У адказе за два жыцці...

article2999.jpg

 У мінулым годзе да загадчыцы акушэрскага аддзялення УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Алы Гембар звярнулася адна жанчына з простай чалавечай просьбай. “Мне 33, я ўжо страціла адно дзіця, а зараз цяжарная зноў, дапамажыце мне вынасіць і нарадзіць…”. І ўрачы дапамаглі. Нельга сказаць, што гэта была лёгкая цяжарнасць, пастараліся ўрачы, сама будучая матуля, і нядаўна яна нарадзіла здаровага сыночка.

Гэта толькі адзін эпізод са звычайнай практыкі работы нашага акушэрскага аддзялення, штодня яны дораць самае вялікае шчасце сем’ям. Не здарма сёлета аддзяленне прызнанае пераможцам у раённым спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аховы здароўя. Упершыню за многія гады калектыў атрымаў такую высокую ўзнагароду. Ёсць у калектыва і яшчэ адна прыемная нагода парадавацца – імя іх кіраўніка, загадчыцы аддзялення Алы Гембар трапіла на раённую Дошку гонару. Для жанчыны-кіраўніка гэты факт быў нечаканым, але, канечне, прыемным. Такая ўвага да работы тых, хто ў адказе адразу за два жыцці: маці і дзіця, толькі дадае калектыву яшчэ большага натхнення і жадання працаваць і дапамагаць. Аб гэтым у шчырай размове нам расказала Ала Гембар, а яшчэ ў святочным нумары жанчына падзялілася асабістым і нават расказала, як у яе сям’і святкуюць 8 Сакавіка і якіх кветак чакае матуля і шчаслівая жонка на вясенняе свята. 

Шлях у прафесію, які пра многае гаворыць…

Калі чалавек паспяховы ў прафесіі, заўсёды цікава спытаць, як ён прыйшоў у яе. Шлях Алы Мікалаеўны быў цікавым.

То не была мара дзяцінства. Ала Мікалаеўна вырашыла стаць урачом у старэйшых класах, тады, калі хоць прыкладна разумела, з чым ёй прый-
дзецца сутыкнуцца. Першая спроба паступіць у Гро-
дзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт аказалася няўдалай. Дзяўчына не паступіла, але рашэння свайго не мяняла – працавала ў нашай бальніцы санітаркай і зноў рыхтавалася да экзаменаў. На будучы год яна паступіла, але гэты працоўны год стаў для дзяўчыны добрай навукай, яна ўбачыла работу з іншага боку. І гэта дало разуменне і павагу да любой работы ў бальніцы.

У 1995-м па размеркаванні Ала Гембар прыехала на работу ў родныя Івацэвічы ў якасці ўрача акушэра-гінеколага жаночай кансультацыі. Сваім прафесійным настаўнікам Ала Мікалаеўна лічыць былую загадчыцу акушэрскага аддзялення Марыю Іванаўну Харэвіну. Пад яе наглядам малады ўрач хутка “расправіла крылы” і вырасла сапраўдным прафесіяналам. І ў 2007 годзе яна ўзначаліла жаночую кансультацыю райбальніцы, а ў 2013 стала загадчыцай акушэрскага аддзялення. Правая рука кіраўніка – старшая акушэрка аддзялення Таццяна Сегень.

Шчырая падзяка калектыву ад кіраўніка

– Прызнаюся, навіна аб тым, што маё імя з’явіцца на раённай Дошцы гонару, была нечаканай,  прыемнай, канечне, але для мяне галоўная заслуга – гэта ўзнагарода аддзялення (па выніках работы за 2016 год калектыў акушэрскага аддзялення УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” узнагароджаны Ганаровым пераходным вымпелам, Граматай Івацэвіцкага райвыканкама і грашовай прэміяй. – Рэдакцыя.), – расказвае Ала Гембар. – Пераможны вымпел, што вісіць сёння ў аддзяленні – гэта вынік штодзённай добрасумленнай работы кожнага: санітаркі і медыцынскай сястры, акушэркі і ўрача. Усяго ў аддзяленні працуюць
сёння 20 чалавек, яшчэ восем урачоў акушэраў-гінеколагаў дзяжураць у аддзяленні і робяць
з намі адну вялікую справу. Не магу не вызначыць самых вопытных работнікаў: акушэрак Іну Халадовіч, якая ўнесла вялікі ўклад у арганізацыю работы аддзялення ў новым корпусе, На-
дзею Маргун і Марыю Гоган, медсясцёр палаты нованароджаных Таццяну Сябякіну, Веру Емяльянчык, Людмілу Зіневіч, Алену Калесніковіч. Нашы незаменныя памочніцы – сястра-гаспадыня Надзея Бройла і санітаркі Наталля Мігно са стажам работы каля 30 гадоў, больш за 20 гадоў у аддзяленні працуе Ларыса Пацалуйка. Уліліся ў нашу вопытную, на-
дзейную каманду маладыя спецыялісты, урач-неанатолаг Кацярына Паўлоўская і акушэрка Лізавета Русак. За працай не забываем і пра галоўнае прызначэнне жанчыны – гэта мацярынства. І сёння трэба дадаць да 20 чалавек нашага калектыву яшчэ трох акушэрак, якія знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках. Віншую ўсіх з гэтай перамогай і шчыра дзякую за адданасць рабоце.

Такая ўвага з боку раённай улады і сама ўзнагарода была ў нейкім сэнсе чаканым момантам, бо па выніках работы за 2015 год акушэрска-гінекалагічная служба УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” стала лепшай у вобласці! Высокі вынік толькі замацавалі ў 2016, сёлета ў аддзяленні прынялі 395 родаў. Каторы год у раёне адсутнічаюць перынатальная, дзіцячая і мацярынская смяротнасці, у выніку якаснай работы медыкаў у мінулым годзе не было дзяцей, якія нарадзіліся ў цяжкай асфіксіі, не назіраюцца пасляродавыя ўскладненні ў жанчын. Усё гэта важныя моманты, асабліва калі дзяржава звяртае такую вялікую ўвагу на праблему дэмаграфіі. Ала Гембар адзначыла, што ўсё часцей ім прыходзіцца прымаць трэція ці чацвёртыя роды ў жанчын – гэта добрая тэндэнцыя.

Не было б такога выніку работы і без падтрымкі кіраўніцтва райбальніцы, мясцовай улады. Суразмоўца ўспамінае, як дваццаць гадоў таму асноўнымі інструментамі ўрача акушэра-гінеколага былі рукі і стэтаскоп. Цяпер жа ў аддзяленні ёсць сучасныя апараты ўльтрагукавога даследавання, кардыяманіторы, якія дазваляюць сачыць за сэрцабіццем дзіцяці, у аддзяленні ёсць новы кювез (прыстасаванне для выходжвання неданошаных або хворых немаўлят). Два дзесяцігоддзі таму аддзяленне знаходзілася на другім паверсе цяперашняй паліклінікі, гэта быў стары будынак. І тыя ўмовы не ідуць у параўнанне з сучаснымі: утульныя палаты з усімі ўмовамі, платная палата, сучасныя радзільныя залы. Уласны рэкорд нашага аддзялення – сем родаў у дзень і ніякіх форс-мажораў – гэта дзякуючы ўмелым рукам і годным умовам.

Калі ўрач проста маці  і проста жанчына…

Калі размова зайшла пра сям’ю, Ала Мікалаеўна жартуючы сказала: “Я дрэнная маці і жонка”. А мы разумеем: калі і ёсць хоць кропелька праўды ў гэтых словах, то яна толькі ў тым, што часу ў сям’і жанчына праводзіць не так многа. Работа такая. У астатнім жа Ала Мікалаеўна шчаслівая жанчына, дома яе сустракае любімы муж Васілій Мікалаевіч, дачка Марыя, сёлетняя выпускніца, і сынок Сцяпан, ён вучыцца ў сёмым класе. Вучацца дзеці добра, хоць урокі матуля з імі вучыла зрэдку. “Яны ў мяне самастойныя”, – смеючыся, казала мая суразмоўца. Хаця, ёсць нешта, чым песціць маці сям’ю – гэта самыя розныя прысмакі. Аднолькава смачнымі атрымліваецца ў Алы Мікалаеўны мяса, рыба ці торт. Першае, другое, трэцяе і кампот – звычайна такія абеды ў сям’і Гембар. І гэта пры такой занятасці! Прыгатаванне ежы – своеасаблівае хобі гераіні. Яна любіць эксперыменты, асабліва ў дэсертах. Аб тортах Алы Гембар слава ходзіць па ўсім аддзяленні.

Ала Мікалаеўна, а ці святкуецца ў вашым доме 8 Сакавіка? І якіх падарункаў чакаеце сёлета?

– 8 Сакавіка для нас вялікае свята, канечне, калі матуля не на дзяжурстве, – смяецца Ала Гембар. – І муж, і дзеці рыхтуюцца да яго загадзя, шэпчуцца, выбіраюць падарункі. Ад мужа чакаю галоўных вясенніх кветак – цюльпанаў. А дзеці часта дораць самаробныя падарункі. Сын, напрыклад, займаецца ў мастацкім класе ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”. Ужо нешта малюе ціха, хаваецца, мабыць, свой партрэт атрымаю на свята.

Бліц-апытанне:

– А як Вы віншуеце сваю матулю з 8 Сакавіка?  

 – Абавязкова ў гэты дзень мы ўсёй сям’ёй едзем
да матулі з букетам самых прыгожых кветак. Гэта добрая нагода сустрэцца ўсім разам, дарэчы, у нас вялікая сям’я, у мяне ёсць яшчэ сястра і брат.

– Ваша любімае свята ў годзе?

 – Я б сказала, іх два – гэта дні нараджэння маіх дзяцей. Лепшыя дні ў годзе для мяне – 13 ліпеня і 15 снежня.

– Адпачынак мары – гэта…?

– Наша сям’я вельмі любіць падарожнічаць, у кожнай вобласці нашай краіны мы ўжо пабывалі. Але я мару даехаць аж да самой Грузіі. Гэта краіна – мара, думаю, для кожнага падарожніка.

– Страва, якую па праве можна назваць Вашай кароннай?

– Нават не ведаю, што выбраць. Няхай гэта бу-
дзе бісквітны торт з фруктовай начынкай. Сама сабе камплімент рабіць не буду, але дзеці мае торты змятаюць на раз.

Па вашым, у чым шчасце жанчыны?  

– Мой адказ відавочны – у дзецях. Я шчаслівая і вельмі хачу, каб усе жанчыны адчулі гэтае шчасце ў жыцці. Многім мы сёння дапамагаем у гэтым.

 

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий