “Брэстмясцпрам” Васілій Мікалаевіч Кіслюк. Лёгка мне працаваць з сённяшнім кіраўніком абласнога ўпраўлення Генадзем Канстанцінавічам Скробатам, са старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама Анатоліем Уладзіміравічам Ткачуком, і многімі іншымі людзьмі. Заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю Івана Адамавіча Тарасевіча, тады начальніка фінансавага аддзела райвыканкама, які стаў для мяне першым настаўнікам, калі пачынала свой працоўны шлях у 1981-85 гадах.
– Ці ёсць зайздроснікі? Як бароніцеся?
–Мне здаецца, мне ніхто не зайздросціць. Бо гэта цяжкая праца. Штодзень планёрка з 7.30, за дзень камандзіроўкі стараюся наведаць па пяць прадпрыемстваў, вырашыць цэлы рад пытанняў, ды яшчэ імкнуся вярнуцца дамоў у той жа дзень. Выходзіш з машыны – галава гудзіць ад інфармацыі, ад язды, ад рытму… Зноў жа, адказнасць за ўсё і ўсіх не дае спакойна “пачываць на лаўрах”. У кожнага ёсць свой выбар, гэта трэба разумець тым, хто любіць зайздросціць..
– Да канкурэнтаў, сапернікаў як адносіцеся?
– Радуюся поспехам іншых кіраўнікоў і іх прадпрыемстваў. Радуюся за ААТ “Івацэвічдрэў”, за Аляксандра Аляксандравіча Белякова, Надзею Мікалаеўну Дзядок… На саветах дырэктараў няма кіраўнікоў, якіх бы я не хацела бачыць. У прыродзе ў мяне няма зайздрасці.
І ў калектыве ў Святланы Іванаўны з усімі роўныя адносіны.


– Я ўдзячна ўсім за ўзаеразуменне і адказнасць у рабоце, кажа яна.– Мне вельмі камфортна працаваць з намеснікам па камерцыйных пытаннях Людмілай Цімафееўнай Пацэвіч. Яе прафесіяналізм на рабоце і ў частых камандзіроўках проста бясцэнны. Шмат граматных спецыялістаў і намеснікаў прыязджаюць на работу на Даманаўскі камбінат з Івацэвічаў, хаця маглі б знайсці работу па месцы жыхарства. Значыць, іх задавальняюць умовы і атмасфера калектыву. І мне гэта прыемна. Галоўнае, чалавек павінен любіць тое, што ён робіць. І мае супрацоўнікі, і я любім тое, што мы робім. Мы, як адна сям’я.
– На Ваш погляд, Вы справядлівы кіраўнік?
– Па-мойму, так. Я паважаю, ведаю і ўлічваю інтарэсы сваіх супрацоўнікаў, іх бытавыя праблемы, цікаўлюся іх жыццём. Так павінна быць ва ўсіх.
– Не раз Вы выбіраліся дэпутатам. Што значыць для Вас гэты грамадскі абавязак?
– Калі б усе кіраўнікі адносіліся да сваіх абавязкаў з душой, то дэпутаты, магчыма, і былі б непатрэбны. Але іншы раз кіраўнікі на роўным месцы ствараюць праблемы, каб людзі скардзіліся. Дэпутацтва, на мой погляд, дае больш паўнамоцтваў дапамагаць людзям.


Хто ж у доме гаспадар?
З гэтага пытання мы загаварылі пра сям’ю Святланы Іванаўны.
– На кухні гаспадар муж. Ён гатуе часцей, і лепш за мяне. І бабку ў гаршочках, і мяса, і рыбу запякае на мангале, на барбекю… Усё смачна, усё люблю ім прыгатаванае, – усміхаючыся прызнаецца Святлана Іванаўна. – Прыходзячы дадому, не стукаю пустымі каструлямі, нават калі адсутнічала я некалькі дзён. Ён ведае, дзе што ляжыць у халадзільніку, маразільніку. Да пральнай машыны муж не падыходзіць, а я люблю мыць вокны. Люблю, каб яны ззялі, як крышталь. На сваёй вялікай кухні прынцыпова не вешаю цюль, бо люблю любавацца ружамі ў двары, травой.
– Наколькі важны ў жыцці жанчыны любімы мужчына?
– Любімы мужчына – самасцвярджэнне для жанчыны. У 22 гады я была яшчэ не замужам, думала, што я нейкая не такая. А потым на вяселлі сустрэла свайго прыгожага і вельмі добрага Мікалая Мікалаевіча, з роду чыгуначнікаў. Праз год сыгралі сваё вяселле. Ён і цяпер працуе механікам сувязі на чыгуначнай станцыі. Перш чым згадзіцца на пасаду кіраўніка, я раілася з ім. Ён адказаў – паспрабуй, і абяцаў дапамагаць. І слова сваё трымае. З ім выгадавалі двух сыноў Аляксандра і Дзмітрыя. Нявестка ёсць, унучцы Анастасіі – 6 гадоў, жывуць у Брэсце. Яна ходзіць на бальныя танцы, чытае, малюе, прыгожа спявае, на англійскай мове ведае ўсе песні з кінафільма “Тытанік”. Мы любім маляваць з ёю адна адну, да бабулі яна едзе заўсёды з падарункам, зробленым сваімі рукамі.
– Мама так выхоўвала дзяцей, як Вы?
– Мама крыху іншая, больш строгая была да нас, дзяцей. У 34 гады яна засталася ўдавой, сама паднімала мяне 14-гадовую, брата – 10-гадовага і двухгадовую сястру. Але гэта не замінала мне быць амбіцыёзнай. Я ж выдатніца і пасля школы адна паехала паступаць на юрыста ў МДУ імя Ламаносава ў Маскву. Не паступіла, сустрэла на зваротным шляху былога дырэктара Мікалая Уладзіміравіча Банасевіча, і ён забраў мяне ў школу настаўніцай спеваў. Потым без экзаменаў паступіла ў фінансава-эканамічны тэхнікум, потым – інстытут народнай гаспадаркі, і з адзнакай скончыла акадэмію Упраўлення пры Прэзідэнце. Мама жыве ў в. Гошчава, спявае на клірасе ў царкве, свякроў– у Няхачаве. Яны любяць мяне, і я іх таксама вельмі.
– У Вашым кабінеце поўна архідэй. Кветкі таксама Ваша стыхія?
– Я вельмі люблю ружы. З акна кухні да самай восені я любуюся пяццю кустамі пунцовых руж. Ружамі займаюся толькі я. Іх у мяне вельмі многа ад светла-ружовых да цёмна-бардовых. Самыя памятныя ружы былі ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Андрэевіча Сумара. Ён мне ў 2008 годзе, як Чалавеку Года падарыў агромністы букет пяшчотна-ружовых руж, а яны так доўга добра стаялі, што пусцілі карані. І я іх паперасаджвала. Цвітуць кожны год.


У модзе давяраю свайму густу
Як успрымаеце кампліменты ад іншых мужчын?
– Спакойна. Яны павінны быць, калі ты жанчына. Асноўная маса кіраўнікоў у нас мужчыны. Мне, ведаеце, на ўсё жыццё запомніўся самы вялікі камплімент. У 90-я гады, калі ў краіне быў развал, з намі доўга не разлічваўся Мінскі трактарны завод. Яны давалі нам трактары, мы іх прадавалі, словам, трэба было прайсці па шэсць схем, каб вярнуць грошы за сваю прадукцыю. Прыйшлося абіваць парогі, каб дастукацца да генеральнага. Зайшла да яго, а ён пасля размовы са мной на  нашы паперы накладвае такую рэзалюцыю: “Не крыўдуйце нашых маленькіх партнёраў”. У той жа дзень з намі разлічыліся.
– Муж пакідае асабістую прастору для захапленняў?
– Мы з ім 31 год разам. Ён футбольны фанат, любіць хакей,  з сынамі з матчаў прыязджае ахрыплы. Гэта чыста мужчынскае захапленне, і я іх разумею. Я ж люблю оперу, калі бываю ў камандзіроўках у Піцеры абавязкова імкнуся папасці ў Марыінскі тэатр оперы і балета, а ў Маскве – у Вялікі тэатр. У Мінску ў Палацы Рэспублікі пабывала на канцэртах Ларысы Долінай, Аляксандра Малініна, двойчы Алы Пугачовай…
– Колькі часу аддаяце на навядзенне прыгажосці?
– Ранкам – гадзіну. Іншы раз – паўтара. Прычоску навучылася рабіць сама на штодзень, у адказны момант – цырульнік. І ведаеце, калі на галаве ў жанчыны парадак, калі рукі ёй не сорамна паказаць, а летам на ногі не сорамна абуць басаножкі, то адчувае яна сябе больш упэўнена і ўсё ў яе атрымліваецца. Мяркую па сабе.
– А як жа мода?
– Мода – гэта…мой густ. Давяраю больш сабе, чым таму, што прапаноўвае мода. Рэч павінна мне спадабацца і падысці да твару.
– Якое Ваша любімае свята?
– Новы год. Як квактушка збіраю ўсіх дома, бо за Новым годам і мой Дзень нараджэння.
Чытаеце любімыя кнігі?
– Раман К. Макалоу “Спяваючыя ў цярноўніку”, перачытала і па-новаму асэнсавала раман М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”.
– Любімы занятак?
– Весці гутарку з разумнымі людзьмі, і, дзякаваць Богу, такіх многа.
– Самыя дарагія, любімая ўпрыгожванні і каштоўнасці?
– Царкоўны крыжык на шыі, з якім кладуся спаць і швейцарскі гадзіннік.
– Падарункі любіце?
– Ад іншых людзей падарункаў саромеюся, люблю лепш сама дарыць. А муж любіць дарыць самую сучасную бытавую тэхніку: першую, як толькі з’явіліся, мікрахвалёўку, супер швейную машынку, мульціварку…
– Якая мара засталася?
– Яна заўсёды адна. Каб былі здаровымі блізкія і родныя, каб многа гадоў жыла мая мамачка Надзея Пятроўна, свякроў Ірына Віктараўна, бо пакуль яны ёсць, мы застаёмся дзецьмі. Я хачу яшчэ доўга быць дачушкай.
Гутарыла Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.


 

Комментарии (0)
Добавить комментарий