Два медалі «За адвагу» ў салдата...

31 января 2014 - Administrator
article848.jpg

Гэта быў у тыя часы Вялікай Айчыннай вайны сапраўдны салдацкі медаль. Той, які атрымлівалі за дзеянні на полі бою. Яго нельга было атрымаць у тыле,  у запасным палку. Толькі за асабістую мужнасць і адвагу падчас баявых дзеянняў узнагароджвалі салдата гэтым медалём... Ва Уладзіміра Пятровіча Ефімовіча, які днямі адзначыў сваё 90-годдзе, два такія медалі, акрамя іншых узнагарод.


Акупацыя, Нямеччына, родная кроў...
Сям'я, у якой рос Уладзімір Пятровіч Ефімовіч, па тым часе не была надта вялікай – пяцёра дзяцей. Чатыры браты і сястра. Простая вясковая сям'я жыла ў вёсцы Гліннай, абраблялі сваю зямлю, з таго і жылі. Перажылі «польшчу», прыйшлі саветы, здавалася, ёсць наперадзе добрае святло. Ды грымнула вайна. Хуткасць, з якой нямецкія акупанты прасоўваліся па краіне ў першыя дні вайны, не дазволіла тут правесці мабілізацыю. Перад чорнай навалай фашыстаў большасць здаровых і дужых жыхароў Гліннай пайшла хавацца ў лясы...
Час ішоў, першы страх стаў праходзіць – і мусілі вяртацца ў свае хаты, бо зямля ж, а толькі яна і здольная тады была пракарміць, чакала сялянскіх рук.

Мінуў год больш-менш спакойна, а потым здарылася бяда: трапіў малады Уладзімір пад аблаву і быў адпраўлены ў Нямеччыну. 
Беларускіх маладых мужчын і хлопцаў прымусілі працаваць на нямецкім заводзе, які, як выявілася, вырабляў запчасткі для нямецкіх самалётаў. Цяжка было... Бохан хлеба на чацвярых – гэта на ўвесь дзень. Яшчэ 5 грамаў маргарыну на чалавека. У абед – баланда. Тым і жылі. Хварэлі часта, найбольш на жывот. Немцы баяліся якіх заразных хвароб, ізалявалі захварэўшых, каб хвароба не перакінулася на астатніх. Шпіталь быў цераз дарогу ад завода. Патрапіў туды і Уладзімір. А там памочнікам урача – жанчына з Украіны. Пазнаёміліся, абрадаваліся – амаль суседзі, славяне, родная кроў. Калі надышоў час ісці праходзіць камісію, каб вяртацца на завод, паклікала ўкраінка Ула-
дзіміра ў бакавушку. Дала нечага выпіць грамульку і запаленую папяросу працягнула – зацягніся! Той і не курыў, але паслухаўся. І праз хвіліну асеў на ногі – ледзь ісці мог. Свядомасць губляецца, слабы зусім... Глянула на яго камісія і вырашыла: адправіць назад у Беларусь, такі рабочы тут не трэба, а лячыць такіх – адно страты для нямецкай эканомікі. Так Уладзіміра і яшчэ некалькі аслабелых перад камісіяй ад напою ўкраінкі адправілі дадому...
Ён вярнуўся перад вызваленнем раёна.

Фронт: «А страху не было»
Спецыяльна запытаўся пра страх, бо не аднойчы чуў пра адсутнасць яго ў салдат.
­– Не было страху, ­– кажа і Уладзімір Пятровіч. – Так, хіба ў першыя дні ці хвіліны. Куды што дзяваецца, як бой пачнецца...
Іх, былых партызан, мабілізаваных вяскоўцаў сабралі напачатку ў Баранавічах, а адтуль пешкі – ажно ў Польшчу, пад Кракаў. Там прайшлі кароткія курсы абыходжання са зброяй ды вывучэння устаўной службы, атрымалі абмун-
дзіраванне, зброю – і наперад, на Віслу.
Там, на Вісле, Уладзімір Ефімовіч атрымаў пранікаючае раненне ў галёнку. Але косць не закранула.
Месяц прабыў у шпіталі, зажыла рана. Выправіўся на перадавую, ды адразу не да сваіх патрапіў. Знайшоў яго старшына роты, вярнуў да сваіх. Тут жа і свае, вяскоўцы былі. З імі ўсё спакайней...
Рота знаходзілася ў трэцяй лініі абароны, калі можна так сказаць, на адпачынку. Але які адпачынак – вучыліся страляць трапна. Выбіралі камандзіры, куды каторага байца: каму кулямёт «Максім», а каму – не простую, а снайперскую вінтоўку. Уладзімір паказаў такія вынікі пры стральбе, што снайперку ён атрымаў адразу. І з ёй ужо не разлучаўся.

Одэр: штурм
Гэта была адна з самых складаных аперацый для савецкіх войскаў. Шырозная рака, умацаваны супрацьлеглы бераг. Амаль уся паверхня ракі тапырылася бочкамі, што стаялі на якарах – у бочках знаходзілася ўзрыўчатка, каб нельга было наступаючым пакласці пантонныя пераправы. 
Днём гэтыя бочкі абстрэль-
валі снайперы – толькі так можна было расчышчаць водную паверхню. Але ў тым яшчэ была нямецкая хітрасць, што сярод бочак з узрыўчаткай былі і пустыя. 

– Стрэльнеш – не ўзрываецца, толькі пляскае, ­– успамінае Уладзімір Пятровіч. – Хто яго ведае: не патрапіў у зарад ці пустая бочка. То я пайшоў да камандзіра, кажу: дайце, паспрабую з супрацьтанкавага ружжа. Камандзір пытае: а ты раней страляў з такога? Дык паспрабую. Пайшлі да пэтээршчыкаў, далі мне ружжо, паказалі, як цэліцца, як страляць. Выбраў пазіцыю, прымерыўся... Стрэліў – і так ірванула, самога ледзь вадой не заліло.
Калі днём шлях быў расчышчаны, ноччу пачалася атака. Спачатку бераг «апрацавалі» кацюшы, потым паклалі сапёры пантоны – і наперад.
Захапілі першую траншэю, трапіў у палон нямецкі афіцэр. Дапыталі яго, даведаліся што-кольвечы. І ўзвод асобна атрымаў задачу – рухацца наперад. Выйшлі наперад, занялі абарону, акапаліся. Снайперка Уладзіміра Пятровіча была замест самага добрага бінокля – уважліва аглядаў наваколле.

У траншэі знайшлі многа нямецкіх фаус-патронаў. Страляць з іх нашы салдаты ўжо навучыліся.
Нямецкі танк і групу пяхоты першы заўважыў Ула-
дзімір Ефімовіч. Далажыў камандзіру. Падрыхтавалі фаус-патроны, сталі чакаць. Бліжэй, бліжэй... Камандзір узвода, малады лейтэнант, нярвуецца: страляй, а салдат чакае: няхай бліжэй, яшчэ бліжэй...
Сам Уладзімір і скамандаваў сабе і яшчэ двум салдатам з фаус-патронамі: «Агонь!»
Танк запалаў. Пяхоту пасеклі з кулямёта.
– Ты ці не разгубіўся? – па-свойму зразумеў затрымку са стрэлам лейтэнант пасля.
– Я, калі губляюся, то назад бягу, – адказаў Уладзімір. – Трэба было бліжэй падпусціць, каб дакладна...
Наступіў зацішак... Уладзімір аглядаўся па баках праз снайперку. Пабачыў – дзевяць гітлераўцаў паўзуць у маскіровачных халатах. Папярэдзіў сваіх. Але ж на баку ворага быў рэльеф: неглыбокая канава наперадзе добра хавала іх. Падпусціў бліжэй, кінуў гранату, тут сусед прайшоўся чэргамі кулямёта... 

Узняўся паглядзець праз снайперку – як там і што, і тут на бруствер скочыў немец і секануў чаргой.
Куля трапіла ў грудзі.

Шпіталь і пасля яго
Праз некалькі хвілін пачалася атака, сцякаючага крывёю салдата падабралі санітары. У палявым шпіталі ўрач ахнуў: куля прайшла побач з сэрцам, нават адсунула сэрца ўбок.
З палявога шпіталя Уладзімір Ефімовіч трапіў у шпіталь у Познані.
І там даведаўся – Перамога!
Пасля быў шпіталь на Радзіме, у Разані.

Паправіўся, загаілася рана. Але не дэмабілізавалі – даслужваў. У Маскве напачатку будавалі дамы, пасля адправілі вялікую колькасць салдат, у тым ліку маладога прызыву, у Мажайск. І там адчулі нашы беларусы несправядлівасць: з новага прызыву былі ў асноўным малдаване ды прыбалты. І  вось яны чамусьці былі назначаны хто на кухню, хто на склады, а салдат, што ваявалі, раненых раней, накіравалі на работу ў лес... Цяжкая работа. І аднойчы не вытрымалі франтавікі: адмовіліся выходзіць на работу. Цяжкае было тое рашэнне. Гэта ж армія. Але тры дні не выходзілі. Вялікае начальства прыехала...
­– Мяне выклікалі, я кажу: двойчы я паранены, адваяваў, а цяпер мной будзе камандаваць зялёны малдаванін? Армія арміяй, але ж і справядлівасць павінна быць!
І франтавікоў зразумелі і ўважылі – яны былі замацаваны за работамі, якія не патрабавалі такіх цяжкіх фізічных нагрузак. Сам Уладзімір Пятровіч даслужваў на пераправе.
У 1946 годзе яго дэмабілізавалі.

Пасля вайны
Вяртацца было радасна і горка: загінуў на фронце старэйшы брат, бясхлебіца, няма дзе прыткнуцца, бо хата адна, у ёй меншаму брату жыць, іншым – свой вугал будаваць. Прадалі карову, купілі невялікую хатку для Уладзіміра і яго жонкі – ажаніўся з дзяўчынай Ганнай з Азарыч.
Цяжка было? Тое не пераказаць. Даводзілася і ў заробкі ў Расію ездзіць, на будоўлях працаваць – там ужо плацілі тады грашыма, а іх як многа трэба было – чатыры дачкі нарадзіла Уладзіміру Пятровічу яго жонка. Што ж, як кажуць: гадуй дочкі – хадзі без сарочкі…
Без сарочкі хадзіць не збіраўся, працаваў шчыра. Даглядчыкам на ферме… Неяк прыехаў кіраўнік раёна, зазірнуў на ферму, пабачыў, што там адзін Уладзімір і вошкаецца ля сваёй жывёлы. І парадак у яго тут, чыста, сена хапае. Распытаў, дзе жыве такі адказны работнік, пабачыў халупіну і распарадзіўся выдаць Уладзіміру 40 кубоў лесу на новы дом. Пабудаваліся…
Працаваў Уладзімір Пятровіч у лясніцтве, ПМК… 

На вялікі жаль, падкасіла хвароба жонку – у свае 50 гадоў яна памерла. Вось з дочкамі і гаспадарыў усе гады пасля. Да самага апошняга часу сам абкошваў двор і сад, гадаваў бычкоў. Адно на гэты год не дазволіла здароўе, давялося адмовіцца ад справы…
Выраслі, разляцеліся па Беларусі яго дочкі-птушкі, а адна, Любоў, засталася ў роднай Гліннай. Нараджалі яму дочкі шасцярых унукаў, ёсць і восем праўнукаў.
Віншуем ветэрана з яго 90-годдзем. Яшчэ доўгіх гадоў Вам, Уладзімір Пятровіч Ефімовіч!
Валерый ГАПЕЕЎ,  фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий