Адна сям’я – чатыры ўрачы!

17 апреля 2015 - Дарья Вдовина
article1654.jpg

Сям’я Асіпенка амаль не звяртаецца да ўрачоў, часцей яны карыстаюцца “хатнімі” прыёмамі і рэцэптамі, адзін строга прытрымліваецца рэкамендацый другога, другі – трэцяга. Лечаць адзін аднаго ўжо шмат гадоў. І няма ў гэтым ніякай нетрадыцыйнай медыцыны. Сакрэт у тым, што ўсе ў гэтай сям’і – урачы. І, на шчасце ўсім пацыентам, працуе такая таленавітая дынастыя ў нашай райбальніцы.

 

Знаёмцеся – тата, і як сказалі жартуючы астатнія члены сям’і – іх галоўурач, Аляксей Аляксеевіч, маці Ларыса Рыгораўна, сын Дзмітрый Аляксеевіч і нявестка Алена Міхайлаўна, – усе Асіпенкі, і кожны – прафесіянал у сваёй справе. Амаль для ўсіх – Івацэвічы – другая радзіма, прафесіянальная, калі можна так сказаць. Аляксей Аляксеевіч, напрыклад, літовец, выхадзец з Віленскага раёна са сваёй будучай жонкай, жыхаркай невялікай вёскі Столінскага раёна, пазнаёміўся ў УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут”, пасля ўжо тут нарадзіўся першынец Дзмітрый. Пасля размеркавання бацькоў хлопчык трапіць у Івацэвічы і тут, за школьнай партай, разгледзіць яшчэ аднаго любімага і дарагога сэрцу будучага ўрача, аднакласніцу і прыгажуню Алену. Спачатку іх каханне вытрымае праверку часам і адлегласцю: яна атрымае прафесію ў Мінску, ён – ў Гродне, а потым маладыя спецыялісты папоўняць скарбонку таленавітых медыкаў у нашай райбальніцы.


Вось такая гісторыя, яе супадзеннем ніяк не апраўдаеш, хутчэй – лёсам. Падчас размовы сям’я прызналася, што пакідаць працу на працы ў іх ніяк не атрымліваецца, дома абмяркоўваюць цікавыя выпадкі і медыцынскія навіны, спрачаюцца, раяцца. Аб тым, як працуецца ў адной бальніцы чатыром урачам з агульным прозвішчам, суразмоўцы расказалі карэспандэнту “ІВ”. А таксама кожны з іх падзяліўся асабістым “рэцэптам” правільных адносін да прафесіі і сакрэтам добрай працы.


Аляксей Асіпенка, урач-рэнтгенолаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”:


“У медыцыне магчыма ўсё…нават цуд”.


Так, калі за медыцынскімі кнігамі ў бібліятэцы я разгледзеў сваю Ларысу, у мяне і думкі не было пра тое, што два ўрачы ў сям’і – гэта цяжка. Наадварот, гэта дапамагае нам разумець адзін аднаго пасля дзяжурства або проста пасля цяжкага працоўнага дня. Так, у 1988 годзе пасля інтэрнатуры ў Брэсце, ўжо маладой сям’ёй мы прыехалі ў гэтую бальніцу. З першага дня працы і на працягу наступных 18 гадоў усе свае веды і намаганні я аддаваў рэанімацыйнаму аддзяленню бальніцы. Тут, як разумееце, маладому анестэзіёлагу-рэаніматолагу часу на адаптацыю і разварушванне ніхто не даваў. Маладая жонка не бачыла мяне па 2-3 сутак, а малы сын пытаўся ў маці, калі прыедзе з далёкай камандзіроўкі тата (смяецца). Здзіўляюся, як пасля гэтага ён сам стаў урачом.


А калі гаварыць сур’ёзна, то самае цяжкае ў працы анестэзіёлага-рэаніматолага, гэта тэт-а-тэт з роднымі. Канешне, падараваць жыццё і надзею на шчаслівае будучае хоча любы ўрач любому хвораму. Але, на жаль, часам прыходзіцца выходзіць да родных і з іншымі навінамі…Стрымацца самому і падтрымаць добрым словам людзей, якія толькі страцілі блізкага чалавека – гэта тое, што адбірала ў мяне шмат сілы і здароўя. Толькі па гэтых прычынах дзесяць гадоў таму я абраў іншы накірунак працы – рэнтгеналогію. Але і тут старая загартоўка дае пра сябе ведаць, здаецца, ёсць у руках здымак – што яшчэ патрэбна рэнтгенолагу? А я не магу сабе дазволіць не падтрымаць чалавека, калі на здымку несуцяшальны прагноз. Ведаю, што далей ім будуць займацца мае калегі, але, можа, маё добрае слова яго падтрымае і дасць старт добраму зыходу. Я жыву і працую з адным сцвярджэннем: “У медыцыне магчыма ўсё, і нават цуд”. Адсюль і мой “рэцэпт” сапраўднага ўрача: ён у дабрыні чалавечай, у асаблівых адносінах да кожнага, хто звяртаецца да цябе з дапамогай. У мяне, наогул, няма пацыентаў, да мяне, найперш, прыходзяць людзі.


Ларыса Асіпенка, урач-афтальмолаг, загадчыца афтальмалагічнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”:


“Лячыла нявесту – вылечыла нявестку!”


Будучую нявестку Алену я ведала з дзяцінства – яны з сынам аднакласнікі, аднак больш цеснае знаёмства ў нас адбылося праз прафесію. У Алены была траўма вока, а каму як не мне дапамагчы будучай нявестцы? Хатні агляд хворага – назначэнне і праз пару дзён аб траўме пацыентка нават не ўспамінала. А для мяне няма нічога лепшага, чым шчаслівыя, а галоўнае здаровыя вочы людзей.


Цяжкі шлях ад мары да атрымання адукацыі і прафесіі мне прыйшлося прайсці, каб бачыць пасля гэтыя шчаслівыя вочы. Пасля дзевяці класаў з пахвальным лістом я магла пайсці ў любое вучылішча без ніякіх экзаменаў. Так я апынулася ў медвучылішчы, а пасля яго заканчэння некалькі гадоў працавала фельчарам ў пасялковым ФАПе роднага Столінскага раёна.


І толькі трэцяя спроба паступіць у УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут” аказалася ўдалай. Так, ў інстытут я прайшла ўжо дарослай дзяўчынай і з вопытам працы, таму нечаканасцей пасля на працоўным месцы ў мяне не было. Аднак, скажу шчыра, як і кожная матуля, сваім дзецям я жадала больш лёгкага жыцця і іншай прафесіі. Так, адзін сын у нас праграміст, а вось на другога – Дзмітрыя не паўплывалі ніякія размовы пра цяжкае жыццё медыкаў.


Хацела б для сына прафесіі, у якой бы памылкі выбачаліся, а права на іх, хоць маленькае, заставалася, але… Сёння ён – урач-траўматолаг, пазнаю нас з бацькам, калі бачу, як ён прагна чытае навуковую літаратуру, задае пытанні і як старанна працуе з карткамі пацыентаў дома. Упэўнена, ён на сваім месцы. А калі гаварыць пра ўласны “рэцэпт” добрай работы, то гэта перш за ўсё – любоў да людзей і прафесіяналізм урача. Так, я і сёння памятаю свайго пацыента, юнака з пранікальным раненнем у вока, у цяжкім становішчы яго адправілі ў Баранавічы. А праз колькі тыдняў ён прыйшоў падзякаваць мне за аказаную першую дапамогу і правільныя рэкамендацыі паводзін пры транспарціроўцы. І зараз у яго выдатны зрок!


Дзмітрый Асіпенка, урач-траўматолаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”:


“Ад скаргі да падзякі адзін крок, калі пацыенту трапляецца разумны ўрач!”.


І гэта сапраўды так, быў у мяне адзін такі выпадак у самым пачатку працоўнага шляху. Надта не хацеў “начны” пацыент чакаць, калі машына хуткай дапамогі прывязе дзяжурнага лабаранта рэнтген-кабінета, каб зрабіць яму здымак. Усе машыны былі занятыя, хворы злаваўся і патрабаваў кнігу скаргаў. Некалькі разоў я спрабаваў растлумачыць яму, што ад аператыўнасці брыгады хуткай дапамогі зараз можа залежыць жыццё іншых людзей і што лабарант прыбудзе, як толькі гэта будзе магчыма. Так і здарылася, здымак у хворага быў добры і пасля аказання неабходнай дапамогі ён адправіўся дамоў, аднак найперш пакінуў добры водгук у кнізе скаргаў і прапаноў. Прыемна, калі на твае старанне і дабрыню людзі адказваюць падзякай.


Аб тым, што так будзе не заўсёды мяне папярэджвалі бацькі, але і самі яны працягваюць з неверагоднай любоўю і адказнасцю ставіцца да абранай прафесіі. Дарэчы, для нас медыцына не заканчваецца тут, у пакоях бальніцы. Яна працягваецца дома, тут мы заўсёды дзелімся медыцынскімі навінамі, цікавымі выпадкамі захворванняў, раімся як лепей паступіць з тым або другім пацыентам. У гэтым сэнсе больш усіх дастаецца бацьку (смяецца)! Ён працуе са здымкам, а я са здымкам і чалавекам, вось тут нашы прафесійныя інтарэсы і сутыкаюцца. З ім часта раімся наконт канчатковага дыягназу, а бывае і спрачаемся. Калі ён пераканае мяне, а калі і я яго, як кажуць, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Усе спосабы добрыя, калі цана пытання – здароўе чалавека. А мой “рэцэпт” просты – і ён у бесперапыннай вучобе. Добры ўрач ніколі не заканчвае вучыцца, ён паспявае за медыцынай, якая так хутка рухаецца наперад.


Алена Асіпенка, урач дэрматавенеролаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”:


“Наша дачка ўжо выпісвае рэцэпты і гандлюе лекамі ў хатняй аптэцы”.


Не ведаю, як буду рэагаваць, калі гадоў праз 10-15 дачка скажа “хачу стаць урачом”. У свае чатыры Ірачка ведае, што лечыць тата і дзядуля, пералічвае назвы лекаў і наогул валодае некаторай медыцынскай тэрміналогіяй. Здзіўляцца няма чаго, яна ў гэтым расце. Сваім жаданнем лячыць людзей я таксама абавязаная старэйшай сястры, яна працавала медсястрой. Больш за ўсё я, падлетак, любіла пытацца ў яе, як і чым трэба лячыць людзей і з якімі праблемамі да медыкаў звярталіся людзі сёння. Трэба сказаць, мне надта пашчаслівіла ў неабходны час сустракаць неабходных людзей. Калі на выбар прафесіі паўплывала сястра, то абраць спецыялізацыю дапамаглі выкладчыкі, якія бачылі мае здольнасці да дэрматавенералогіі.


Удзел у навуковых канферэнцыях і паспяховая практыка па гэтай спецыяльнасці зрабілі сваё, і ўжо сем гадоў я дапамагаю людзям на сваім працоўным месцы. Сакрэтаў паспяховай працы ў маёй спецыялізацыі, самі разумееце, павінна быць многа. Гэта, канешне, і пастаянная адукацыя, тут я згодна з мужам, і асабісты падыход да кожнага пацыента. У мой кабінет яны наведваюцца часам па вельмі далікатных пытаннях. І тут цяжка бывае сабраць падрабязны анамнез, трэба, каб чалавек разумеў, што пра гэтыя самыя далікатныя рэчы я пытаюся не дзеля асабістай цікаўнасці. Мой намер адзіны – дапамагчы. Таму мой рэцэпт у псіхалогіі і ў асабістым падыходзе да кожнага чалавека. 


Чатыры ўрача – чатыры гісторыі і чатыры рэцэпты сапраўднага прафесіяналізму. Ёсць нешта агульнае ў іх, у адказе кожнага суразмоўцы сёння прагучала – веды і любоў да чалавека. Назавем гэта агульным рэцэптам і сакрэтам сям’і Асіпенка…


Наталля ГЕРБЕДЗЬ,  фота аўтара. 

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев