На ўшаноўванні працоўных дынастый раёна

2 мая 2014 - Administrator
article1023.jpg

 Кульмінацыяй святкавання Першамая, якое ў гэтым годзе прайшло пад эгідай 110-годдзя прафсаюзнага руху на Беларусі, стала ўшаноўванне працоўных дынастый раёна, яно адбылося на плошчы каля будынка райвыканкама.


На імправізаваную сцэну ўздымаецца сям’я Пунько з вёскі Вулька-Аброўская – Ганна Уладзіміраўна, якая 27 гадоў адпрацавала ў КУСП “Перамога”, а таксама трое яе дзяцей – Іна, Алена, Дзмітрый, агульны стаж усіх чатырох у гаспадарцы – каля 90 гадоў. Дадайце, што ў гэтай гаспадарцы таксама працуюць два зяці Ганны Пунько, нявестка, унук і ўнучка, а таксама муж унучкі, які нядаўна прыйшоў працаваць у КУСП “Перамога”. Слаўную дынастыю чакалі цёплыя словы віншаванняў ад Ірыны Краўчук, старшыні каардынацыйнага савета галіновых прафсаюзаў, грашовы сертыфікат на 1 000 000 рублёў і дружныя апладысменты прысутных.

Агульны працоўны сямейны стаж дынастыі Пытлякоў-Шмялёвых з Івацэвічаў складае 221 год. Неверагодная лічба! Болей за 50 гадоў назад на ААТ “Івацэвічдрэў” прыйшлі працаваць дзве сястры – Наталля Шмялева і Марыя Пытляк. На гэтае прадпрыемства потым працаўладкаваліся іх сыны, дочкі і ўнукі. Усе яны вылучаюцца працавітасцю, надзейнасцю, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Так, Наталля Пытляк у 80-я гады мінулага стагоддзя была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Віншаванне гэтай дынастыі, члены якой узняліся на сцэну, правяла старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Івацэвічдрэў” Таццяна Кот; яна ўручыла грашовы сертыфікат у памеры 1 800 000 рублёў.

Для сям’і Дашэвічаў прафесія настаўнік – самая дастойная. У аснове дынастыі – ветэран працы М. К. Дашэвіч, ураджэнка вёскі Прыбарава, працоўны педагагічны стаж якой складае 37 гадоў. Двума  дзіцячымі садкамі ў Івацэвічах Марыя Канстанцінаўна кіравала 32 гады, яна неаднаразова была адзначана граматамі раённага аддзела адукацыі, абласнога ўпраўлення, Міністэрства адукацыі. Справу мамы працягнуў сын, дачка, нявестка, унукі. У трох пакаленнях дынастыі – сем чалавек, іх агульны працоўны стаж – 119 гадоў. Віншаваў, уручыў грашовы сертыфікат членам слаўнай дынастыі Васіль Разумейчык, старшыня райкама прафсаюза адукацыі і навукі...

Да слоў віншавання далучаецца і рэдакцыя “ІВ”. Паважаныя жыхары раёна! Калі вам знаёмыя такія ж прыклады адданасці прафесіі, якая пранесена праз пакаленні і дзесяцігоддзі, то паведаміце, калі ласка, аб гэтым у рэдакцыю. Такія людзі дастойныя таго, каб пра іх ведала шырокая грамадскасць!

Для гэтых працоўных дынастый, а таксама для ўсіх прысутных гучалі песні, выконваліся іншыя музычныя і танцавальныя нумары, падрыхтаваныя работнікамі ўстаноў культуры нашага раёна. Варта адзначыць паказальныя выступленні спартсменаў прафсаюзнай установы ДЮСШ “Новыя Стайкі”: усе прысутныя, асабліва моладзь, з хваляваннем сачыла за выступленнямі юных дзюдаістаў, імёны якіх на слыху ў многіх з нас, бо яны былі неаднаразовымі пераможцамі спаборніцтваў самага рознага рангу. 
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).        
Комментарии (0)
Добавить комментарий