Тут нарадзіўся, тут і надта згадзіўся

3 июля 2015 - Administrator
article1801.jpg

 Не хочацца пафасу і высокіх слоў, але не атрымліваецца. Як скажаш пра Аляксандра Аляхновіча сціпла, калі ён – механізатар рэдкай кагорты. Так, як ён, “укалвае” далёка не кожны, нават калі і захоча, не зможа, – казалі святавольскія людзі. І ў СВК “Святая Воля”, дзе шчыруе Аляксандр Станіслававіч з 2000 года, падкрэслілі: “Такіх апантаных работай, як Аляхновіч, сёння, бадай, і ў краіне адзінкі”.


У Палац Рэспублікі – па ўзнагароду
Першага ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў уручыў Аляксандру Аляхновічу медаль “За працоўныя заслугі”. Урачыстая цырымонія праходзіла ў Палацы Рэспублікі, а вечарам таго ж дня героя працы чакалі з кветкамі ў родным СВК, шчыра віншавалі і выказвалі цёплыя пажаданні шчасця, дабрабыту і поспехаў. А ён найперш сціпла папрасіў прабачэння ва ўсіх, што “прымусіў чакаць”.

Дарэчы, у СВК “Святая Воля” Аляксандр Аляхновіч ужо трэці, каму ўручана такая высокая ўрадавая ўзнагарода. І ў раёне – гэта адзіная гаспадарка, у якой столькі заслужаных “медалістаў”. “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны старшыня СВК Уладзімір Любушак, чыя гаспадарка з года ў год займае пачэснае месца ў спаборніцтвах на жніве і нарыхтоўцы кармоў то раённага, то абласнога і нават рэспубліканскага маштабу. Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана Ніна Рэдзько, аператар машыннага даення, у 2014 годзе. Яе рэзультат за 2013 год быў 7426 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, за мінулы год – амаль 7700. І Аляксандр Аляхновіч – трэці ў кагорце ўзнагароджаных. У 2014 годзе ён на трактары МТЗ 1221 унёс мінеральных угнаенняў на плошчы 1824 гектары, узараў 570 гектараў, а з братам Дзмітрыем, які таксама працуе ў гаспадарцы, узараў практычна ўсе плошчы гаспадаркі. Сам засеяў усе кукурузныя палі, а гэта 768 гектараў. Акрамя таго, Аляксандр на нарыхтоўцы кармоў вызначыўся на сваім “Ягуары” – змяльчыў зялёнай масы 38378 тон. А падчас жніва з братам Васілём, які жыве ў Пінску, ужо два сезона ставіў рэкорды на збожжавым камбайне КЗС12.

– Аляхновіч – гэта работнік, які апошнім прыязджае з поля, – кажа старшыня СВК “Святая Воля” Уладзімір Любушак. – Вось сёлета, да прыкладу, аб’явілі, што заўтра пачынаецца нарыхтоўка сенажу. Дык ён напярэдадні да пяці гадзін раніцы заканчваў падрыхтоўку свайго  трактара, а ў восем гадзін раніцы, як усе, выехаў на поле. Ён мог бы працаваць дзень і ноч. Нагрузка – усе кармы, уся кукуруза. 40-45 тысяч тон сіласу ў год – вось такая сур’ёзная выпрацоўка ў гэтага механізатара! І яшчэ папрасіўся на збожжаўборачны камбайн! Яго не трэба кантраля-
ваць. Калі затрымаўся па сямейных абставінах, запланаванае выканае, хоць ноччу. 

– Ён у нас не проста механізатар, ён граматны спецыяліст. У свой час закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-механік, – дадае Алена Любушак, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце. – Быў час, калі яму старшыня прапанаваў пасаду галоўнага інжынера. А ён адмовіўся, яшчэ і прасіў не крыўдаваць, бо па душы яму проста працаваць на зямлі… І працуе, дзіву дацца, за траіх. 
У 2009 годзе за паспяховую работу Аляксандру Аляхновічу ключы ад аўтамабіля “Волга” уручаў на рэспубліканскіх “Дажынках” сам Аляксандр Лукашэнка, годам раней Аляхновіч за працоўныя поспехі атрымаў у падарунак дамашні кінатэатр. Ці варта здзіўляцца пасля гэтага, што граматы і падарункі з “дажынак” раённага ці абласнога маштабу і да дня сельскай гаспадаркі ён заслужвае штогод.
– Ёсць у Вас рэзерв, каб працаваць яшчэ лепш? – спытала ў героя дня.
– Мне здаецца, што я заўсёды працую на грані сваіх магчымасцяў, – здзіўлена адказаў Аляксандр. – На зямлі лёгкага хлеба не бывае.
І што пасля гэтага можна дадаць? Такія трапяткія адносіны да тэхнікі і зямлі – прыклад для ўсіх.

Карані
Шчырая любоў да зямлі не бывае выпадковай. Яна закладваецца не адным пакаленнем сапраўдных гаспадароў. Сціплых, дужых і працалюбівых. Калі ўбачыла бацькоў Аляксандра Аляхновіча, да якіх у Турную сын наведаўся ў той жа знамянальны дзень узнагароджвання, мае думкі наконт таго, адкуль у яго такая апантанасць да працы, такая інтэлігентнасць і выхаванасць, пацвердзіліся – ад бацькоў.
– Усім людзям жадаю такіх дзяцей, – шчыра казала маці Соф’я Рыгораўна. – Усе мае дзеці харошыя. Яны амаль пагодкі: Галіна, Васіль, Саша, Дзіма. Бывала, пакіну саміх на цэлы дзень, нянькі не было, а яны ніякай шкоды ніколі не нарабілі. Гаспадарку мы трымалі вялікую: 2-3 каровы, свінні, свінаматкі, быкі, усюды хлопцы дапамагалі. Кожны сваю градку садзіў, палоў, убіраў. Без справы не хадзілі па сяле, нікога з людзей ці жывёлы не зняважылі, не пакрыўдзілі. І вучыліся добра.

Да працы ў полі прызвычаіў хлопцаў і бацька. У гады перабудовы Станіславу Сяргеевічу давялося перайсці на працу ў мясцовы калгас, дзе цяпер слаўна працуюць сыны. Хапнулі гора тады ўсе, пачынаючы са старшыні – зарплаты паўгода не бачылі людзі, зямля была ў запушчаным стане… 
– На трактары араць не такая простая справа, граматна трэба, – тлумачыць сціпла бацька Аляксандра. – А калі ты працуеш на полі, на якім пясок вывернуты наверх, ці з нівак чарназём пазагнаны ў лес, то трэба папакруціцца, каб да толку дайсці. Чатыры гады спатрэбілася працы да поту, каб палі ў норму прывесці. Хлопцы ўжо тады дапамагалі. Саша быў смялейшы за Васіля, хутка ўцяміў, на якія педалі трэба націскаць. Мяне прасіў выйсці з трактара, не замінаць яму, а сам да педаляў нагамі добра яшчэ не даставаў…
Вось тады, практычна з сёмага класа, да любові да зямлі далучылася любоў да тэхнікі. У гаражы каля матацыкла дняваў і начаваў Саша. Калі не ў гаражы, то з бацькам у полі.

Надзейны тыл
Ці шчаслівая жонка побач з такім мужам, які “ажаніўся”, можна сказаць, на рабоце? Прымярала да сябе такую сітуацыю і была ўпэўнена, што не. Яна ж яго ніколі не бачыць. А калі кахаеш, то хочацца 
быць побач 24 гадзіны ў суткі. Вядома, Наталля таксама хацела так пасля вяселля, якое адбылося праз чатыры гады сустрэч. Дзяўчына маладзейшая за мужа на 
пяць гадоў, але ў яе хапіла мудрасці прыняць яго такім, як ёсць. Яна навучылася вырашаць дробныя бытавыя праблемы сама. Цэніць мужа за дабрыню. Ён, дарэчы, паехаў па ўзнагароду ў Мінск на сваім мікрааўтобусе з жонкай і дачкой Дашай, каб прысвяціць ім хоць колькі часу ў гарачую пару нарыхтоўкі кармоў.

А “Ягуар” Аляксандра, таксама дарэчы, у той дзень не прастойваў, на ім працаваў брат Дзмітрый. І ўвогуле, браты жывуць дружна, выручаюць адзін аднаго, бацькоў не забываюць, едуць па першым званку, калі трэба дапамога, любяць і гасцяваць, толькі шкада, што такія хвіліны нячаста здараюцца. 
Дачка Аляксандра Аляхновіча Даша і жонка Наталля любяць вёску таксама. І калі раней Наталля марыла паехаць жыць у горад, то сёння не прамяняе вёску нізавошта. Тут яны атрымалі дом ад гаспадаркі, тут праляцела 13 гадоў сумеснага жыцця, шчаслівага жыцця. Бо хоць і працуе муж ад зары да зары, ведае яна, што кахае яе, шануе і шкадуе. І як такому не пячы пірагі, не гатаваць любімыя галубцы ці дамашнія пельмені?
– Мы з татам на мора ўсёй сям’ёй не раз ездзілі, – кажа дачка Дар’я. – Ён – самы лепшы тата.
Сказала і засаромелася па-дзявочаму.
Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий