Новае жыццё для кніг

24 ноября 2014 - Administrator
article1353.jpg

 У Станіслава Мікалаевіча Сіраты, які жыве ў в. Вулька-Целяханская,  шмат захапленняў. Сярод іх ёсць адно забытае, але даволі цікавае і карыснае хобі – рабіць новыя пераплёты для кніг і часопісаў. Цікава глядзець, як растрэпленая кніга ў мяккім пераплёце набывае сур’ёзны і аснавальны выгляд. 


На пытанне, хто навучыў Станіслава Мікалаевіча дарыць кнігам новае жыццё, ён усміхнуўся і прынёс з другога пакоя дзве тоненькія кніжачкі: адна з серыі “Бібліятэчка піянера-актывіста” Р. Цімаева “Жыві, кніга”, а другая аўтара М. Мазок так і называлася – “Пераплесці кнігу можа кожны”. Па гэтых кнігах, у якіх у даступнай форме тлумачылася, што за чым рабіць, і навучыўся майстар прадаўжаць век старых кніг.  

– На мой погляд, кнігі ў мяккім пераплёце не варта і выпускаць. Яе два чалавекі прачытае, і яна рассыпалася, – кажа Станіслаў Мікалаевіч. – А каб кнігу пачаць склейваць па-новаму, спачатку трэба разарваць яе па аднаму лісточку. 
– А потым?
– Далей яе трэба скласці па-новаму, зрабіць надрэзы на тарцы, заправіць у такія “канаўкі” шаўковую нітку, прыклеіць, а канцы нітак растрапаць і наклеіць фарзац. А тады ўжо на фарзац наклейваецца вокладка цвёрдая. Каб кніга мела прыгожы выгляд, то паверх наклейваю акуратна старую мяккую вокладку. Вось гэтыя невялікія прыстасаванні, якія стаяць перад вамі, патрэбны мне, каб старонкі кнігі былі складзены роўненька, каб можна было іх зафіксаваць і прыступаць да наступнай аперацыі.
– І за колькі часу ажывае кніга?
– Не так і хутка. За 3-4 дні. А іншы раз і даўжэй. 

Станіслаў Мікалаевіч паказаў падшыўку ўкраінскіх гумарыстычных часопісаў “Перец” 80-х гадоў. Такіх падшывак у гаспадара набярэцца штук 25. І ў рукі ўзяць такую рэч прыемна, і месца яна займае нямнога. Свае любімыя творы Станіслаў Мікалаевіч усе пераплёў па-новаму, рабіў пераплёты і для людзей. 
…Адны з нас час бавяць за серыяламі, не ведаюць куды сябе падзець доўгімі вечарамі, а другія шукаюць у любой справе і ў адпачынку карысці. Цудоўны прыклад для моладзі. І людзі такія – гонар краю.
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий