Першакласны трактарыст

18 февраля 2015 - Administrator
article1515.jpg

 Калі мы гаворым пра ўзрост, то ставімся да яго як да нейкага адліку нашых дасягненняў. Калі табе дваццаць пяць, дастаткова мець прафесію і вялікія планы на будучыню. А калі мільгаюць лічбы сорак, пяцьдзесят, і ты не маеш свайго дома, двух-трох дзяцей і жонку або мужа, то быццам бы і здарма пражыў. Так, чарговая дата ў нашым жыцці – добрая магчымасць азірнуцца назад, суаднесці пашпартныя лічбы з жыццёвымі вынікамі і дасягненнямі. Усё жыццё ты некуды ішоў, для нечага жыў – і вось вынік. Ці падабаецца ён табе? І галоўнае ў адказе на гэтае пытанне – не адчуць нейкага дысбалансу.


У каго гэтага самага дысбалансу дакладна не будзе, дык гэта ў жыхара вёскі Хадоркі Уладзіміра Харужага (на здымку). У студзені ён адзначыў сваё 70-годдзе, а з працоўнага шляху сыходзіць яшчэ не спяшаецца. Адпрацаваных гадоў у Уладзіміра Сцяпанавіча на дваіх хопіць (нават пасля павелічэння мінімальнага працоўнага стажу для прызначэння пенсіі) – 52 гады ён аддаў сумленнай працы ў СВК “Косава”.
Нарадзіўся гэты ўмелы трактарыст у Хадорках, тут жыве і працуе і па сённяшні дзень. Як сапраўдны вясковец, Уладзімір Сцяпанавіч рана пазнаў увесь цяжар працы на зямлі, а ў саўгас “Косава” (сёння СВК “Косава”) і без працоўнай кніжкі хадзіў на працу. Нельга ж было ў вёсцы ўсе канікулы лынды біць. Таму сачыў хлопец за тым, як працуюць дарослыя, і дапамагаў старэйшаму брату. І як толькі паспрабаваў Уладзімір сапраўднай, дарослай, працы летам пасля восьмага класа, так і не вярнуўся больш да школьнай дошкі.

Якраз у 1962-м у мясцовы саўгас набіралі юнакоў на курсы трактарыстаў. Тады наш герой ацаніў гэта як добрую магчымасць атрымаць прафесію, хутчэй стаць дарослым і самастойным. І атрымаў прафесію на ўсё жыццё…
Ужо ў сакавіку з правамі трактарыста-машыніста і вялікім жаданнем працаваць Уладзімір Харужы сеў у свой ДТ-20. А пасля быў яшчэ Т-25, тады малады трактарыст працаваў на буйной свінаферме ў Хадорках амаль у тры тысячы галоў. На такім невялікім трактары вельмі зручна было ў хлявы заязджаць.

– Мо і сёння ездзіў бы я на гэтым трактарчыку, каб не паклаў вока на новенькі Т-40, што прыбыў у саўгас, – узгадвае Уладзімір Сцяпанавіч.  – Так і казаў я брыгадзіру трактарнай брыгады: я вырас – і трактар мне патрэбен сур’ёзны, дарослы! Вось, кажу, стаіць Т-40, дасце мне – я за яго галавой адказваць буду. Даў, і адказваў я за яго, ды і за астатнія КСК-100, МТЗ-80 не тое што галавой – жыццём. І яны мяне ніколі не падводзілі, працавалі бесперабойна, а калі і ламаліся, то папраўляў я іх толькі сам. Чужымі рукамі жар заграбаць я не ўмею. Сам зробіш – дык і вынік зусім іншы, машына не ездзіць, а лётае!  – расказаў трактарыст.

За гэтыя 52 гады ў гаспадарцы многае змянілася: назва, плошчы палёў і колькасць ферм (раней у саўгас уваходзілі плошчы вёсак Квасевічы і Мілейкі), ды і кіраўнікоў на сваім вяку мужчына пабачыў шмат. Надта ж змяніліся і ўмовы працы ў гаспадарцы, маладыя спецыялісты працуюць на найноўшай тэхніцы, па новых тэхналогіях і на сучасных фермах. Можа сённяшнія аграрыі прымуць за жарт успаміны нашага героя пра касавіцу 80-х. Але так працавалі ўсяго толькі трыццаць гадоў таму. Разам з напарнікам Сяргеем Міхальчыкам на трактарах Т-25 з касілкай шырынёй трошкі больш за два метры яны спачатку абкошвалі 170 га ў Няхачаве, а пасля з сухпайком на тыдзень адпраўляліся ў Вульку-Аброўскую, там іх чакалі яшчэ 170 га.

– Гэта сёння людзей на дапамогу падчас уборачнай або ў касавіцу на машынах,  аўтобусах вязуць, – працягнуў размову Уладзімір Сцяпанавіч. – А мы, адпрацаваўшы тыдзень у спякоце, у суботу з Вулькі-Аброўскай дадому спачатку пешшу сем кіламетраў да аўтобуснага прыпынку ішлі, ехалі да Івацэвіч, а пасля яшчэ на другім аўтобусе да сваёй вёскі дабіраліся. Прыходзілі дахаты якраз на абед, а то і пазней, збіралі паесці яшчэ на ты-
дзень, а зранку зноў той жа маршрут. То быў такі выхадны дзень (смяецца). Жылі мы ў вартаўніка, там елі і адпачывалі, хаця часу на гэта не было. Бо наперадзе яшчэ неабкошаныя 360 га ў Аброве, – успамінаў мужчына.

Мо таму сыны і ўнук Уладзіміра Харужага працягнулі справу бацькі і дзеда, што бачылі яго шчаслівыя вочы пасля працоўнага дня, і гэта нягледзячы на стомленасць. Апантанасць трактарыста па жыцці захапіла і пасеяла ў гэтых мужчынах зерне любві і павагі да бацькавай справы. Малодшы сын Дзмітрый спачатку працаваў інструктарам па ваджэнні трактара, а зараз на тралёвачным трактары працягвае справу бацькі на ААТ “Івацэвічдрэў”. Старэйшы Мікалай разам з сынам Уладзімірам сваёй бездакорнай працай у СВК “Косава” яшчэ раз даказваюць, што яблык ад яблынькі не далёка падае. Хваліцца сваімі прадаўжальнікамі Уладзімір Сцяпанавіч саромеўся, аднак усмешку на твары і гонар у вачах ад іншых не ўтоіш…

За плячыма нашага героя – бясцэнны вопыт, у асабістай калекцыі – два ордэны Працоўнай Славы, безліч дыпломаў і падзяк, у душы і сэрцы – павага кіраўніцтва і калег, а ў 70-годдзе юбіляр просіць для сябе толькі моцнага здароўя. І пара ўжо, можа, Уладзіміру Сцяпанавічу адпачыць, але баіцца ён, што разам з гэтым адпачынкам прыйдуць да яго і хваробы.
– Сядзець склаўшы рукі я не магу, нельга так на вёсцы, ды і без працы – я хворы, – абураецца юбіляр. – А так можа яшчэ хоць трошкі дапамагу роднай гаспадарцы, – спадзяецца трактарыст. 

З першых вуснаў     
І яшчэ як дапаможа! У гэтым нас упэўніў падчас размовы намеснік старшыні па вытворчасці СВК “Косава” Вячаслаў Шастак. Побач з нашым героем ён працуе ўжо 27 гадоў, а таму дакладна ведае: такіх трактарыстаў – адзін на тысячу.
– Некаму лёсам напісана быць начальнікам, настаўнікам ці ўрачом, а нашаму Уладзіміру Харужаму было напісана стаць першакласным трактарыстам! – упэўнівае Вячаслаў Шастак. – Я асабіста перадаваў яму трактар МТЗ-80 у 1991 годзе. Трактару 23 гады, пры іншым гаспадары ён наўрад ці так шпарка ездзіў бы сёння па полі, а ў руках Уладзіміра Сцяпанавіча трактар не тое што ездзіць – лётае. Гэты работнік выхаваны савецкім часам, а таму не цураецца ніякай працы, што ні даручы, ён выканае. Ды яшчэ і маладых, так казаць, падвучвае. Таму для нас Уладзімір Харужы – легенда. Няхай дасць яму Бог здароўя, сілы і жадання працаваць у нашай гаспадарцы хоць яшчэ колькі часу.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий