90-я вясна Івана Тарасевіча

10 апреля 2015 - Administrator
article1631.jpg

  Ганаровы грамадзянін  Івацэвіцкага раёна Іван Адамавіч Тарасевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў юбілей

Прабіваецца лісце дрэваў, зелянее двор гаспадара. На парозе з лёгкай усмешкай сустракае ветэран. “Як хутка ідзе час: падумаць толькі, гэта ўжо мая 90-я вясна…”, – кажа ён. Так, адразу два значныя юбілеі ў героя артыкула ў гэтым годзе: уласнае 90-годдзе (яго Іван Адамавіч адзначыў 9 красавіка) і 70-годдзе Вялікай Перамогі. Напэўна, апошняя лічба для яго нават больш значная і радасная.

Івана Адамавіча добра ведаюць у раёне, ён жаданы госць на любых патрыятычных і не толькі мерапрыемствах, доўгі час ён узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Ён чаканы госць на сустрэчах са школьнікамі, удзельнік штогадовага аўтапрабегу, святочнага шэсця ў Дзень Перамогі. Здаецца, многае са свайго жыцця ён ужо расказаў, шмат успамінаў перадаў наступным пакаленням, прычым не толькі беларусам. Ужо сёмы раз гэтым летам Іван Адамавіч чакае гасцей з далёкай Германіі. На сумеснай сустрэчы беларускіх і нямецкіх валанцёраў удзельнік вайны зноў і зноў расказвае, якім болем для мільёнаў людзей стала тая вайна… Здаецца, гэтымі сустрэчамі ён і жыве. І за гэта яму асаблівы дзякуй. Але заўсёды застаецца нешта яшчэ невядомае ў жыцці гэтага незвычайнага чалавека, яшчэ адзін штрых у гісторыі, такі важны для нас, маладых.
Вось і падчас гэтай сустрэчы ветэран раскрыў яшчэ адзін сакрэт. Ёсць у Івана Адамавіча дома вельмі каштоўная рэч, сапраўдная рэліквія сям’і Тарасевічаў – гэта кніга ўспамінаў нашага юбіляра. У ёй – усё яго жыццё, ад самага першага моманту, з якога ён сябе памятае, і да апошніх дзён. Пра яе мы яшчэ пагаворым. А сённяшняя размова няхай таксама будзе маленькай кнігай, экскурсам у жыццё вялікага чалавека…

Старобінскі – каранямі, Івацэвіцкі – душой
Аб тым, што наш Іван Адамавіч, а ён, несумненна, наш – Івацэвіцкі, родам з Салігорскага (у тыя часы Старобінскага) раёна, мне было вядома даўно. Але ніяк не ўкладвалася ў галаве думка, што для Івана Адамавіча наш раён не родны – столькі ён зрабіў для Івацэвіцкай зямлі. Удзелам у вайне (падчас вайны ён таксама трапляў на Івацэвіччыну), а пасля плённай працай у фінансавым аддзеле райвыканкама, ды і проста сваім чалавечым стаўленнем да людзей і справы.

 – Калі і існуе паняцце другой радзімы, дык для мяне гэта дакладна Івацэвічы, – супакойвае мяне суразмоўца. – Гэта два розныя населеныя пункты ў маім лёсе: вёска Вялічкавічы – гэта найперш мая сям’я, родны дом, прыгожая прырода і пачатак баявога шляху, а Івацэвічы – цяжкі шлях аднаўлення і развіцця горада, які толькі пачаў дыхаць вольным паветрам. Амаль трыццаць гадоў я працаваў у фінансавым аддзеле райвыканкама і праз мяне праходзілі вялікія дзяржаўныя грошы. Гэта патрабавала адказнасці і сумленнасці перад кіраўніцтвам і перш за ўсё перад самім сабой. На маіх вачах, як грыбы, адзін за адным “раслі” ў раёне будынкі ўстаноў адукацыі, культуры, з’яўляліся новыя магазіны і нават будынак цяперашняга райвыканкама, – расказаў Іван Адамавіч. 

Чалавеку заўсёды асабліва дорага тое, што давалася цяжка, патрабавала сіл і ведаў. Нялёгкім быў працоўны шлях Івана Адамавіча ў нашым раёне, таму так “прырос” ён да нашай зямлі і сёння лічыць сябе івацэвіцкім.

Аб тым, што баліць…
Пасля, схаваўшы вочы ў фотаздымках з сустрэчы з валанцёрамі, Іван Адамавіч прызнаецца, што не часта наведвае родную вёску. І не таму, што не хоча ці не шануе памяць пра родныя мясціны. А таму, што чакаюць яго там толькі горкія ўспаміны пра загінулых маці і трох малодшых сясцёр і брата... Кожнага з іх забраў не час, а вайна. Вялікую вёску, у 140 хат, напаткаў лёс Хатыні. Так, за вайну двойчы пагібельны агонь прайшоўся па сям’і Тарасевічаў.
Але спачатку было ў Вялічкавічах мірнае жыццё. На Новыя і Старыя Вялічкавічы вёску дзяліла рака Морач, і калі яна разлівалася, то часткі вёскі, як дзве вялікія выспы, выглядалі з блакітнай вады. Усю прыгажосць таго месца Іван Адамавіч апіша пасля на старонках сваёй кнігі. Усё змянілася ў 1941. Вайну сям’я Тарасевічаў сустрэла сіратліва – без гаспадара. Бацьку вялікага сямейства Адама Антонавіча рэпрэсіравалі яшчэ ў 1937. І Ваня, старэйшы мужчына ў сям’і, як мог, дапамагаў матулі-даярцы Пелагеі Грыгор’еўне: глядзеў малых, гатаваў сняданак і стол да прыходу маці з працы.

– З пачатку вайны ў Вялічкавічах было ціха, быццам бы і не было вайны, так, нейкі злы жарт, – успамінае ветэран. – А калі разам з паліцаямі два немцы забілі ў вёсцы трох яўрэяў, вёска хутка перайшла на новы лад жыцця – ваенны. І кожны абіраў сваю сцяжынку ў гэтым шляху даўжынёю ў некалькі гадоў. Знаходзіліся ў вёсцы і здраднікі. Але такіх, дзякуй Богу, было няшмат, інакш не відаць нам было б Перамогі. Моладзь адразу далучылася да невялікага маладзёжнага атрада, арганізаванага сакратаром падпольнай камуністычнай арганізацыі Станіславам Берасценем, – расказаў Іван Адамавіч.
Шмат начэй правёў у лесе ў складзе арганізацыі і наш герой. Спалі юнакі ў буданах, палілі вогнішча, каб не змерзнуць. А зранку моладзь вярталася ў вёску.

…Спяшаўся Ваня Тарасевіч дадому і вераснёўскім ранкам 1942, неспакойна было на душы, ды і брэх вясковых сабак толькі падганяў хлопца.
Так, гарэў тым ранкам дом Тарасевічаў. Малыя былі на вуліцы, а маці… маці засталася ў доме. Саламяны дах пачаў абвальвацца, калі Ваня апынуўся ў хаце. Не пабаяўся, выцягнуў маці на вуліцу. Яна яшчэ паспела сагрэць сына апошнім матуліным позіркам, перш чым заплюшчыць вочы назаўсёды. Ваня застанецца адзін з чатырма малымі, малодшай сястры тады было толькі тры гады. Аднавяскоўцы паселяць іх у пустым доме, дзядзькі дадуць карову і колькі бульбы. Так і будуць жыць Тарасевічы да лютага 1943, пакуль агонь зноў не апаліць лёс Івана Адамавіча.
І зноў трывожным здасца ранак. У лютым у Вялічкавічах пачнецца вялікая карная аперацыя. Немцы абвесцяць аб сходзе, які павінен быў праходзіць чамусьці ў калгасным кароўніку. На смяротны сход жыхароў падгоніць нямецкая зброя, а асабліва недаверлівых расстраляюць на месцы. Цудам пазбег сходу дзядзька Івана Адамавіча, з малым сынам Паўлам ён прыбег у будан, і разам з імі двое сутак Іван Тарасевіч будзе хавацца ў лесе і маліцца, каб той самы цуд выратаваў яго сясцёр і брата. Але цуда не здарылася. На папялішчы апошні з сям’і Тарасевічаў знойдзе падол блакітнай сукенкі адной з сясцёр… І з’явяцца ў той дзень у Вялічкавічах дзве магілы: адна – для застрэ-
леных, другая – для згарэлых.

Верны сябар – лепшая абарона ад ворага, а лепшае лякарства ў вайну – каўбаса!
Не доўга прабудзе на радзіме Іван Тарасевіч пасля таго пажару, іншымі сцежкамі павядзе яго вайна. Спачатку ў скла-
дзе безназоўнага партызанскага атрада, а пасля ў атрадзе імя Арджанікідзе юнак пройдзе родны Старобінскі раён, пасля Лунінецкі, Івацэвіцкі, Пінскі і іншыя. Мяняліся ў ваенным шляху хлопца не толькі населеныя пункты, але і баявыя задачы. У атрад юнак трапіў у сакавіку, а вінтоўку атрымаў толькі ў чэрвені. А да гэтага далі дзве гранаты ў рукі – вось і ўся зброя. У той час партызанам-навабранцам загадана было дзейнічаць па прынцыпе “зброя за кошт ворага”. Таму свае асабістыя вінтоўкі яны здабывалі ў баях.

Добра ведае Іван Адамавіч, што такое падрыў варожага цягніка і разведка. На ліку партызана тры падарваныя эшалоны.
На сабе праверыў моц сяброўства на вайне Іван Адамавіч у 1944 годзе. Калі партызана моцна ранілі ў Пінскім раёне (тады немцы вялі вялікую карную аперацыю), ад варожай кулі юнака выратаваў сябар па атраду. Не паспела гучнае “Здавайся!” даляцець да Вані, як Андрэй Папыціч пачаў адстрэльвацца і гэтым засяродзіў на сабе ўвагу немца. Гэтыя некалькі хвілін для раненага ў абедзве нагі Івана Тарасевіча сталі збаўчымі. Ён паспеў схавацца ў кустах, а пасля, не адчуваючы болю, ішоў колькі часу на акрываўленых нагах па дапамогу.

Некалькі месяцаў у атраднай санчасці партызан у прамым сэнсе слова станавіўся на ногі. І сёння ўпэўнены Іван Адамавіч, што лепшым лякарствам тады для яго быў кавалак каўбасы, які ён разам з яшчэ адным хворым скралі на кухні.
– Спачатку мы з суседам па палаце пыталі ў повара ну хоць адзін кавалачак на дваіх той каўбасы, ну гэтак яна нам пахла, – праз гады прызнаецца мужчына. – А ён усё: “Нельга, гэта каўбаса для каман-
дзірскага складу брыгады”. Ну і пайшлі мы праз нейкі час, я з кульбай, сябар увогуле на адной назе, красці прысмак. Елі не адны, падзяліліся з астатнімі хворымі і ўрачу абавязкова кавалачак адламалі. Ну і смаката была, здаецца, хоць у скокі цяпер! (смяецца). Не да смеху было, калі аб здарэнні даведаўся галоўны ўрач санчасці: зайшоў ён у палату, а мы ні слова. Не сварыўся, толькі кінуў, саромячы нас: “Няўжо вам есці не хапае, хлопцы?”. Хапала, хворых добра, па ваенных мерках, кармілі, але ж не каўбасой. Яе зараз вунь колькі, а мне за тую і да сённяшняга часу сорамна, – расказаў ветэран.

Сабе – успаміны, нашчадкам – кніга
Два пажары забралі ў Івана Адамавіча самае дарагое – сям’ю. А разам з ёй – карані, успаміны, гісторыю… Таму і не любіць вяртацца на тую зямлю ветэран, хоць і засталася ў вёсцы радня. Бо тут, у Вялічкавічах, ён яшчэ больш адчувае тую пустэчу, што засталася ў душы 15 лютага 1943 года. Уявіце сабе: ніводнай роднай душы на ўсім белым свеце, ні фотаздымачка, нічога… Хаця ёсць адзін фотаздымак бацькі, яго даслалі з г. Благавешчанска пазней у адказ на лісты Івана Тарасевіча. Ледзь цеплілася надзея ў душы мужчыны, што жывым застаўся рэпрэ-
сіраваны да вайны бацька. Аднак фотаздымак даслалі разам з навіной: “Адам Тарасевіч памёр у 1938-м годзе ад запалення лёгкіх”.
Пачуццё недахопу ведаў і адсутнасці каранёў асабліва стала адчувацца, калі з’явілася ў Івана Адамавіча сям’я: жонка, дзеці, а цяпер унукі і праўнукі. Каб яны ніколі не адчувалі дэфіцыту ведаў пра сябе, свой род і, абапіраючыся на гэтыя веды, упэўнена глядзелі наперад, галоўны мужчына сям’і пакінуў ім у спадчыну кнігу. У ёй, на сотні старонак, усё жыццё Вані Тарасевіча: дзяцінства, вайна, пасляваеннае жыццё і нараджэнне дзяцей – усяму тут знайшлося месца.

– Ведаеце, я і сам бы вельмі хацеў атрымаць такую спадчыну ад сваіх бацькоў, ледзь стрымлівае слёзы Іван Адамавіч. – Колькі пытанняў у маёй галаве, шмат звестак пра маё дзяцінства дадумана мной дарослым. Я толькі думаю, чаму маці або тата рабілі так або інакш. Калі б у мяне была магчымасць спытацца ў іх… З гэтай прычыны трыццаць гадоў таму я і пачаў апісваць сваё жыццё. Радок за радком друкаваў на машынцы сваю гісторыю, сапраўдную. Няхай дзеці захаваюць яе для іншых пакаленняў Тарасевічаў.

Шчасце ў трох словах вуснамі ветэрана
– Што такое шчасце? – спыталі мы ў ветэрана напярэдадні яго 90-годдзя. 
І толькі тут ён быў нешматслоўным.
– Шчасце ў сумленнасці, прыстойнасці, а галоўнае – у вернасці свайму слову, – адказаў Іван Адамавіч.

І сапраўды, перш чым Іван Тарасевіч стаў ветэранам вайны, уладальнікам ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медаля “Партызану Айчыннай вайны”, медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.”, а пасля Ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна, ён быў проста адказным сынам сваіх бацькоў. Узяў на сябе адказнасць за ўсю сям’ю, калі не стала бацькі, калі загінула маці. Далей ён усё жыццё быў верны свайму слову, дадзенаму радзіме падчас вайны, пасля – сваёй прафесіі і, нарэшце, дзецям і жонцы Ніне Філіпаўне, якой аднойчы паабяцаў быць верным мужам і стрымаў слова, трымае і зараз, нават пасля яе смерці. У гэтай выключнай вернасці, напэўна, і ёсць сакрэт моцы і мужнасці Івана Адамавіча. Развітваючыся, гаспадар паказаў сваю чарговую юбілейную ўзнагароду. Медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Івану Адамавічу ўручылі два тыдні таму ў зале Івацэвіцкага ГДК. Новы, ён ляжыць у футарале і яшчэ не паспеў трапіць на выхадны “пераможны” пінжак ветэрана. Кожны такі медаль адлічвае чарговы юбілей з дня Вялікай Перамогі і ўсё далей у гісторыю адсоўвае ваенныя падзеі. І, дзякуй Богу, ёсць яшчэ людзі, якія могуць нагадаць нам з вамі іх сапраўдную гісторыю.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий