Адданасць

6 декабря 2013 - Administrator
article758.jpg

 Уладзімір Мікалаевіч Хоміч з Целяхан не ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Калі раён быў вызвалены ад фашыстаў, яму на той час, у 1944 годзе, споўнілася толькі 15 гадоў. Але вайна ўсё адно дагнала яго – у 1948 годзе. 

Вайна
Ён добра помніць той час – час жаху і смерцяў. Помніць, як прыйшлі немцы ў Целяханы, як пакідалі местачкоўцы сваё жытло і хаваліся ў лясах. Разам з маці, бацькам і сястрой ён таксама хаваўся ў лесе. Бабуля і дзядуля засталіся ў Целяханах. У лес з сабой забралі карову, колькі сухароў і хлеба. З таго і жылі. Потым пайшла чутка, што можна вяртацца – немцы не страляюць усіх запар. Так, усіх не стралялі… Але аднойчы сабралі ўсіх яўрэяў Целяхан і павялі расстрэльваць. Яшчэ сабралі мужчын з рыдлёўкамі – каб пасля закопвалі трупы расстраляных…

Першыя крокі
Прыйшло вызваленне, але бяда прыйшла ў сям’ю – памерла маці. Яна была хваравітая жанчына, і вось – не змагла вынесці. Бацьку прызвалі на фронт.
На што жыць і як жыць? 
У гэты час у Целяханах ствараецца ўчастак дрэваапрацоўкі – закладваецца будучая лыжная фабрыка. І Уладзімір Хоміч у свае 15 год ідзе туды – рабочым.
Праз самы кароткі тэрмін яго стараннасць, працавітасць, а галоўнае – літаральнае адчуванне дрэва як матэрыялу, з якога можна вырабляць самыя розныя рэчы, былі заўважаны. Неяк атрымалі заказ – вялікі стол для кіраўніка. Зрабіў Уладзімір. З розных парод дрэва, зверху – інкрустацыя чорным дубам. А тут і позву ў войска атрымаў. Задумаліся на фабрыцы: ці адпускаць такога спецыяліста, але – “Няхай паслужыць і вяртаецца”.
Калі шчыра казаць, то ў арміі бачылася для самога Уладзіміра Хоміча нейкае выратаванне з цесных сямейных абставінаў: у невялікай дзедавай хаце цяпер жыла сястра з мужам, бацька ўзяў сабе жанчыну з дзіцём, дзед ды баба – як павярнуцца, куды ступіць?

Ратаванне ў “ледзь-ледзь”
Уладзімір Мікалаевіч быў прызваны ў дзеючую армію і патрапіў служыць у спецыялізаваны батальён. Задача, якую выконвалі салдаты і сяржанты, была не менш небяспечнай, чым фронт ваеннага часу – размініраванне вялікіх мінных палёў, абясшкоджванне боепрыпасаў, якія не ўзарваліся. Пра гэты батальён не пісалі газеты, інфармацыя аб службе ў ім была фактычна закрытай, салдаты не павінны былі пісаць родным пра тое, чым на самай справе займаліся. А яны шукалі міны – іх сотні і тысячы заставаліся ў зямлі, міны нямецкія і міны савецкія. Пяхотныя і супрацьтанкавыя. Шукалі металашукальнікамі, але тых не хапала, і самым распаўсюджаным сродкам сапёраў таго часу быў шчуп – востры металічны стрыжань, якім абмацвалі метр за метрам многія гектары будучых палёў…
Яно і на самай справе так было – сапёра аддзяляе ад смерці вось гэтае “ледзь-ледзь”. Трошачкі ўбок, трошкі не так паставіў нагу, трошкі мацней націснуў…
Тады быў жнівень, горача… Ехалі абясшкоджваць бомбу, авіяцыйную. Яна ляжала на другім беразе невялікай ракі. Не ўзарвалася. Мост быў пашкоджаны – відавочна, іншымі бомбамі. Гэтая была проста велізарная. Без крыльцаў-стабілізатараў большая за чалавечы рост, тоўстая – толькі 
ўдвух абхапіць. Пайшоў Уладзімір Хоміч цераз раку адзін, у зубах трымаючы падрыўны зарад, ва ўзнятых руках – бікфордаў шнур і запалкі. Перайшоў без прыгод, прымацаваў зарад, падпаліў шнур – і бегчы.
Можа, крокаў з трыццаць прабег – і ўпаў, зачапіўся за нешта. І тады рванула. Як цяпер успамінае, здалося, быццам зямля прыўзнялася пад ім на цэлых паўметра.
Але ні адзін асколак не крануў.

Перайшоў назад, да аўтамабіля камбата, селі, ад’ехалі трохі, бачаць: жанчына жыта жала, махае ім рукой. Пад’ехалі. А яна ім, салдату і падпалкоўніку, паказвае на вялізны чорны асколак, з патэльню. Ён плюхнуўся літаральна побач з жанчынай, ледзь-ледзь не закрануў яе…
Пасля таго выбуху Уладзімір Хоміч стаў адчуваць непрыемны шум, звон у вушах. Але ж… “Пройдзе, салдат!”. Ды вось не прайшло. Тая даўняя кантузія і цяпер напамінае пра сябе шумам і болем.

У Целяханы
Хоць кожны дзень хадзіў побач са смерцю, чорная вестка да Уладзіміра Хоміча прыйшла з Целяхан: памёр бацька. Гэта было ў 1950 годзе. Яшчэ два гады служыў у арміі Уладзімір, згадзіўся на дадатковы год звыштэрміновай службы, бо дзе ў той хатцы ўсім разам жыць?
А потым вярнуўся. І пайшоў  туды, дзе яго чакалі – на фабрыку.
І тут першая для мяне нечаканасць: Уладзіміра Хоміча ставяць майстрам аддзела тэхналагічнага кантролю.
А ў яго ж – пяць класаў адукацыі польскай школы! 

Але праходзіць нейкі час, і яго пераводзяць ужо зменным майстрам у цэх – кіраваць вытворчасцю!
Значыць – мог, значыць – умеў, здольны быў не толькі сам працаваць, але і арганізаваць працу, несці адказнасць за іншых.
У 60-х гадах мінулага стагоддзя, ужо маючы жонку і дзетак, Уладзімір Мікалаевіч ідзе вучыцца ў вячэрнюю школу. У 1966 годзе заканчвае яе. Мне цікава, я гляджу атэстат аб заканчэнні і бачу толькі 4 і 5 па ўсіх прадметах. Вось з іншага боку паглядзець, хіба важныя былі тыя адзнакі “вячэрнікам”? Для яго – важныя.

Пасля школы – навучанне на завочным аддзяленні ў політэхнічным тэхнікуме па спецыяльнасці “вытворчасць мэблі”.
У 1974 годзе Уладзімір Хоміч назначаецца майстрам спецыяльна створанага экс-
перыментальнага ўчастка – на фабрыцы збіраліся наладзіць выпуск  прафесіянальных лыж для спартсменаў. І наладзілі ж…

Працоўная кніжка
У гэтай кніжцы – ці не ўсё пра гэтага чалавека. Прыйшоў на працу ў кастрычніку 1944 года. Потым служба ў Савецкай арміі. А далей толькі змена пасад: майстар вытворчага цэха, эксперыментальнага цэха, тэхнолаг, старшы тэхнолаг…
Усе запісы – толькі на адной фабрыцы.  
45 гадоў – фабрыцы. Зараз я пішу словы “аддаў фабрыцы” і гэта амаль літаральна. Менавіта – аддаў.
Там, у працоўнай кніжцы, ёсць старонкі, на якіх запісваюць узнагароджанні і заахвочванні. Дык вось, у працоўную кніжку Уладзіміра Мікалаевіча Хоміча дабаўлены дзве ўкладкі.

Усяго – 87 запісаў аб узнагароджванні і прэміраванні. З іх 37 запісаў пачынаюцца словамі “за ўкараненне рацыяналізатарскай прапановы…”, амаль столькі ж запісаў – за наладжванне выпуску новай прадукцыі.
Сёння можна смела казаць, што практычна ўся прадукцыя Целяханскай лыжнай фабрыкі таго часу прайшла праз рукі Ула-
дзіміра Хоміча. “Прайшла” – гэта значыць, была абдумана: ці трэба яе рабіць, значыць, 
быў распрацаваны тэхналагічны цыкл, вывучаны вопыт тых, хто ўжо вырабляў падобнае, улічаны недахопы.

Вытворчасць
– Цяжка прыйшлося, калі тры гады запар не было снегу, – успамінае Уладзімір Мікалаевіч. – Попыт на лыжы ўпаў. Тады паехалі мы разам з дырэктарам Барысам Міхайлавічам Міхнюком ці не па ўсіх фабрыках: шукаць ідэі, тое, што мы можам самі вырабляць. Трэба было пашыраць 
колькасць відаў прадукцыі…

Гэта сталася ці не галоўнай задачай Уладзіміра Хоміча: шукаць новае, абгрунтоўваць яго выпуск, наладжваць вытворчасць. Колькі было аб’езджана розных фабрык, колькі было агледжана вытворчасцей у суседзяў блізкіх і далёкіх – сёння і не палічыць. Але ж на той час ад самой ідэі да выпуску шлях быў толькі праз Мінск. Там, у кабінетах стандартызацыі, дакажы, што твая прадукцыя вартая прымянення, лепшая за іншую… Дапытлівы розум Уладзіміра Хоміча дазваляў яму бачыць тое, што прапускалі вочы іншых. Неяк былі вось у такой паездцы разам – ці не ўсё кіраўніцтва фабрыкі. І ў адным лясгасе пабачыў Уладзімір Мікалаевіч, як з цэльнай асіны выраблялі качалкі – прыладу гаспадыні цеста раскатваць. Вялізная такая, але з ручкамі прыстаўнымі. Прамаўчаў сам тады, чакаў: мо хто з кіраўніцтва фабрыкі падглядзеў? Тыдзень прайшоў – ніхто нічога не кажа. А ў іх на фабрыцы адходаў вытворчасці – гара вялікая. Папрасіў, каб з чатырох кавалачкаў брусочкаў склеілі адзін, таўсцейшы. А з яго на станку зрабілі акуратны цыліндрык. Дыяметр сам падбіраў: каб жанчыне зручна было. Ручкі прыставіў… У Мінску мужчыны ў кабінетах заўсміхаліся: што ты, дзядзька, прывёз – вось, ужо ёсць качалка, бачыш, вырабляюць! А ён са сваёй качалкай у кабінет да жанчын. Тыя толькі ахнулі: вось гэта для гаспадыні сапраўдная рэч! І тады пайшла вытворчасць у Целяханах, пайшлі ў справу адходы.

Не крыўдна, але… крыўдна
Калі слава пра целяханскія лыжы пайшла гуляць далёка за межы Беларусі, стала вядома на фабрыцы: будзе ўзнагароджана цэлая група работнікаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. І не было ні ў каго сумневу, што атрымае Уладзімір Хоміч ордэн. 
Дык  каму яшчэ даваць, калі не такім работнікам, для якіх вытворчасць – што асабістая гаспадарка, да сэрца і душы лягла?
Але… раздалі ўзнагароды. У спісах тых, хто быў удастоены іх, прозвішча Хоміча не было.

Змаўчаў, не стаў высвятляць, крычаць, абурацца. Так, у нейкі спрыяльны момант пацікавіўся ў дырэктара фабрыкі: за што? Чаму яго так пакрыўдзілі?
Пачуў адказ і замёр, як аглушаны.
– Бо твой бацька – вораг народа. Быў старастам пры немцах… Абмяркоўвалі на парткаме… Не прайшла кандыдатура.
Як тут не крыўдаваць? Як сцярпець такую несправядлівасць? 

Бацька Уладзіміра Мікалаевіча Хоміча быў солтысам пры паляках, а не старастам пры немцах. А солтыс – то была выбарная пасада, гэта быў памочнік пры выканаўчай уладзе. І выбіралі яго людзі. Быў солтысам у Целяханах яўрэй, пасля яўрэя быў паляк-каталік, а пасля паляка вырашылі людзі паставіць на пасаду праваслаўнага. Вось і абралі Міколу Хоміча солтысам. Простага селяніна, чалавека ад зямлі.
Ён быў шчырым і чэсным, абавязковым, патрабавальным, але ж і не карыстаўся ўладай, не гнуў там, дзе не трэба. І яго паважалі. Калі ў 1940 годзе пачалі ў Целяханах арыштоўваць і высылаць тых, хто так ці іначай супрацоўнічаў з польскай уладай ці быў заможным, Хомічы рыхтаваліся да высылкі, што ўжо хаваць цяпер. Але не кранулі Мікалая Хоміча. Пасля стала вядома, што заступілася за яго яўрэйская абшчына.

І вось праз колькі гадоў нейкі “дабразычлівец” данёс у парткам, перабрахаў: стаў солтыс старастам, а палякі – фашыстамі. Той факт, што быў бацька Уладзіміра Хоміча на фронце, вярнуўся з вайны і памёр у 1950-м, нікога з партыйцаў не засмуціў. Ёсць “сігнал” – гэтага і хапіла, каб пакінуць чалавека без узнагароды, якую ён, безумоўна, тады заслугоўваў.

57 гадоў разам
Марыя і Уладзімір Хомічы пабраліся шлюбам у 1955 годзе. Вырасцілі сына і дачку, атрымалі дзеці вышэйшую адукацыю, маюць свае сем’і, нарадзілі дзеду з бабай унукаў.
Сама Марыя Ціханаўна працавала напачатку інспектарам дзяржбанка, пакуль ён быў у Целяханах, пасля прыйшла працаваць на лыжную фабрыку, бухгалтарам. Перад пенсіяй перайшла рабочай у цэх па простай прычыне – каб трошкі большай пенсія была, бо колькі тады атрымліваў бухгалтар?

…Мы сядзім у доме Хомічаў разам, Марыя Ціханаўна дапамагае ўспамінаць Уладзіміру Мікалаевічу сёе-тое з жыцця, падахвочвае, бо з-за сціпласці пра многае Уладзімір Мікалаевіч замоўчвае напачатку. Не ведаю чаму, мо таму, што сам – мужчына, але саромеюся я выпытваць у сваіх герояў пра асабістае жыццё, пра адносіны. Зрэшты, іншым разам і адзін сказ скажа куды больш за цэлы расказ. Успамінае Марыя Ціханаўна, як вяртаўся з працы муж, а потым бег вучыцца ў вячэрнюю школу, як сядзеў над кнігамі… А была ж свая гаспадарка, трымалі жывёлу, дзеці малыя, бабуля Уладзіміра Мікалаевіча цяжка хварэла, ляжала… І хіба трэба тлумачыць тут некаму: ці кожная жонка ў такіх вось абставінах будзе выпраўляць мужа ў школу, радавацца яго адзнакам? А Марыя Ціханаўна і цяпер з гордасцю кажа пра яго “пяцёркі” ў атэстаце, пра тое, з якімі добрымі адзнакамі закончыў ён і тэхнікум…

Яны жывуць сёння ў тым самым дамку, які некалі будаваў дзед Уладзіміра Мікалаевіча. Хіба што перанеслі некалі даўно дом на іншае месца.
– Не нажылі мы сабе ні кватэр вялікіх, ні багацця, – з лёгкай скрухай кажа Марыя Ціханаўна, але ў скрусе яе чуецца не крыўда на мужа, а нешта іншае, тое, што завецца спрадвечна чалавечай справядлівасцю. Яна ж бачыла і ведала як ніхто іншы, наколькі сябе аддаваў фабрыцы яе муж, бачыла, які ўклад ягоны ў агульны поспех. Дык хіба ж не магла яна разлічваць на іншыя адносіны, асабліва на фоне таго, што мелі ад фабрыкі іншыя?
Хто з мужчын будзе сёння аспрэчваць тую простую ісціну, што палова яго поспехаў залежыць ад яго жонкі? Будзе табе да нейкіх ідэй творчых ці жадання працаваць, калі няма міру і цеплыні ў доме? 

Усміхаюцца крышку сарамліва пра сваю мінулую маладосць мае суразмоўцы, а потым Марыя Ціханаўна кажа такія словы, ад якіх ручка ў маёй руцэ застывае:
– Дзякуй Богу, што дапамог Уладзіміру мяне адшукаць і за сябе ўзяць. Дай Божа, каб і дзеці нашы так жылі…
Такія словы жанчыны і жонкі можна заслужыць адным – адданасцю. Адданасцю ёй самой, сям’і, дзецям. Адданасцю самому жыццю.
І яшчэ адзін сказ напрыканцы: за ўвесь час размовы не прагучала ні разу незадаволенасці жыццём ці лёсам...
***
8 снежня ва Уладзіміра Мікалаевіча Хоміча – дзень нараджэння. Яму – 85 гадоў. Віншуем Вас, Уладзімір Мікалаевіч, віншуем Вас, Марыя Ціханаўна. Бо ж вы, бясспрэчна, адно цэлае.
Валерый ГАПЕЕЎ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий