Наш тутэйшы Чапай

15 января 2016 - Administrator
article2185.jpg

 Так і сёння, па-добраму, называюць калегу па службе, былога капітана міліцыі Сяргея Іванавіча Канановіча. Заўтра, 16 студзеня, яму споўніцца 80 гадоў. Шчыра віншуем! І прапануем нашым чытачам аповед аб асобных старонках жыцця і працы нашага земляка.


Слова пра вусы
Нельга не звярнуць увагу на ягоныя вусы, пышныя, з падкруткай. Як і ў славутага Будзённага.
– Я пачаў адрошчваць вусы, калі пайшоў на пенсію, – кажа Сяргей Іванавіч. – А чаму, і сам не ведаю, от нешта стукнула ў галаву.
– А іх форму недзе падглядзелі? 
– Яшчэ кіно пра Чапаева помню і, канешне, яго вусы. А ў Будзённага яны наогул запамінальныя. Не хацелася мне, каб вусы толькі пад носам тырчэлі. Вядома, у старасці яны ўжо сівыя, як і ўся галава…
Калі мелі намер сфатаграфаваць ветэрана, ён сказаў:
– Пачакайце трошкі, трэба вусы расчасаць…
У гэты момант міжвольна прыпомніліся радкі з народнай песні, маўляў, пайду за маладога, што не мае вуса, ён мне кіўне-моргне, а я засмяюся. Можа, з-за гэтага любая Аляксандра, жонка Сяргея Іванавіча, у маладосці пакахала свайго абранніка. А цяперашнія вусы мужа не змянілі іх адносін. Яны ўжо разам 57 гадоў. І гэтым, па-мойму, усё сказана.

Хутар на яве і ў снах
Кажуць, што галава сівее не толькі ад старасці, але і ад перажытага. Гэта цалкам тычыцца Сяргея Іванавіча Канановіча. Ён з малога спазнаў усе перэпетыі жыцця. Хутар ва ўрочышчы “Пабіты”, што ў двух з паловай кіламетра ад Горталя. Бацькі пабудаваліся пры польскай ула-
дзе. Зямелька тут была неўрадлівая, нішчымная, патрабавала працы і ўгнаенняў. Уся сям’я – бацькі, бабуля і сямёра дзяцей – былі заняты на ўласнай гаспадарцы. Трымалі кароў, валоў, свіней, птушку. Так і гадаваліся. Сяргей быў чацвёртым па ліку дзіцём у сям’і. Ён помніць вайну, як немцы і лясныя бандыты забіралі жывёлу, адзенне, прадукты, апошняе зерне. У той 1944 год, калі ўжо вызвалілі раён ад захопнікаў, вельмі ўрадзіла жыта. Радаваліся, будзем з хлебам. А тут бацьку забралі на фронт. Як выжыць без гаспадара? Усё ж, відаць, ёсць Бог на свеце. Праз два тыдні бацька вярнуўся дадому, жывы і здаровы. Радасці не было канца. Аказваецца, старэйшага Канановіча накіравалі ў мясцовы лясгас для нарыхтоўкі лесу. У верасні таго ж года Сяргей пайшоў у першы клас. Пачатковую школу скончыў у Горталі, а далей вучыўся ў вёсцы Краі, за чатыры кіламетры ад хутара. Не забываецца, як хадзіў праз лес у любое надвор’е, як жахаўся ад выцця ваўкоў і мільгацення іх вачэй-светлячкоў. Пасля сямі класаў Сяргея, як самага пісьменнага, узялі бухгалтарам у мясцовы калгас. Перад арміяй яшчэ вучыўся ў ФЗА на будаўніка, працаваў на будоўлі, затым – учотчыкам у трактарнай брыгадзе МТС.

Службу ў арміі праходзіў на Украіне ў Вінніцкай вобласці. Там і набыў спецыяльнасць шафёра. Вярнуўся на бацькоўскі хутар, які часта бачыў у сне на салдацкай службе. Да таго ж ён, старшы сяржант, прыехаў на радзіму не адзін. Напрыканцы армей-
скай службы ён ажаніўся. Яго каханая Аляксандра, Шура, прыгажуня з Бярдзічава, ніколькі не сумнявалася ў добрых намерах Сяргея і душой адчула, што гэта яе палавінка. І не памылілася. Іх, маладой пары, ужо сямейнае жыццё толькі пачыналася на беларускім Палессі.

Выбар на ўсё жыццё
На татавай шыі сядзець сорамна, трэба ўладкавацца на працу. Гэта добра разумеў былы салдат. Пайшоў у Целяханскі лясгас, дзе патрэбен быў шафёр на легкавік. Сказалі, што яшчэ малады, ім патрэбны больш вопытны. Звяртаўся яшчэ ў некалькі месцаў, але і там адмовілі. Развязка наступіла зусім нечакана. Пры пастаноўцы на ўлік у райкаме камсамола ў Лагішыне (тады быў Лагішынскі раён) спыталі ў Канановіча, дзе мяркуе працаваць, і прапанавалі яму камсамольскае накіраванне на службу ў міліцыю. Па праўдзе сказаць, была і заманлівая прапанова, і насцярожаныя адносіны да яе. У тыя 60-я гады ніхто з жыхароў Горталя і блізкіх хутароў не служыў у міліцыі. Адны баяліся, другія проста не раілі наогул звязвацца з міліцыяй і прыводзілі прыклады, калі выхадцы з іншых вёсак, якія сталі міліцыянерамі, гінулі ад куль мясцовых бандытаў. Пра гэта Канановіч ведаў яшчэ з малых гадоў, калі пасля вайны на іх хутар неаднойчы забягалі тыя бандыты, каб чымсьці пажывіцца.

Тым не менш, прапанову ў райкаме камсамола прыняў і сам сабе сказаў: “Паспрабую”. І ўжо ў жніўні 1959 года Сяргей Канановіч апрануў міліцэйскую форму. А праз некалькі дзён, у тым жа месяцы, ён стаў бацькам. У іх сям’і нарадзіўся першынец – дачка Валя. Таму і асабліва запамінальным стаў жнівень 1959 года.

– Пачынаў я сваю службу простым міліцыянерам, у званні старшы сяржант, – успамінае Сяргей Іванавіч. – далі мне невялікую кватэру ў Лагішыне. Тут са сваёй Аляксандрай і пасяліліся.
За два гады працы ў Лагішыне Канановіч часу дарэмна не губляў. Вучыўся ў вячэрняй школе. Яму так і сказалі: хочаш расці – вучыся.
Аднойчы капітан Глазуноў, начальнік Лагішынскага райаддзела міліцыі, запрасіў да сябе Сяргея Іванавіча.
– Ведаю, ты на добрым уліку ў нашым калектыве, – пачаў размову начальнік. – Хутка бу-
дзеш мець сярэднюю адукацыю, і хватка міліцэйская ў цябе ёсць. Многія заўважылі. А як ты ставішся да таго, калі мы прызначым цябе ўчастковым?
Канановіч не проста слухаў, а думаў: “Калі назначаюць мяне, значыць, вераць, што спраўлюся. У такім разе адмаўляцца бу-
дзе няправільным”.
– Калі давяраеце, згодзен, – коратка адказаў тады Сяргей Іванавіч.

Неўзабаве Канановічу прысвоілі званне малодшы лейтэнант і накіравалі ўчастковым Гортальскага і Выганашчанскага сельсаветаў. Гэта ягоная радзіма. Пераехалі ў Горталь да бацькоў. Яны перабраліся ўжо сюды з хутара, пабудаваўшы сваю хату па вуліцы Лясной.
– Працуючы ўчастковым, – зазначыў Сяргей Іванавіч, – я даведаўся многа, бо гэта служба стала для мяне сапраўднай школай. На два сельсаветы я быў адзіны ўчастковы. Трэба было працаваць з людзьмі па самых розных надзённых пытаннях. Былі тады злодзеі, рабаўнікі, забойцы, махляры, п’яніцы, скандалісты, парушальнікі грамадскага парадку… З гэтай жыццёвай нечысцю і змагаўся Сяргей усе свае 29 гадоў службы ў міліцыі на розных пасадах – участковым, у дзяржаўтаінспекцыі, у крымінальным вышуку, у спецкамендатуры… Як адзначалі калегі па службе, вучні Канановіча, і тыя, хто ведаў свайго земляка, ён, Сяргей Іванавіч, быў, як і легендарны Чапаеў, смелым, рашучым, разважлівым, ніколі не ведаў страху і быў заўсёды якраз там, дзе патрэбна была дапамога і неадкладныя канкрэтныя дзеянні.
У свае 80 ветэран міліцыі мае добрую памяць і светлы разум, а ягоных успамінаў хапіла б не на адну кніжку.

Забойства ў Выганашчах
Такое паведамленне не на жарт устрывожыла Сяргея Іванавіча. Патэлефанаваўшы дзяжурнаму райаддзела міліцыі аб здарэнні, Канановіч на спадарожным транспарце накіраваўся ў вёску. У Агінскім канале ля берага пад кучай галля ляжаў мярцвяк. Хто гэта, жанчына ці мужчына! Адразу нельга было сказаць. Аднак ніхто не сумняваўся, што там чалавек. А з прыездам міліцыі, калі труп выцягнулі з вады, стала вядома, што гэта пажылая жанчына, выганашчанка, жыла адна ў хаце паблізу канала.

Хто ж па-садысцку паздзекаваўся і па-зверску забіў жанчыну і “пахаваў” яе ў Агінскім канале? Адказ шукалі спярша ў самой вёсцы. Перабралі ўсіх, хто меў схільнасць да розных правапарушэнняў, і ў першую чаргу тых, хто раней быў асуджаны. Даведаліся, што вёску наведаў выганшчанец, двойчы асуджаны, па прозвішчы Касьян, які на той час адбываў тэрмін пакарання ў калоніі пасялення ў Пінскім раёне. Шукалі яго ў бліжэйшых населеных пунктах і адразу ўдача – у вёсцы Вулька-Целяханская ўчастковы Ланец затрымаў падазронага Касьяна. Пакінутыя ім крывавыя сляды на месцы здарэння не далі магчымасці апраўдацца. А матыў забойства быў просты: жанчына пазнала мясцовага насельніка, і ён рашыў пазбавіцца ад сведкі.

“Пагулялі”
Іх было двое – маладых мужыкоў. Першы жыў і працаваў у Карагандзе і прыехаў у водпуск дамоў у вёску Гутка. У Краях сустрэў свайго сябра, аднавяскоўца, і рашылі адзначыць сустрэчу. Выпівалі ля магазіна. Скончылі сваё “застолле”, калі сцямнела. У Гутку дабіраліся на матацыкле. Ехалі цераз лясок. На нейкай калдобіне матацыкл трасянула і сядок ззаду ўпаў на зямлю, а матацыкл паехаў далей. Кіроўца не заўважыў падзення свайго пасажыра-госця. Апынуўшыся ў наезджанай каляіне, п’яны заснуў. А тым часам па гэтай дарозе праехаў трактар “Беларус” з Крайскага лясніцтва, да таго ж без электрасвятла, і, зразумела, трактарыст не ўбачыў ляжачага на дарозе чалавека.

Знайшлі і матацыкліста, сябра загінуўшага, і трактарыста, што кіраваў няспраўным трактарам. Трактарыста судзілі, а матацыкліст, што згубіў пасажыра на дарозе, аказаўся як быццам ні пры чым. А насамрэч, калі разабрацца, ён найпершы віноўнік смерці свайго аднавяскоўца.
– Я не раз казаў выпівохам, папярэджваў іх, што бяздумныя п’янкі да дабра іх не прывядуць. 

Чарговая п’янка закончылася трагедыяй, – падсумаваў вынікі свайго аповяду Сяргей Іванавіч Канановіч.

Злодзеі не спалі ў шапку
І пры тым ні днём, ні ноччу. У гэтым упэўніўся Сяргей Іванавіч за гады службы ў міліцыі. Сёння цяжка падлічыць, колькі дзясяткаў разоў яму даво-
дзілася ўдзельнічаць у пошуках і затрыманні злодзеяў, рознага, як кажуць, калібру па намерах і ўчынках. 
Як стала вядома, у Любішчыцах дзяўчына ўкрала пашпарт у мясцовай настаўніцы і з’ехала з вёскі. Па гэтай справе Сяргей Іванавіч быў у камандзіроўцы на Каўказе ў горадзе Сухумі. Там з мясцовымі аператыўнікамі і знайшлі зладзейку.

Добра помніцца Сяргею Іванавічу і легенда пра ўкрадзенага каня. Гэта было на самай справе. У саўгасе “Івацэвіцкі” прапаў племянны жарабец. Сказалі, што гэта справа рук цыганоў. Даводзілася ездзіць у цыганскія табары і шукаць прапажу. Паездкі нічога не далі, як быццам бы ў ваду ўсе канцы схавалі. А праз некаторы час высветлілася, што і сапраўды тыя канцы знаходзіліся ў вадзе. Саўгасныя работнікі самі зарэзалі таго жарабца, мяса скарысталі на каўбасы, а трыбухі вывалілі ў канаву. Вось яны і выплылі з той вады, на паверхню. І цыганы аказаліся тут ні пры чым...

А напаследак да сказанага хачу дадаць наступнае. Знаходзячыся на службе ў міліцыі, Сяргей Іванавіч Канановіч не пакінуў сваёй малой радзімы. Пабудаваў свой дом у Горталі паблізу бацькавага. Разам са сваёй Аляксандрай Іосіфаўнай выгадавалі дзвюх дачок, вывучылі іх, вывелі ў людзі. Сёння ў Канановічаў-бацькоў чатыры ўнукі і пяць праўнукаў. Сяргей Іванавіч пайшоў на заслужаны адпачынак у званні капітана міліцыі. Ён мае значок “Выдатнік міліцыі”, медалі “За бездакорную службу” (усіх трох ступеняў), “Ветэран працы”, “50 гадоў савецкай міліцыі”, больш за 30 розных грамат.

Але не адной працай жыве чалавек. У кожнага свае захапленні. Іх нямала і ў Канановіча. З самай маладосці і дагэтуль займаецца пчалярствам, а яшчэ ён заядлы паляўнічы. Цікавіцца гісторыяй роднага краю, прыродай, самабытнай культурай і побытам вяскоўцаў.
Так, Сяргей Іванавіч па крупінках збіраў звесткі пра народныя святы у Горталі і акрузе і напісаў падрабязны сцэнарый Калядаў у вёсцы. Па ім і адбылося свята Калядаў у Горталі. Усё гэта дзейства знялі на відэаплёнку. Атрымалася жывое кіно, удзельнікамі якога сталі вяскоўцы. Шмат папрацавала тут і Аляксандра Іосіфаўна, дырэктар мясцовага СДК, жонка Сяргея Іванавіча. Як вынік, засталася памяць, цікавая і змястоўная, якая вабіць, вучыць і захапляе. Гэта адзін з прыкладаў сямейнага “падраду” Канановічаў. У народзе кажуць: хто шукае, той і знаходзіць. А знойдзеш штосьці адно, па словах Канановіча, хочацца шукаць і другое, трэцяе…. І так з дня ў дзень, з году ў год і ўсё жыццё ў пастаянным, няўрымслівым пошуку сэнсу і праўды, нязведанага і непазнанага. Так і ён, наш тутэйшы Чапай, Сяргей Іванавіч Канановіч. Просты і сціплы. І па-ранейшаму малады душой і сэрцам.
Святаслаў КАЖАДУБ.
 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий