І толькі на пенсіі адчуў смак жыцця…

27 июля 2016 - Administrator
article2592.jpg

 Дакладна, у маім узросце пра пенсійныя гады не тое, што не думаеш, нават не верыш, што яны калісь настануць. Яна недзе там, за гарызонтам, тая пенсія, – так, напэўна, разважаў і малады Васілій Лахей. Толькі гады хутка прабеглі, раслі дзеці, нараджаліся ўнукі, многае мянялася ў жыцці нашага героя, толькі адно месца трымала яго амаль усё жыццё – любімая работа. 

Каля трыццаці гадоў Васілій Васільевіч працаваў на лесазаводзе (старая пляцоўка ААТ “Івацэвічдрэў”). Зайздроснае пастаянства, ці не так? Складана было год таму развітвацца са звыклым тэмпам жыцця і любімай работай, але Васілій Лахей знайшоў сябе ў новым жыцці, адчуў яго смак. Бо знайшоў новую справу – ён працуе з металам, куе самыя розныя вырабы для сябе і сяброў…

– Як жывецца на заслужаным адпачынку? – пытаюся ў маладога пенсіянера.
 – Добра, можа яшчэ лепей, чым у рабочыя гады. Там бясконцы круг: будоўля, дзеці, унукі, работа… А тут спакой. Дом я пабудаваў, уся мэбля таксама ёсць, на хлеб з малаком я за жыццё зарабіў, пенсія ёсць – ды і добра. Цяпер час ёсць на ўсё, чым марыў займацца, але не хапала гадзін у сутках. 
– І ніякія думкі перад заслужаным адпачынкам у галаве не кружыліся?
– Канечне, трывога была невялікая, але я дакладна ведаў, чым буду займацца. Таму страху не было. Хто хоча, той сабе заўсёды справу знойдзе. У мяне ёсць гараж і маё жалеза, бывае, дадому ноччу прыходжу, аж жонка сварыцца. А вы кажаце пра нейкі сум на пенсіі.
Такія шчырыя адказы на простыя пытанні атрымала я. А цяпер крыху падрабязней пра чалавека справы Васілія Лахея. Ён нарадзіўся ў Яглевічах, яго заўсёды цягнула да інструменту. Нешта хацелася майстраваць сваё, незвычайнае… Тым больш пад бокам – дзядуля Васілій Іванавіч, лепшы цясляр у вёсцы, калі не ў раёне. 

 – Дзядуля працаваў з дрэвам, усё рабіў па тэхналогіі, вымочваў дуб, пасля яго сушыў, і якая мэбля выходзіла з-пад яго рукі… – гаворыць Васілій Васільевіч. – І сёння яго тумба з ясеню і двух відаў дубоў стаіць у нашым доме. Выганяў мяне дзед са сваёй майстэрні, бо я ж першы раз узяўся за інструмент – пальцы падрэзаў, ой і крыку было. Я ўсё роўна лез пад рукі. Цікава было мне, і ўсё тут. А пасля з арміі прыйшоў, дык дзед сам свой інструмент мне перадаў, вось такая спадчына…

Шмат гадоў працаваў з дрэвам мужчына дзядулевым інструментам. Ажаніўся пасля арміі. Жонка Ірына і не думала, што жаніха з такімі залатымі рукамі жыццё ёй падарыла. Жылі спачатку ў родных, Васілій яшчэ на чыгунцы працаваў. У 1977 узялі кавалак зямлі і ў тым жа годзе ўваходзіны справілі! Дом за паўгода, і гэта пры тым, што да ўсяго: ад фундаменту да даху, гаспадар сваю руку прылажыў. Усё б нічога, але абставіць дом было складана – на ўсё чэргі ў савецкія часы былі. Што-нішто набылі па талонах брата Васілія Васільевіча, ён вадзіцель-перадавік быў. А ўсё астатняе – кухню, спальню, сталы і крэслы – гаспадар зрабіў сам. І сёння жывая тая мэбля з дубу – бы і не прайшло 40 гадоў! На свае вочы бачыла – стаіць тая мэбля па доме, аднак цяпер больш як напамін, у астатнім жа тут сучасная мэбля. Хоць мода на натуральнае і самаробнае, мне здаецца, не праходзіць. 

Калі дрэва скарылася нашаму герою, сумна стала, душа патрабавала новай аддушыны. І некалькі гадоў таму на сталічным рынку ўбачыў вырабы з жалеза, спецыяльныя загатоўкі, якія можна гнуць і рабіць з іх свае вырабы. Гэта так званая халодная коўка. Набыў загатоўкі і зрабіў мангал. Пасля брамку і вароты. Здзівіліся нават дачка Людміла і сын Аляксандр такому захапленню бацькі. Ды і прыгожа атрымалася. Затрымліваліся людзі каля варотаў, пыталіся пра кошт і майстра, які іх зрабіў. Двор у Лахеяў невялікі – уся плошча шэсць сотак толькі, а тут лавы кованыя, калодзеж, мангал, воз, буслы і яшчэ шмат гэтых  “і”. Не пакінуў месца жонцы на агарод Васілій Васільевіч. Зацягнула яго жалезная справа. Можа каму падасца – проста гэта халодная коўка, з загатовак гні ды ўся справа. А тут столькі сілы трэба, бо ніводнага станка ў гаражы Васілія Лахея вы не знойдзеце, а як акуратна загнутае ўсё – нібы з цеста ляпіў майстар. А то ж жалеза! Нават у яго вопытных руках вароты месяц-два робяцца. Гэта калі працаваць ад ранку і да вечара. Фарбуе таксама ўсё сам мужчына – не давярае нікому. А ў гараж Васілія Васільевіча нават родным уваход забаронены, нагадвае тым самым наш герой свайго дзеда. Тут тэрыторыя майстра. Так, ён майстар, мастак, калі хочаце. Бо амаль усе ўзоры мужчына сам прыдумляе – не любіць чужога. Саромеецца гаварыць пра сябе як пра майстра мужчына, кажа – не прафесіянальна гэта. А мне не верыцца, што гэта зрабіў звычайны чалавек, мужчына-пенсіянер. І з’явіцца ў хуткім часе ў двары Лахеяў яшчэ адна дзедава работа – арэлі. Тут дуэт: дрэва і жалеза – два захапленні гаспадара. То жаданне любай жонкі і ўнукаў. У Лахеяў адзін унук і тры ўнучкі-прыгажуні. І так хочацца, каб хто з іх зацікавіўся справай дзеда, як калісь цікавіўся ёй ён. Каб справа ручная жыла ў пакаленнях… 

 
Доўгай была размова з Васіліем Васільевічам. І, здаецца, шчасце яго ў пастаянстве. Жонка  – гэта першае школьнае каханне. Дачакалася Ірына Дзмітрыеўна з арміі юнака і жыве з ім жыццё. Работа таксама любімая, не шукаў іншага шчасця для сябе мужчына. І захапленне з дзяцінства, ад дзеда… Ніколі не хлусіў Васілій Васільевіч ні сабе, ні людзям. Выбіраў раз – і назаўсёды. 
Глядзела я на Васілія Лахея – хіба не шчаслівы ён чалавек? Заспяшаўся пасля нашай размовы ў гараж – справа яго чакае.    
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 

Слова гаспадыні дома Ірыне Лахей:
– Ужо сорак гадоў мы жанатыя – цэлае жыццё. Аж страшна, як час бяжыць. І заўсёды яго рукі хацелі работы, не было ім спакою. З мэбляй у савецкія часы, здаецца, толькі ў нас праблем не было. Толькі нядаўна змянілі яе на новую, што-нішто служыць яшчэ нам, нешта пераехала да дзяцей. Неяк прывыклі мы да яго “драўлянага” захаплення, нібы і не здзіўляла нас ужо нічога. А тут – за жалеза ўзяўся. Ужо звыклася з тым, што мне няма ў двары і кавалка зямлі, затое прыгажосць якая. У самой вока радуецца. Добра гэта, што ёсць у мужа справа любімая, аддушына. Мы ўвогуле з ім актыўныя пенсіянеры, вось і я на адпачынак не спяшаюся, працую каторы год на пенсіі. Я на работу кожны ранак, а муж – у гараж. Потым толькі чакай сюрпрызу ў двары…
Комментарии (0)
Добавить комментарий