Аграсядзіба…сваімі рукамі

27 сентября 2017 - Administrator
article3442.jpg

 Па словах Вольгі Маслоўскай, гаспадыні маляўнічай аграсядзібы “Ціхі дворык”, што месціцца на ўскраіне Прыбарава, іх з мужам Вячаславам рашэнне 2-3 гады таму ўзвесці аграсядзібу было нават крыху спантанным рашэннем. Справа ў тым, што вытворчыя плошчы цэха па вырабу жалезабетонных вырабаў – а сям’я Маслоўскіх вядомая ў Быцені і далёка за яе межамі як стваральнікі і гаспадары ПВГУП “АрмаБетон” – знаходзяцца на ўскраіне вёскі Прыбарава. Невялікі і безгаспадарны домік туліўся каля “фірмы”. У нейкі момант сям’я прыняла рашэнне купіць яго, а пасля і давесці да толку.

Да гэтай вясковай хаткі, на аснове якой пасля будзе дабудавана шыкоўная аграсядзіба мужа і жонкі Маслоўскіх (на здымку), прыкіпелі абое, але найперш Вячаслаў Мікалаевіч. Так, прыбудаваны новыя пакоі, зроблены якасны і сучасны рамонт унутры памяшкання. Вячаслаў, які, як вядома, майстар на ўсе рукі і ведае толк у рабоце з дрэвам і металам, пабудаваў арыгінальныя ложкі, а таксама альтанкі, арэлі, сталы… Можна сказаць, выстаўка для тых, хто хоча пазнаёміцца з народнымі промысламі. Далей – болей. Абсталявана сучасная лазня, з’явіліся спальныя пакоі, санвузел і душавыя, даведзена да ладу кухня з усімі патрэбнымі і сучаснымі атрыбутамі, тут ёсць і тэлевізар, і канапы, музыкальны цэнтр. Сапраўдным гаспадаром выглядае більярд.

Напрыканцы работ запрасілі ў аграсядзібу ўсіх сваіх родзічаў – тыя проста ахнулі. Цяпер здзіўляюцца госці і новыя наведвальнікі аграсядзібы. Як не парадавацца за гаспадароў, за аддаленую вёску, якую многія лічаць неперспектыўнай. 
Што далей? Якія планы ў Вольгі і Вячаслава? Дом – поўная чаша. А наваколле?

– Як бачыце, мы абладзілі тэрыторыю, дэкарыравалі калодзеж, размясцілі іншыя атрыбуты адпачынку, але, канешне, яшчэ шмат што плануем зрабіць менавіта на тэрыторыі – азеляніць яе больш, размясціць ляжакі, узвесці будынак для карпаратыўнага адпачынку на вуліцы. Але, канешне, галоўная стаўка на актыўны адпачынак. А гэта значыць, што будзе зроблена ўсё для веласіпедных прагулак, з’явяцца спартыўныя пляцоўкі і спартыўны інвентар, магчыма з’явіцца і азярцо, якое зарыбім, хаця фактар Шчары, што працякае побач, таксама прыцягне ўвагу адпачываючага… А які багаты на грыбы лес навокал!..

Вольга і Вячаслаў звярнулі ўвагу і на тое, якая пранізлівая цішыня ў гэтым “мядзведзіным куточку”. Не паверыце, нават у нашай Быцені, хаця гэта таксама сельскі населены пункт, такой цішыні няма, кажуць гаспадары аграсядзібы. 
Многія з нас маглі б больш увагі надзяліць родным вёскам і мястэчкам, дзе нарадзіліся. У гэтым сэнсе намаганні мужа і жонкі Маслоўскіх могуць паслужыць прыкладам для іншых паспяховых жыхароў раёна.
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий