З дынастыі электрыкаў

19 декабря 2014 - Administrator
article1402.jpg

 Сяргей Іосіфавіч Пушыла больш за два дзясяткі гадоў працуе кантралёрам службы збыту на Целяханскім участку Івацэвіцкага раёна электрасетак філіяла РУП “Брэстэнерга” Баранавіцкія электрасеткі. Ён абслугоўвае шы рокую зону, а гэта разам з пасёлкам Целяханы – дзясятак населеных пунктаў. У яго абавязкі ўваходзіць замена на паверку лічыльнікаў электраэнергіі, кантроль спажывання і своечасовай  аплаты за электраэнергію, работа з даўжнікамі.


Людзі навакольных вёсак ведаюць яго ў твар, паважаюць за тое, што навёў парадак па ўліку электраэнергіі. Даўжнікі, як убачаць, самі папярэджваюць, што пагасілі запазычанасць, бо ведаюць і разумеюць, што Сяргей Іосіфавіч да сваёй работы адносіцца адказна.


Першае знаёмства з будучай прафесіяй у яго адбылося, калі служыў у арміі вадзіцелем электрастанцыі. Вярнуўся і па парадзе бацькі, які працаваў усё жыццё у электрасетках, прыйшоў працаваць на Целяханскі ўчастак. 

Родам Сяргей Іосіфавіч з в.Вулька-Целяханская. Бацькоўскі дом знаходзіцца ў ціхім маляўнічым куточку, бадай, на беразе возера і Агінскага канала. І хоць Сяргей Іосіфавіч купіў дом у Целяханах, марыць на пенсіі вярнуцца ў радавое гняздо. На падворку бацькоўскай хаты, дзе мы суст-

рэліся, відаць рука гаспадара. Дом вялікі, дагледжаны, і ў доме ўсё, як у сучаснай кватэры. Гаспадары спадзяюцца, што хутка можна будзе падвесці газ у дом, але і перарабілі наноў печ. Яна як лялька, прыгожая, і гаспадыня хваліла, што ўсім дзецям, унукам і праўнукам насушыла на ёй садавіны. 



Бацька Сяргея, Іосіф Ціханавіч, падзяліўся ўспамінамі аб сваім жыцці і працы ў электрасетках. Нарадзіўся Іосіф Ціханавіч 11 чэрвеня 1941 года, а праз 11 дзён пачалася вайна. Яго бацьку забралі на фронт, і вярнуўся ён з вайны без нагі, на мыліцах, але на грудзях ззяла шэсць баявых медалёў. Каб дапамагчы бацьку, Іосіф пасля сямі класаў пайшоў працаваць на лыжную фабрыку. А ў 1959 годзе паступіў вучыцца ў Маларыцкае вучылішча механізацыі і да арміі год працаваў ў калгасе. Ажаніўся на дзяўчыне, з якой біўся з першага класа, і толькі пасля школы раптам закахаўся. Калі праз тры гады вярнуўся са службы ў арміі на Крайняй Поўначы, дома яго чакала жонка і трохгадовая дачка, якую ён яшчэ не бачыў.


Працаваць пайшоў, як і ў арміі, электраманцёрам у электрасеткі на Целяханскі ўчастак. А яшчэ праз год, у 1965 годзе, электрычнае святло дайшло і запалілася ў роднай вёсцы Вулька-Целяханская. Гэта было такім гонарам і такой падзеяй для вёскі! І памятнай была гэтая дата для сям’і Пушылаў, бо нарадзілася якраз пад гэтую падзею другая дачка Ірына. 


Трэба адзначыць, што ў той час электрык на вёсцы быў вельмі паважаны чалавек. Хаця праца была складаная, цяжкая. З транспарту быў толькі трактар і конь, на якім ездзілі па вёсках ухіляць пашкоджанні, апоры ставілі не як цяпер бетонныя, а драўляныя, недаўгавечныя. У 1979 годзе пабудавалі ў Целяханах падстанцыю і Іосіф Ціханавіч стаў працаваць на ёй дзяжурным электрыкам.  39 гадоў ён прапрацаваў у электрасетках добрасумленна і аддана. Аб гэтым сведчаць падзякі, граматы, медаль “Ветэран працы”, знакі “Ударнік камуністычнай працы”. 

На работу Іосіф Ціханавіч дабіраўся на матацыкле “Іж” з каляскай, зарабляў не надта, 78 рублёў, таму трымаў вялікую гаспадарку. Ад работы неяк атрымаў пуцёўку ў Балгарыю, і адпачынак на “залатых пясках” пакінуў уражанне на ўсё жыццё. І дочкі, і малодшы сын Сяргей радавалі, раслі паслухмянымі, працавітымі. Але на сына ў бацькі была асаблівая надзея, што ён будзе такім жа добрым спецыялістам, як сам. І сын не падвёў. Яго работай задаволены, ён таксама мае падзякі за працу, а сёлета ўзнагароджаны Граматай райвыканкама. Да таго ж Сяргей з дзяцінства быў заўзятым рыбаком і паляўнічым. І цяпер памятаюць у сям’і, як ён выпрасіў у аднаго дзеда “антыкварную” стрэльбу, каб уступіўшы ў паляўнічыя, хадзіць нараўне з усімі на зайца і качак. І ў рыбалоўстве ён майстар, расказваць аб захапленні можа гадзінамі. 


Дом Сяргея ў Целяханах, які ён набыў у 2003 годзе, паступова набывае новы твар. На рэканструкцыю яго атрымаў ільготны крэдыт на 40 гадоў пад тры працэнты. Частку яго пагасіла дзяржава, як шматдзетнаму бацьку. На падворку з’явіўся новы гараж, пабудаваны сваімі рукамі, а ў бліжэйшых планах гаспадара і ўзвесці новую лазню.

У Сяргея трое дзяцей: два  сыны і дачка. І цяпер яго старэйшы з сыноў Аляксандр пайшоў вучыцца па слядах бацькі ў Белаазёрскі каледж на тэхніка-электрыка, хаця напачатку спрабаваў вучыцца ва ўніверсітэце на эколага. Праз год кінуў, сказаў: “Не маё”, а ў каледжы вучыцца з задавальненнем. 


З шасці ўнукаў і сямі праўнукаў сям’і старэйшага Пушылы яшчэ ўнучка Кацярына (дачка Ірыны) вывучылася ў каледжы на энергетыка. 

Застаецца толькі шчыра парадавацца, што сям’я Іосіфа Ціханавіча Пушылы застаецца прыкладам жыцця ў згодзе і павазе больш за паўвека. І хочацца выказаць спадзяванне, што іх род з пакалення ў пакаленне будзе несці ў свет дабрыню, гаспадарлівасць, шчырасць у працы і беражлівасць да непаўторнай прыроды роднага краю. 

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий