Дарогі яе лёсу

23 октября 2015 - Administrator
article2022.jpg

 Людміла Міхайлаўна Болтачка, галоўны інжынер ДЭУ-23 РУП “Брэстаўтадор”, у прамым сэнсе слова не ўяўляе свайго жыцця без дарог. Жанчына-прафесіянал, сярод узнагарод у якой нагрудны знак “Ганаровы дарожнік Беларусі" 2 ступені. Пасля заканчэння БНТУ у далёкім 1984 годзе адразу апынулася ў самай гушчы дарожнага будаўніцтва, памочнікам майстра. Але дзяўчына, на дзіва, аказалася стойкай да жыццёвых цяжкасцяў і турбот, не панікавала, не скардзілася. Не пужала яе работа ў гумовых ботах поруч з рабочымі. Яна пазнавала сутнасць атрыманай прафесіі інжынера аўтамабільных дарог з усіх бакоў, і гэта ёй прыносіла асалоду. Два гады яна паступала на гэты факультэт, і мара, якая ажыццявілася, надавала жадання рухацца наперад, спасцігаць усе тонкасці справы.


Майстар, інжынер, эканаміст, начальнік планава-вытворчага аддзела… і апошнія сем гадоў працы ў ДЭУ-23 Людміла Міхайлаўна на самай што ні на ёсць мужчынскай пасадзе галоўнага інжынера. Але галоўны інжынер застаецца абаяльнай жанчынай, і дзякуючы высокаму прафесіяналізму, яе паважаюць мужчыны, прымаюць яе строгасць, настойлівасць і патрабавальнасць. Бо ўсе яе патрабаванні па справе.
– Мне заўсёды падабалася глядзець у даль дарог. І я люблю такія фотаздымкі, дзе дарога ўпіраецца ў гарызонт, за якім абавязкова чакаюць чалавека новыя далі, новыя мары… – паказала Людміла Міхайлаўна зроблены ёю самой фотаздымак “алімпійкі” з маставой развязкі, дзе сапраўды толькі неба і дарога, якая кліча ў далечыню. – Здаецца, учора было тое 1 жніўня, калі маладым спецыялістам ступіла на парог ДЭУ, а праляцела, калі было, больш за 30 гадоў… Усе – у гэтых сценах…

Людміла Міхайлаўна памятае, як пасля заканчэння інстытута жалілася маці, што перад ёю столькі перспектыў застацца ў Мінску, развівацца, а мужа размеркавалі ў нейкія Івацэвічы, што яна не хоча ехаць далёка ад братоў, бацькоў... Але маці тады сказала: “Куды іголка, дачушка, туды і нітка. Такая наша жаночая доля”. Бацькоў Людміла паважала, іх меркаванне было закон, таму сваё “я” засталося на другім плане, і паехала дзяўчына па размеркаванні за мужам Іванам у Івацэвічы, адкуль ён, дарэчы, быў родам.

Прывязанасць да бацькоўскай сям’і Людмілы Міхайлаўны мне зразумела. Яна таксама са шматдзетнай дружнай сям’і. Вядома, Людміле хацелася жыць і працаваць побач з бацькоўскім домам, які месціўся ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Усім шасцярым дзецям, з якіх пяцёра хлопцаў, бацькі далі вышэйшую адукацыю. Бывала, у хаце было па трое студэнтаў. Сядзелі, было і такое, на нішчымнай бульбе з малаком. Але раслі – “адзін – за ўсіх і ўсе – за аднаго”. І ўсе браты Людмілы Міхайлаўны абралі будучыя прафесіі ў самых розных галінах: хто ў спорт падаўся, хто ў навуку, хто ў сельскую гаспадарку. Усе дасягнулі пэўных вяршынь. І ніяк не чакалі старэйшыя браты, што іх адзіная малодшая сястра абярэ мужчынскую прафесію. Спрабавалі адгаварыць, але ўсе ўгаворы дзейнічалі з дакладнасцю да наадварот і надавалі яшчэ большай упартасці дзяўчыне.

Сёння Людміла Міхайлаўна ўспамінае добрую сямейную традыцыю – адзін раз у год збірацца абавязкова ў бацькоўскай хаце ўсім складам. Яшчэ пры жыцці бацькоў гэты дзень сустрэчы прымяркоўваўся да водпуску аднаго з братоў, які пасля заканчэння інстытута замежных моў працаваў за мяжой. А як бацькоў не стала, а яны, на жаль, рана пайшлі з жыцця, традыцыя збірацца адзін раз у год на радзіме засталася – на Радаўніцу. Дзеляцца тады ўсе навінамі, успамінамі… Да гэтай цудоўнай бацькоўскай традыцыі далучыліся цяпер дзеці і ўнукі. 
Сем’і братоў і Людмілы Міхайлаўны разрасліся. У яе – двое сыноў, абодва жывуць у Мінску. Старэйшы Павел атрымаў адукацыю, ажаніўся, а цяпер атрымлівае другую адукацыю і працуе. Унуку Даніілу чатыры гады. А малодшы сын Антон яшчэ не жанаты, ён скончыў БНТУ, магістратуру і вучыцца ў аспірантуры БДУ. Займаецца, як кажа маці, яе любімай эканомікай.

– Калі Антон паступіў вучыцца, мы з ім гадзінамі дыскутавалі на тэмы эканомікі, а цяпер мне з ім складаней быць нараўне, ён развіваецца, ідзе далей, – прызнаецца Людміла Міхайлаўна.
– Дома Вас акружае зноў-такі чыста мужчынская кампанія, – падкрэсліваю.
– Так і ёсць. Цяпер нашу кампанію разбавіла нявестка. Але яна ацаніла свайго мужа. Ён і ўсе ў сям’і могуць і прыгатаваць, і памыць посуд, і ў хаце прыбраць, і памыць бялізну. Не горш за жанчыну. Як і ў нашай бацькоўскай сям’і  – “адзін – за ўсіх і ўсе – за аднаго”, так і ў маёй.
Узаемавыручцы, быць адной камандай і працаваць на рэзультат вучыць Людміла Міхайлаўна і інжынераў і рабочых у сваім калектыве. Можна, напрыклад, механікам цягнуць, як кажуць, коўдру на сябе, патрабаваць фінансы на запчасткі ці новую тэхніку, можна дарожнікам, не шкадуючы матэрыялаў, працаваць, можна і эканамістам размеркаваць заробленае ўсім пароўну, абы галава не балела, але тады якога чакаць рэзультату? Людміла Міхайлаўна не перастае на планёрках пра гэта напамінаць, і яе намаганні прыносяць плён. Колькі давялося папрацаваць, каб пасля рэарганізацыі ДЭУ-2, зрабіць з двух арганізацый адну з баявой камандай, суцэльнай, здольнай выконваць двайныя задачы! Да 300 кіламетраў абслугоўваемых дарог далучылася “алімпійка” і трэба было вывучыць за кароткі тэрмін усе яе слабыя месцы. Каб ведаць самой, што можна патрабаваць ад сваіх работнікаў.

Увогуле, ля галоўнага інжынера ДЭУ-23 Людмілы Болтачка многаму можна навучыцца. Яна ў сваю чаргу дзякуе за атрыманы вопыт былому свайму начальніку планава-вытворчага аддзела Аляксандру Канстанцінавічу Колтуну, а цяпер сама маладым спецыялістам “мама”. Калектыў за апошнія гады значна амаладзіўся. І іх, маладых, вучыць Людміла Міхайлаўна працаваць адной камандай, адной вялікай сям’ёй. Маладых Людміла Міхайлаўна падтрымлівае, калі што не атрымліваецца, раіць: “Калі ты хочаш быць добрым спецыялістам, то павінен пытацца. Калі ты пытаеш, то ты будзеш ведаць, пазнаваць сваю прафесію глыбей”. І маладыя пытаюць, раяцца і растуць у прафесійна, вучацца ўзаемазамяняць адзін аднаго, працягваць руку дапамогі.

– І ўсё ж цікава, як успрыняў мужчынскі калектыў, што ім будзе камандаваць жанчына?
– Выпрабоўвалі. Але я ніколі не падпішу ніякай паперы, калі не буду разумець, аб чым ідзе гаворка. Раілася з братамі. Яны падказвалі крыніцы інфармацыі і я вывучала. Зразумелі ў калектыве мае мужчыны, што мяне на лыку не правядзеш. Сталі паважаць. Хаця я вельмі строгая. Двойчы не люблю паўтараць. Цаню і сама чэснасць і стараннасць у людзях. З гэтага разуменне дысцыпліна і само паняцце калектыву.
Ведаюць у ДЭУ, што галоўны інжынер не любіць бруднай лексікі. І паважаюць работнікі гэтую рысу, “фільтруюць” пры ёй сваю гаворку, нават калі сітуацыя напружаная. І галоўны інжынер у любой сітуацыі застаецца жанчынай. Наогул, калі гаварыць пра настрой, то Людміла Міхайлаўна раіць усім дрэнны настрой пакідаць дома, а на рабоце – працаваць з аддачай. І дадому не варта несці дрэнную энергетыку, а мір і спакой. Тады ўсюды будзе лад. І калі прыняць гэтую ісціну, то і няцяжка перастроіць сябе на дабро. А добрае прыцягвае да сябе таксама добрае…

– Каго б з работнікаў хацелі адзначыць напярэдадні прафесійнага свята?
– Усіх бачу, бо “матаюся” па дарогах. Усе дастойныя павагі. Бо ўсе мы робім адну справу дзеля бяспекі і камфорту на дарогах. Пра кожнага са 110 работнікаў магу гаварыць гадзінамі. І на кожнага са 110 я магу пакласціся. Вядома, адзін можа зрабіць адну і тую ж работу за пяць хвілін, другі за паўгадзіны, але абодва стараюцца. І гэта галоўнае. Аднаго іншы раз трэба пажурыць, а другога пахваліць… А напярэдадні свята ўсім хачу падзякаваць за працу. Кожны ўносіць пэўную частку працы дзеля дабрабыту ўсяго калектыву. Дзякую ўсім за адданасць, за адзінства і ўзаемавыручку.

Кіламетры дарог… Будаваліся, цяпер абслугоўваюцца. Але куды б ні ехала Людміла Міхайлаўна, тут па раёне, на радзіму, за мяжу – усюды ацэньвае якасць дарог, параўноўвае, адзначае лепшае, каб абавязкова дацягнуцца да ўбачанага са сваім калектывам. Было: дарогі – гэта жыццё, цяпер дарогі – якасць жыцця.
Валянціна БОБРЫК. Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий