Свята для ветэранаў працы АПК раёна

2 мая 2014 - Administrator
article1024.jpg
Упершыню для ветэранаў працы сельскагаспадарчай вытворчасці раёна ладзіўся агеньчык-ушанаванне, ініцыятарам арганізацыі і падрыхтоўкі якога стаў райкам прафсаюза работнікаў АПК раёна і раённы выканаўчы камітэт.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК раёна Ірына Краўчук выказала адзінае шкадаванне, што толькі 38 (па два прадстаўнікі ад кожнай гаспадаркі і арганізацыі) з вялікай грамады дастойных ветэранаў, перад заслугамі якіх трэба схіліць галаву, папалі на святкаванне, якое ладзілася напярэдадні Першамая – свята працы. Тым не менш, “першая ластаўка” была ацэнена вышэйшай адзнакай самімі ветэранамі, і многія з іх шчыра дзякавалі за ўвагу. 
 

 Ветэранам працы было цікава паслухаць аповед аб стане спраў у сельскай гаспадарцы раёна ад першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Аляксандра Грыцука. Госці наведалі сучасную ферму “Сежнае” СВК “Любішчыцы”, ферму “Мілейкі” пасля рэканструкцыі, сучаснае бульбасховішча ў эб “Майск”, пабывалі на экскурсіі ў Лядовай арэне і плавальным басейне Івацэвічаў, а ў Мілейкаўскім СДК для ветэранаў працы была паказана відэапрэзентацыя аб развіцці раёна па ўсіх накірунках, якую падрыхтавала і агучыла Святлана Завадская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

 

– Вельмі падабаецца мерапрыемства, – сказала былы аграном калгаса “Быценскі”, цяпер ЗТАА “БелАгракультура” Зоя Калеснікава, якая прапрацавала ў гаспадарцы звыш 40 гадоў. – Я марыла паглядзець басейн, пабываць у Лядовым, і сёння мая мара збылася.
– Як цяпер добра працаваць: два загадчыкі, заатэхнік, ветурач…, а я калісьці “цягнула” ўсю работу на ферме “Галік” адна, – кажа Любоў Бакавец, якая цэлых 50 гадоў адданай працы прысвяціла СВК “Мілейкі”. І сёння яна нязменны стараста в. Галік.
 
– Першае, што я зрабіў у першы дзень старшынства ў СВК “Мілейкі” на планёрцы – патрабаваў пантофлі змяніць на туфлі, – дзеліцца ўспамінамі Васілій Краўчук, які кіраваў гаспадаркай з 1983 па 1986 гады. Яму належала ідэя будаўніцтва жывёлаводчага комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы, а таксама будаўніцтва пасёлка для забеспячэння жыллём работнікаў будучага комплексу. 
Цікава было слухаць аб працоўным шляху Іосіфа Сарокі, былога старшыні СВК “Пагор’е”, які кожнага работніка называў на “Вы”; Яўгена Тондзеля, які кіраваў СВК “Аброўскі” (калгас імя Чапаева”);  Міхаіла Качана, які з 1980 па 1991 год кіраваў калгасам “40 год Кастрычніка”, цяпер філіял ААТ “Брэст-травы”; Фёдара Сарокі, які працаваў начальнікам вытворчага ўчастка калгаса “Бальшавік”, цяпер СВК “Падстарынь”. Іван Чырко, былы старшыня саўгаса “Рассвет” і калгаса “Расія”, які ўзнагароджаны за працу медалём “За працоўную доблесць”, залатым медалём ВДНГ СССР, граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ордэнам Леніна і ордэнам Знак Пашаны, і які з’яўляецца заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі і ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна, адзначыў, што сёння ён радуецца за гаспадаркі раёна, бо яны забяспечаны новай тэхнікай, сучаснай і магутнай, але ў той жа час яму трывожна, што ў краіне шмат яшчэ закрэдытаваных гаспадарак, і што гэта стрымлівае іх рух наперад.
 
Радасна было бачыць на свяце знакамітых аграномаў раёна Алену Сазончык з СВК “Падстарынь”, Аляксея Якаўчыца з СВК “Квасевічы”, Васіля Шацілава з СВК “Аброва”, ардэнаносцаў і брыгадзіраў паляводчых брыгад – Яфіма Цывінскага з СВК “Мічурынск” і Івана Корзана, які працаваў у СВК “Святая Воля” і ў 1984 годзе быў удастоены права сфатаграфавацца каля Сцяга Перамогі ў Маскве, і іншых славутых працаўнікоў хлебнай нівы.
 
Ушанаванне і агеньчык для ветэранаў працы ладзіліся ў кафэ СВК “Мілейкі”. І трэба адзначыць, што Ірына Дука, спецыяліст РАМЦ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, уклала вялікую частку душы ў распрацоўку сцэнарыя. Ветэраны з задавальненнем адказвалі на пытанні вядучых, апладзіравалі за музыкальныя падарункі. А з імі прыехалі шмат самадзейных артыстаў. Гэта  вакальная група Мілейкаўскага СДК, Вольга Пракаповіч і Анастасія Кучынская, Наталля Андрыевіч, Алена Заяленчыц, Кірыл Кучынскі, Сяргей Азарка, Сяргей Клімуш. Спраўна працавалі вядучыя Ірына Дука і Віктар Клютко. Вялікая ўдзячнасць была выказана старшыні СВК “Мілейкі” і старшыні філіяла Івацэвіцкага аграпрамысловага саюза Анатолію Комару за гасціннасць і матэрыяльную падтрымку дадзенага мерапрыемства. 
А напрыканцы свята ад прафсаюзных арганізацый работнікаў АПК раёна ветэранам працы былі ўручаны памятныя каштоўныя падарункі.
Валянціна БОБРЫК. 
Фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий