Лепшы сярод роўных

15 ноября 2013 - Administrator
article713.jpg

 …Восеньскае поле СВК “Любішчыцы” сустрэла пахам нядаўна перааранай глебы. Палова велізарнага ўчастка зябліва каля Чамялоў ужо ўзнята: два магутныя энерганасычаныя трактары “МТЗ 2522” рухаюцца ў нашым накірунку, бліскучымі плугамі лёгка ўздымаючы глебу. За рулём першага з іх знаходзіцца механізатар СВК “Любішчыцы” Васіль Асіпік, якога напярэдадні прэм‘ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у Мінску ўзнагародзіў медалём “За працоўныя заслугі”.

Гэтай дзяржаўнай узнагароды перадавы механізатар удастоены згодна з Указам Прэзідэнта краіны.

Васіль адкрывае дзверкі кабіны трактара, спакойна спускаецца да нас, усміхаецца. І адразу прызнаецца карэспандэнтам, што не лічыць сваю ўзнагароду чымсьці асаблівым. Ніякіх подзвігаў – толькі належныя адносіны да справы, да даручэнняў кіраўніцтва гаспадаркі. Больш за тое, Васіль Асіпік, які, дарэчы, ужо працуе ў гаспадарцы каля 30 гадоў, лічыць, што ў  сельгаскааператыве “Любішчыцы” хапае талковых механізатараў; ён сам хіба што… лепшы сярод роўных яму. 

І не болей за тое!


– Ніякіх сакрэтаў: я проста люблю сваю работу і тэхніку. Яшчэ да заканчэння Любішчыцкай СШ ведаў: буду працаваць у калгасе трактарыстам. У мяне і бацька быў у ліку лепшых механізатараў у калгасе “Любішчыцы”; я ўзяў прыклад з яго… Узгадваю свой першы трактар “МТЗ-80”. Цудоўная, скажу вам, тэхніка ў плане якасці выпускалася тады. Набыў вопыт і адпаведныя навыкі… Гэты “МТЗ-80” “чакаў” мяне і з арміі... Пасля была новая тэхніка, якая зараз паступае ў гаспадарку, – сучасная, камфартабельная. Але не магу сказаць, што яна такая ж якасная…


Што ў першую чаргу вылучае Васіля Асіпіка як механізатара? Гэта любоў і павага да тэхнікі, надзвычай добрае яе веданне і граматнае абслугоўванне. Свой “МТЗ-2522” ён шануе як жывую істоту. Гэта для некага трактар – “жалеза”. Тыя трактары, на якіх працуе непасрэдна Асіпік, вылучаюцца з лепшага боку ў плане дагледжанасці. Як заўважыў старшыня сельгаскааператыва Міхаіл Радэня, пасля таго, як ён узначаліў СВК “Любішчыцы” і стаў вывучаць стан аўтатрактарнай тэхнікі, то найбольш яго ўразіў стан “МТЗ-1221”, на якім працаваў на той момант Асіпік. Трактару было шэсць гадоў, але ён выглядаў так, звяртае ўвагу Міхаіл Васільевіч, нібыта яго набылі толькі ўчора – настолькі акуратна і беражліва ажыццяўляў уход за сваім “жалезным канём” гэты механізатар.


– У плане абыходжання з тэхнікай Васіль Асіпік – унікальны чалавек, – характарызуе свайго падначаленага Міхаіл Радэня. – Вы паглядзіце, як у яго дагледжаны кожны вузел і агрэгат. Не ў кожным легкавіку так прыбрана і чыста, як у кабіне яго энерганасычанага трактара. Ён любіць і песціць тэхніку, нібы ўласнае дзіця! Я, калі прыйшоў у гаспадарку, не паверыў сваім вачам… Што тут хаваць: звычайна людзі вельмі раўніва ставяцца да сваёй уласнай тэхнікі, а пра тое, каб маёмасць гаспадаркі служыла доўга, думаюць нямногія. У гэтым плане Асіпік вылучаецца з самага лепшага боку. І гэта не знешняя беражлівасць, за якой нічога не стаіць: Васіль – тэхнічна падкаваны чалавек…

Таму калі перад кіраўніцтвам гаспадаркі каля шасці гадоў назад паўстала пытанне – каму даручыць новы сучасны энерганасычаны трактар МТЗ-2522, якіх у раёне было толькі некалькі адзінак, то Міхаіл Радэня нядоўга вагаўся – Васілю Асіпіку. Прайшло шэсць гадоў – і зараз той трактар выглядае як новенькі.


…Нядаўна ў гаспадарцы здарылася ЧП – “паляцеў” сілавы вал “МТЗ-2522”. Вельмі засмуціўся старшыня сельгаскааператыва Міхаіл Радэня, калі даведаўся, у якую суму яму выльецца рамонт у спецыялізаванай установе. Каля 50 мільёнаў рублёў! Дорага! Але тут да кіраўніка звярнуўся Васіль Асіпік: дазвольце я пагляджу, ці можна ўласнымі сіламі “вылечыць” трактар?

– Гэта трэба было бачыць: Васіль настолькі адказна паставіўся да сваёй задачы, што было відавочна – толк будзе, – расказвае старшыня сельгаскааператыва. – Ён разбіраў вузел, здымаў кожную маленькую запчастку, правяраў, падпісваў, каб пасля не было блытаніны, адкладваў і браўся за наступную. Сапраўдны “хірург”!.. Прайшло некалькі дзён – і вось Асіпік мне гаворыць: трактар з дапамогай загадчыка майстэрні Мікалая Брызгунова адрамантаваны. А ён жа чалавек толькі з “пэтэвэшнай” адукацыяй! Унікальны работнік! Такіх у мяне, колькі я працую старшынёй, не было...


Зразумела, што кіраўніцтва СВК падтрымлівае Васіля і матэрыяльна, і маральна. У бягучым годзе за поспехі на ўборцы зерневых ён быў узнагароджаны грашовай прэміяй упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама ў памеры 4 мільёнаў рублёў. Увогуле, не пералічыць усіх узнагарод, што атрымаў Асіпік. Не бывае ў гаспадарцы мерапрыемстваў, каб Васіль не быў сярод запрошаных і не быў узнагароджаны.


Як пісаў вышэй, Васіль пайшоў па слядах бацькі, таксама стаў механізатарам. А як дзеці Васіля і яго жонкі Зінаіды Паўлаўны? Сын выбраў іншы шлях – будзе будаўніком (вучыцца ў інжынерна-будаўнічым універсітэце ў Брэсце), дачка заканчвае ліцэй г. Івацэвічы. Але Васіль моцна не смуткуе, што сын не выбраў сельскую гаспадарку – не загадаеш. Дзеці могуць аказаць карысць роднай Беларусі і ў іншых сферах дзейнасці.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).  

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий