Быценскі майстар

29 ноября 2013 - Administrator
article748.jpg

 Леаніда Васільевіча Анішчыка добра ведаюць жыхары Быцені, як кажуць у народзе, як майстра на ўсе рукі. І калі мы, прыехаўшы ў вёску, спыталіся, дзе жыве гэты чалавек, нам адразу патлумачылі, як праехаць да дома. Пад’язджаем. Дом, а дакладней сказаць, два дамы, размешчаны на ўскрайку вёскі. На падворку аднаго з іх нас з ветлівай усмешкай сустракае гаспадар – Леанід Васільевіч. Паказвае свае “ўладанні”. Чысціня і дагледжанасць на двары: усё тут на сваім месцы, а каля платоў і хаты яшчэ радуюць вока познія кветкі.


Раней у адным доме жыў брат Леаніда Васільевіча з сям’ёй, але час ідзе няўмольна, і пасля смерці гаспадароў дом застаўся пустым. 
Нас запрашаюць у хату. Увесь унутраны інтэр’ер зроблены рукамі Леаніда Васільевіча: драўляныя ложкі (з дрэва, а не з пліты ДСП!) з вытачанымі ножкамі, разьбой, стол і зэдлікі, аздобленае дрэвам трумо. У адносінах апошняга хочацца дадаць, што люстэрка з усіх бакоў аброблена ўзорыстымі драўлянымі скрыначкамі з палічкамі, а на самым версе яго – у рамачцы з такім жа абрамленнем сямейная ікона. Сапраўдны шэдэўр.
А колькі розных вазачак, шкатулак!
– Вось гэтыя зэдлікі – з ясеню, праслужаць сто гадоў, – гаворыць Леанід Анішчык. – Для кожнага вырабу патрэбна свая драўніна, да таго ж на працягу некалькіх гадоў высушаная.

Леанід Васільевіч расказаў, што на выраб і аздабленне трумо пайшло дзве з паловай тысячы кавалачкаў розных парод драўніны: чырвонага дрэва, карэльскай бярозы, ясеня, чорнага моранага дуба і іншых. Кавалачкі патрэбна абрэзаць, каб атрымаць жаданы ўзор, потым склеіць, пашліфаваць, пакрыць лакам. Тут не прымяняюцца ніякія фарбы, кожная парода драўніны мае свой колер і адценне, таму выраб можа захоўвацца дзясяткі год, не выгараючы і не змяняючы колер. На маё пытанне, колькі часу пайшло на выраб такой прыгажосці, майстар адказаў, што шмат.

– Рабіць такія рэчы патрэбна з добрым настроем, тады і работа ладзіцца, і атрымліваецца ўсё ўдала, – разважае Леанід Васільевіч.
Ягоныя і дзед, і бацька, і дзядзькі спрадвеку жылі са сваёй працы. І Леанід, тут нара-
дзіўшыся, закончыўшы сямігодку пасля вайны, адслужыўшы тры гады ў арміі, у 1953 годзе вярнуўся ў родныя мясціны. У той час у Быцені працаваў буйны райпрамкамбінат, у склад якога ўваходзілі млыны, пяць цагляных заводаў, шкляны і шыферны, лесапілкі. І вось яго адразу назначылі загадчыкам вытворчасці.
– Цяжкавата прыходзілася, – успамінае Леанід Васільевіч. – Да таго ж электрычнасці не было, выкарыстоўвалі лакамабіль на вадзяной пары.
Пазней працаваў галоўным механікам прадпрыемства. Адсюль пайшоў на заслужаны адпачынак. 
У 1954 годзе сустрэў будучую жонку Соф’ю Сямёнаўну – медыцынскую сястру мясцовай бальніцы. Разам выгадавалі траіх дзяцей, цяпер ужо маюць унукаў і праўнукаў. Трымалі вялікую гаспадарку. У Анішчыка два трактары з неабходнымі прыстасаваннямі для апрацоўкі зямлі, таму працавалі і на сваю гаспадарку, і людзям дапамагалі.
– З людзьмі я заўсёды жыў у згодзе, стараўся дапамагчы, калі прасілі, – расказвае  Леанід Васільевіч.

З бацькамі ў Быцені ніхто з дзяцей не застаўся. Цяпер сын прыязджае вясной, летам і восенню і працуе на тэхніцы. Наведваюць і ўнукі. Кожнаму з іх Леанід Васільевіч падараваў ці зроблены сваімі рукамі драўляны ложак, ці круглы разны стол – сямейны сімвал.
І зараз, у свае 83 гады, Леанід Васільевіч не можа сядзець на месцы.
– Для мяне святы вельмі доўга цягнуцца, – расказвае субяседнік. – Без работы я не знаходжу сабе месца і не ўяўляю жыцця – чалавек увесь час павінен чымсьці займацца, асабліва любімай справай, тады і хварэць не будзе калі.

Гаспадар паказаў нам сваю сталярную майстэрню – чаго толькі тут няма: і дрэваапрацоўчыя станкі, і незлічоная колькасць розных інструментаў. 
Асобна на надворку стаіць драўляная лазня, а побач – вялікая сажалка, дзе ёсць карпы, таўсталобікі і іншая рыба. У садзе з дзясятак вулляў з пчоламі. А яшчэ гонар Леаніда Васільевіча – невялікая вэнджалка, якая засталася яшчэ ад бацькі. І зараз тут вэн-
дзіліся каўбасы і куры. Гаспадар пачаставаў нас вэнджаным карпам – і водар, і смак цудоўныя!
Прыемна было пазнаёміцца і пагутарыць з такім чалавекам, сапраўдным гаспадаром на зямлі. Едучы з Быцені, разважалі з вадзіцелем: чалавек у такім узросце і стараецца нешта зрабіць, не можа сядзець... І шкада становіцца некаторых маладых і здаровых людзей, якія не могуць знайсці сабе прымянення...
Аляксандр ШЫЛА, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий