Вяскоўцы – дружная сям’я

20 февраля 2015 - Administrator
article1522.jpg

 Падчас наведвання месцаў пахавання воінаў-інтэрнацыяналістаў члены нашай дэлегацыі, што ў суботні дзень 14 лютага прыехала на могілкі ў вёску Гутка, былі моцна ўражаны тым, з якім размахам вяліся на гэтым аб’екце работы па добраўпарадкаванні. Каля 25 мужчын зносілі і палілі голле, займаліся раскрыжоўкай паваленых дрэў.


Могілкі, дзе пахаваны жыхары вёсак Краі і Гутка, прыгажэлі літаральна на вачах.
Спытаў у старшыні Рэчкаўскага сельвыканкама Ганны Латышэвіч наконт таго, як удалося сабраць сродкі і падняць так многа мужчын на добраўпарадкаванне? Старшыня падкрэсліла: дзякуючы намаганням большасці жыхароў Краёў і Гуткі ўдаецца навесці належны парадак на могілках. А непасрэдна “рухавіком” гэтай добрай справы стала мясцовая жыхарка, стараста Краёў Святлана Борсук.

Супрацоўнік “ІВ” у сваю чаргу папрасіў Святлану Борсук падзяліцца вопытам правядзення такой важнай грамадскай справы.

– Яшчэ ў кастрычніку мінулага года ў Краях быў праведзены пазачарговы сход грамадзян, на ім уздымаліся пытанні, якія хвалююць многіх вяскоўцаў. Найбольш складанае – добраўпарадкаванне могілак і ліквідацыя дрэў на іх, бо велічныя сосны нясуць пагрозу, могуць моцна пашкодзіць агароджы, помнікі. У сходзе браў удзел айцец Мікалай, настаяцель храма свяціцеля Філарэта вёскі Рэчкі, які змог знайсці патрэбныя словы, каб вяскоўцы зразумелі важнасць справы. Прынялі рашэнне – кожнае домаўладанне ўносіць 300 000 рублёў, вырашылі падключыць да справы і ўраджэнцаў вёскі, хто хоць і пражывае далёка, але чые бацькі-дзяды пахаваны тут. І справа пайшла! Асабліва хачу адзначыць актыўнасць паштальёнаў нашага вузла паштовай сувязі – С. М. Перахвал, А. М. Абрамчук, сацыяльных работнікаў А. М. Абрамчук, І. С. Крываль, пенсіянерку-актывістку Н. У. Радзько, пенсіянера А. В. Ермаковіча, які, скажу, забягаючы наперад, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, працаваў на могілках нараўне з маладымі.


Сабралі болей за 73 мільёны рублёў, заключылі дамову з альпіністамі з Пінска. Работа закіпела, знесена дзясяткі векавых дрэў, якія пасля забралі на свае патрэбы царква і СВК “Горталь”, прайшла маштабная ўборка тэрыторыі, спалена голле. Нашы мужчыны з Краёў і Гуткі аказаліся лёгкімі на пад’ём, свядомымі людзьмі, хаця тут няма нічога дзіўнага – у амаль кожнага тут пахаваны родныя людзі, да якіх мы прыходзім напярэдадні Вялікадня, на Радаўніцу… Тут, на могілках, павінен быць парадак; у гэтым наша павага да іх – бацькоў-дзядоў, дзякуючы каму мы жывём на гэтым свеце…
 
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).
Комментарии (0)
Добавить комментарий