Не лічыў зорак на пагонах

11 ноября 2016 - Administrator
article2785.jpg

 У верасні 1983 года ў Івацэвіцкім райаддзеле міліцыі была створана экспертна-крыміналістычная служба. Першым старшым экспертам-крыміналістам стаў Аляксандр Іванавіч Крамянка, жыхар г. Івацэвічы. Амаль 21 год ён узначальваў гэтую новую міліцэйскую службу. 

Цяга да ведаў
У народзе кажуць: век жыві – век вучыся. Аляксандр Крамянка, як сябе помніць, усё вучыўся. Спярша гаварыць, потым хадзіць, а калі надышла пара – паслалі ў школу. Дабіраўся туды ў Магілёўцы цераз масток праз мясцовую рэчку, што працякала паміж вёскамі Асошнікі і Магілёўцы. Асошнікі – роднае паселішча Аляксандра. У бацькавай сям’і было двое дзяцей  – два сыны. Маці працавала медсястрой у бальніцы ў Магілёўцах, бацька – там жа машыністам мясцовай электрастанцыі. Сашы было 8 гадкоў, калі не стала бацькі. Пасля сканчэння васьмі класаў сям’я пераехала ў Івацэвічы, на радзіму другога мужа Сашынай маці. Працягваў вучобу ў СШ №1 г. Івацэвічы, скончыў яе з залатым медалём. Цяга да вучобы, да новых ведаў не аслабела. Маючы схільнасць да дакладных навук, Аляксандр паступіў у Мін-
скі палітэхнічны інстытут на факультэт прамысловай энергетыкі. Вучоба давалася лёгка. Як вынік – дыплом спецыяліста па электрыфікацыі і электраабсталяванні прамысловых установак.
 
Крок у жыццё
Яшчэ ў дзяцінстве Аляксандр марыў трапіць у вялікі горад і там застацца працаваць. І вось праз гады мара збылася. Ён, ужо дыпламаваны спецыяліст, у Мінску і займаецца тым, чаму навучыўся. Тэорыя ў спалучэнні з практыкай стала асновай паспяховай работы. Крамянка прыжыўся ў новым калектыве. На жаль, надоўга затрымацца ў вялікім горадзе не было суджана. Прычына простая, ужо сямейная – нявеста з Івацэвіцкага раёна. Згулялі вяселле. Сталі жыхарамі Івацэвічаў. Уладкаваўся Аляксандр на працу, праўда, не па сваёй спецыяльнасці, але блізкай – энергетыкам на льнозаво-
дзе. Тут праявіліся прафесійныя і арганізатарскія здольнасці Аляксандра Крамянкі. Заўважылі яго ў райкаме партыі. Неўзабаве 25-гадовы Крамянка – другі сакратар Івацэвіцкага райкама камсамола. Два гады карпатлівай работы з моладдзю і сёння ўспамінае Аляксандр Іванавіч.
 
Смелы выбар
У тыя гады стварыліся новыя службы ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў. У Івацэвіцкім райаддзеле міліцыі –  экспертна-крыміналістычная. Спецыялістаў на гэтую службу не было, і вырашылі знайсці сваю кандыдатуру, а іменна маладога чалавека з тэхнічнай адукацыяй, які да таго ж меў бы навыкі ў фотасправе. Такім чалавекам аказаўся Аляксандр Крамянка.
Аляксандр зрабіў смелы выбар. Як сам прызнаўся, ён адчуваў, што справіцца з новай працай. Фотасправу, дарэчы, ён ведаў выдатна, з дзяцінства захапляўся ёю. Нават у Артэк, куды яго, школьніка, накіравалі на адпачынак, браў з сабой фотаапарат, каб зняць на плёнку крымскія краявіды і сваіх новых сяброў па славутым лагеры.
 
Не сакрэт, кожнай новай справе трэба вучыцца. Спярша Крамянка пабываў у Брэсце. Абласныя крыміналісты пазнаёмілі  яго з асновай крыміналістычнай навукі. Больш дэталёвае яе вывучэнне было на трохмесячных курсах у Валгаградзе ў Вышэйшай следчай школе на факультэце крыміналістыкі. Аляксандр Крамянка тады атрымаў допуск на вядзенне экспертыз халоднай зброі, дактыласкапіі (адбіткі ад чалавечых пальцаў) і трасалогіі (вывучэнне пакінутых на чым-небудзь слядоў). У званні старшага лейтэнанта міліцыі Аляксандр Крамянка прыступіў да новай службы на пасадзе старшага эксперта-крыміналіста Івацэвіцкага райаддзела ўнутраных спраў. У той першы год міліцэйскай службы Аляксандр Іванавіч пазнаёміўся з цікавым чалавекам. Ім быў Мікалай Іванавіч Парубаў, доктар юрыдычных навук, загадчык кафедры крыміналістыкі БДУ. Ён прыязджаў у Івацэвічы як кансультант і ў многім дапамог Крамянку ў авалоданні крыміналістычнай навукай. Дарэчы, цікава было паслухаць сталічнага госця, які вучыўся на юрыдычным факультэце разам з Міхаілам Гарбачовым.
 
Дапамог здымак
Неяк раніцай у міліцыю паведамілі, што на лясной дарозе знойдзены труп мужчыны. Выехалі следчыя, пачалі разбірацца. Дапрасілі многіх і выйшлі на матацыкліста, які позна вечарам ехаў праз лес. Ён апазнаў свайго сабутыльніка. Сапраўды, вечарам ля магазіна ў вёсцы Краі “замачвалі” сустрэчу, потым удваіх на матацыкле паехалі дамоў.
– А дзе ж падзеўся напарнік? – спыталі ў матацыкліста.
– Не ведаю, мо зваліўся з матацыкла там, у лесе. Не помню…
Словам, падазрэнне ўпала на матацыкліста. Калі ж медыкі абследавалі труп мужчыны, то ўстанавілі, што ў яго патрушчаны косці. Пры падзенні з матацыкла такога не магло быць. Значыць, у смерці мужчыны вінаваты яшчэ нехта іншы. А хто? Са здымкам з месца здарэння следчыя прыйшлі да Крамянкі.
Крамянка пачаў уважліва разглядаць кожную рысачку на здымку, спярша няўзброеным вокам, потым праз павелічальнае шкло і во! – удача. Ля трупа на зямлі застаўся ледзь прыкметны след ад пратэктара кола нейкай машыны. І выказаў сваё меркаванне – такой машынай можа быць трактар, колавы. Знайшлі таго “Беларуса” і яго вадзіцеля з мясцовага лясніцтва, які ноччу ехаў па той жа лясной дарозе на няспраўным трактары без святла. 
 
Па зрэзе на дрэве
У лесе за Бабровічамі нехта забіў ласіху і забраў мяса. Аб гэтым паведамілі ў міліцыю. Аператыўнікі пачалі пошукі. Частку мяса знайшлі ў аднаго з мясцовых жыхароў. “Не забіваў я ласіху, – сказаў той,– а на мяса патрапіў у лесе”. Акрамя мяса, ніякіх слядоў ні на падворку вяскоўца, ні ў памяшканні. На дапамогу паклікалі эксперта-крыміналіста. Аляксандр Крамянка пабываў на месцы, дзе забілі ласіху. Уважліва агледзеў яго, зрабіў здымкі, але ніякіх слядоў браканьера не прыкмеціў. Ужо адыходзячы, заў-
важыў некалькі нядаўна зрэзаных бярозавых галінак. Тыя часткі, дзе быў зрэз, захапіў з сабой. Заехалі да падазраваемага і ўзялі ў яго некалькі нажоў для даследавання ў лабараторыю. Перш-наперш разабраўся з тымі зрэзамі. Аказалася, што яны зроблены адным і тым жа нажом. Такі быў у ліку прывезеных. Усе сляды-адбіткі супалі. Падазраваемы ўжо аднеквацца не змог.
 
Пальцы – пальчыкі
Колькі іх трапіла ў поле зроку Аляксандра Іванавіча, сёння цяжка  падлічыць. Такая дробязь, на думку не прафесіянала, дапамагала ў раскрыцці самых розных злачынстваў. І абвесці вакол пальца Крамянку-крыміналіста ніколі так і не ўдалося. Вось што азначае прафесіяналізм у сваёй справе. 
У вёсцы Размеркі ў начны час яшчэ малады мужчына ўлез праз акно ў хату адзінокай бабулі і згвалціў яе. Выразныя адбіткі пальцаў на шкле акна зняў Крамянка. Засталося знайсці гвалтаўніка. Аляксандр Глушэня, начальнік крымінальнага вышуку, са сваімі аперамі аб’ездзіў усю акругу, а знайшоў падазронага аж у Слуцку, адкуль ужо ў кайданках яго прывёз. Адпячаткі пальцаў затрыманага супалі з тымі, што былі на аконным шкле хаты той бабулі.
 
Падобны выпадак са згвалтаваннем адбыўся ў вёсцы Даманава. Не адразу Аляксандр Глушэня знайшоў злачынцу. Некалькі маладых людзей прывозіў да Крамянкі, каб “зверыць” пальчыкі. Усё не тое. Нават такі вопытны аператыўнік, як Глушэня, засумняваўся ў правільнасці ўзятых адпячаткаў на месцы здарэння. Аднак Крамянка не адступаў. А калі нарэшце “пальчыкі” супалі, Аляксандр Глушэня падзякаваў эксперту-крыміналісту за прафесіяналізм у ягонай справе. І доўгія гады яны, абодва Аляксандры Іванавічы, працавалі поплеч і заўсёды знаходзілі агульную мову і ўзаемаразуменне.
 
Па працы і гонар
Існуе народнае выслоўе: апетыт прыходзіць у час яды. А вось добрыя і выдатныя рэзультаты з’яўляюцца вынікам настойлівай і карпатлівай працы. Гэтым заваёўваецца павага і аўтарытэт найперш у міліцэйскім калектыве. Не выпадкова Аляксандра Іванавіча, як спецыяліста, выклікалі на расследаванне злачынстваў у Бярозу, Драгічын, Іванава, Баранавічы… У Крамянкі быў ненарміраваны рабочы дзень, таму ў любы час сутак яго выклікалі на расследаванне розных здарэнняў і злачынстваў. А ў 1991 го-
дзе быў камандзіраваны яшчэ з двума прадстаўнікамі Беларусі ў Баку, дзе адбыліся сумнавядомыя Сумгаіцкія падзеі, так званыя армянскія пагромы. Пры расследаванні іх Аляксандр Крамянка нават пабываў у кватэры вядомага шахматыста Гары Каспарава. Гэтая паездка дала многае ў экспертна-крыміналістычнай справе і ў плане пазнання чалавечых адносін.
У сваім калектыве Аляксандр Крамянка быў прызнаным лідарам, важаком міліцэйскай моладзі. Доўгія гады ўзначальваў камсамольскую арганізацыю аддзела, якая лічылася ў ліку лепшых у вобласці. Па ініцыятыве Крамянкі быў устаноўлены прыз імя Уладзіміра Мяліка, былога маладога ўчастковага, які загінуў пры выкананні служэбных абавязкаў. Гэты прыз штогод уручаўся лепшаму камсамольцу райаддзела міліцыі.
 
Сям’я – гэта святое
Так лічыць Аляксандр Іванавіч Крамянка. Усе ягоныя клопаты – аб сям’і, дзецях, доме, аб дамашняй гаспадарцы.
– Мой муж, Аляксандр Іванавіч, – гаворыць Таіса Пятроўна, жонка, –  добры, душэўны, клапатлівы, энергічны. Ён заў-
сёды заняты нейкай карыснай справай. Я, шчыра кажучы, захапляюся ім ва ўсім. Дзякую Богу, што лёс падарыў мне такога чалавека…
Сапраўды, прыемныя, шчырыя словы і высокая ацэнка Аляксандра Іванавіча як чалавека і гаспадара сям’і. Выгадавалі двое дзяцей – дачку Вікторыю і сына Ігара. Вывучылі іх. Вікторыя стала медыкам, скончыўшы медыцынскі інстытут, Ігар – акадэмію міністэрства ўнутраных спраў. Дарэчы, і брат Крамянкі таксама выйшаў у людзі. Ён – дыпламат.
– У тым, што нашы дзеці знайшлі свой шлях у жыцці, вялікая заслуга маёй любай жонкі Таісы Пятроўны, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Яна, можна сказаць, душа і мозг сям’і. Маці з вялікай літары. Я ганаруся ёй. Ва ўсіх маіх справах яна добры дарадчык і памочнік. У сям’і ў нас, так сказаць, раўнапраўе. Праўда, Таіса Пятроўна больш ініцыятыўная…
 
Захапленні лечаць душу
Нагадаю яшчэ адно народнае выслоўе: калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. Я маю на ўвазе Аляксандра Іванавіча Крамянку. І не дзеля пахвалы, хаця і яна дарэчы. Давайце напомнім: школу закончыў з залатым медалём, інстытут, праца ў розных калектывах і, нарэшце, служба ў міліцыі. За ўсе гады міліцэйскай службы ніводнага спагнання, адны падзякі, граматы, прэміі… А была праца не дзеля зорак на пагонах, а дзеля агульнай справы – барацьбы са злачыннасцю. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, Крамянка падрыхтаваў сабе змену – Дзяніса Радзюка.
Нягледзячы на занятасць  па сваёй службе, Аляксандр Іванавіч знаходзіў час, каб аддацца любімай справе. Адно з захапленняў – фатаграфаванне. У калекцыі Крамянкі фотаапараты і старыя, і навейшыя.
Трохі пазней, калі пасталеў, зацікавіўся пчоламі. Дзед Іван быў адмысловым пчаляром, таму Крамянка рашыў паспрабаваць сябе ў пчалярстве. І, трэба зазначыць, у яго ўсё атрымалася, дзякуючы ўласным старанням. Зараз у Аляксандра Іванавіча свая пасека ў вёсцы на дачным участку. Ён даглядае пчол, майструе вуллі і не абы-якія, а па сваёй канструкцыі, якімі ўжо зацікавіліся беларускія пчаляры. А сам Крамянка з’яўляецца членам пчалярскай арганізацыі Беларусі.
 
І яшчэ. Пры сустрэчы Аляксандр Іванавіч узяў у рукі баян і паліліся прыемныя мелодыі, што запомніліся яшчэ з дзяцінства. Бацька, Іван Іванавіч, быў першым гарманістам у акрузе. Чаму ж не навучыцца бацькаваму гранню?
Крамянка вядзе здаровы лад жыцця. Да таго ж, ён Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь. Відаць, 
нямногія ведаюць, што Аляксандр Іванавіч вялікі аматар купання. У асяроддзі такіх аматараў і пайшло жартаўлівае крэда: хто не купаўся ў Волзе, той не купаўся нідзе. Што тычыцца Крамянкі, то ён папраўдзе купаўся ў водах Волгі, а яшчэ ў Дняпры і Доне, у Енісеі і Іртышы, у Обі і Катуні, у Пячоры і Урале, у Белай і Кеці (Комі)… А ў дзяцінстве, як ні дзіўна, вучыўся плаваць у Чорным моры.
Насамрэч, па словах Крамянкі, захапленні лечаць чалавечую душу. А калі на душы спакойна, то ўсё ладзіцца ў жыцці і спіцца соладка. Хай і далей у сям’і Таісы Пятроўны і Аляксандра Іванавіча Крамянкаў пануе лад, паразуменне, цёплыя прыязныя адносіны. Хай будуць у іх спакойныя ночы і светлыя дні. Заўсёды.
 
Святаслаў Кажадуб. 
Фота з сямейнага альбома.
Комментарии (0)
Добавить комментарий