З кагорты мужных і смелых

15 ноября 2013 - Administrator
article707.jpg

 Заўтра, 16 лістапада, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, інваліду другой групы Міхаілу Васільевічу Міскевічу, жыхару райцэнтра, споўніцца 85 гадоў. Шчыра віншуем з днём нараджэння. Моцы Вам, сілы, здароўя, аптымізму. Жывіце доўга на радасць 

сваім родным, блізкім і знаёмым.

– Жыву я разам з сям’ёй сына Міхаіла, – расказвае Міхаіл Васільевіч. – У прасторным і светлым доме. Ёсць усе выгоды. Жыві і радуйся. – І дадае: – Каб толькі хваробы менш даймалі…

Міхаіл Васільевіч не скардзіўся, а толькі напомніў пра свае балячкі. Ёсць у яго розныя лекі і імі падтрымлівае свой жыццёвы тонус. Яшчэ нават без акуляраў праглядае газеты, цікавіцца навінамі па тэлевізары. Па хаце ходзіць без усялякай падмогі, а вось на падворку ўжо з кульбай.

– Адбегалі мае ножанькі, – зазначае ветэран. – Дасталася ім з самай маладосці…


А маладосць Міскевіча прайшла ў лясной вёсцы Харошча. Тут ён нарадзіўся і вырас. Вучыўся ў польскай школе. Пасвіў кароў. Тут усю вялікую сям’ю Міскевічаў і застала вайна. Іхняя ўмяшчальная хата стаяла бліжэй да лесу. Калі якая небяспека, адразу ўсе (а гэта бацькі і дзевяць дзяцей) хаваліся пад шатамі хвой і елак. Усё гэта было няпроста. Днём даймалі немцы і паліцаі, выграбалі падчыстую, што ёсць 

у гаспадарцы. А ноччу ўжо прыходзілі свае, партызаны. Яны, першыя лясныя салдаты, без падтрымкі мірных жыхароў ніяк не маглі абысціся. Гэта і прадукты харчавання, і вопратка, але, бадай, галоўнае: свае людзі ў вёсцы былі вачамі і вушамі партызан.

Напачатку лета 1942 года ў акаляючых лясах – Буленскім, Гута-Міхалінскім, Воўчанорскім – ужо размяшчаліся партызанскія атрады і з кожным днём нарошчвалі свае баявыя дзеянні. Міскевічы, чым маглі, дапамагалі: пяклі хлеб і насілі яго ў лес, былі партызанскімі праваднікамі, а самыя спрытныя з членаў сям’і хадзілі ў разведку.


Першым сур’ёзным заданнем юнага Міхаіла як сувязнога было наведванне Івацэвічаў у канцы ліпеня 1942 года. Мэта адна: даведацца што-колечы аб бліжэйшых намерах карнікаў. У пашпартным стале ў немцаў працавала маладая палячка. Яе ведаў Міша. Яна пры паляках жыла ў маёнтку недалёка ад рэчкі Грыўда. Сустрэўся са знаёмай (а ён тады даведаўся пра вялікае наступленне на “лясных бандытаў”, як казала сама палячка), пайшоў па вуліцы ў бок Шыбельнай гары. Як падазронага, хлопца схапілі паліцаі і павялі ў камендатуру. На шчасце, Мішу ўбачыла тая ж палячка і выручыла, праводзіўшы яго ў небяспечнае месца. 


Хутка Міскевічы адчулі, што нехта з мясцовых жыхароў за імі пільнуе і дакладвае паліцаям. Аднойчы сярод белага дня ў хату ўваліліся ўзброеныя паліцаі. Ад іх несла самагонным перагарам.

– Ну што, цётка Фяроня, – пачаў высокі мардаты паліцай, – дзе твае партызаны?

– Бог з табой, пан паліцай, – загаварыла гаспадыня, – мае дзеці з хаты анікуды…

– Ды я пажартаваў, не бойцеся. Мы добрыя…

– Ведаю я вашу дабрату, – не стрымалася жанчына. – Вунь хлеў апустошылі…

– Не трэба так, цётка. Лепш скажыце, чым гасцей будзеце частаваць? – напаследак спытаў паліцай.

– Няма карчоўкі, не гонім, – ужо азваўся гаспадар. – Вось з апошніх двух гарцаў мукі хлеб спяклі. А сала таксама няма…

– Кажуць, вы партызанам хлеб носіце, – ухмыляючыся, намякнуў другі паліцай.


Нічым не пажывіўшыся, акрамя круглай буханкі хлеба, паліцаі падаліся ў суседнюю хату. Гэта яшчэ больш насцярожыла сям’ю Міскевічаў. Не паспелі яны і апамятацца, як зноў у вёсцы аблава. Забеглі і ў іхнюю хату. Надавалі тумакоў Мішы, а старэйшага брата Васю дапытвалі і пабілі, але ён вырваўся і ўцёк у лес, хаця па ім і стралялі. Калі ўсё сціхла, сувязныя з Івацэвічаў паведамілі, што заўтра ранкам у Харошчы будзе карны нямецкі атрад. Збіраліся апоўначы, каб не прыцягваць увагу нядобразычліўцаў. А ўжо на самым світанку карнікі акружылі сядзібу Міскевічаў. Меркавалі ўзяць усю сям’ю, але хата аказалася пустой. З лютай злосці хату і ўсе гаспадарчыя пабудовы карнікі спалілі дашчэнту.

Жыццё ў лесе праходзіла ў складаных умовах. Партызаны стараліся забяспечыць сямейны лагер хаця б нейкімі прадуктамі. Імі дзяліліся многія вяскоўцы. Міхаіл адразу стаў партызанам атрада “Савецкая Беларусь”. Гэта адбылося напачатку красавіка 1943 года. Нягледзячы на свой юны ўзрост, Міхаіл Міскевіч быў у адным страі з дарослымі. І вучыўся ў іх і лясному жыццю, і баявому майстэрству. Першым сваім  настаўнікам Міхаіл Васільевіч і сёння называе Паўла Паўлоўскага, камандзіра ўзвода падрыўнікоў. Дарэчы, з групы №53 Паўлоўскага, як сведчаць дакументы, і вырас партызанскі атрад “Савецкая Беларусь”. Менавіта Паўлоўскі навучыў Міскевіча рабіць толавы зарад (партызанскую міну) і ставіць яго пад чыгуначныя рэйкі.


Першы нямецкі эшалон, што пусцілі пад адхон, быў запісаны на рахунак усяго ўзвода, хаця міну падкладвалі двое – Павел Паўлоўскі і Міша Міскевіч. Канешне, галоўным тут быў Мішын настаўнік. Той эшалон чакалі доўга, не маглі ніяк сагрэцца. Не дапамагалі нават дзве пляшкі першака, якія ўзялі з сабой. Толькі калі пачало днець, замільгалі агні паравоза. Паспелі штыком разварушыць шчэбень пад рэйкай, выграбці яго, падкласці зарад і зацярушыць яго снегам. Тады ахоўнікаў паблізу не аказалася, таму міну ставілі на так званы “шомпал”. Адбегшы ад чыгункі і стаіўшыся за дрэвамі, дзе ўжо знаходзіліся астатнія члены групы падрыўнікоў, чакалі выбуху. А ён быў такі моцны, што вушы заклала ў Мішы, і ён не чуў свайго голасу, калі крычаў: “Павел Іванавіч, ёсць, ёсць!” і ад радасці скакаў у валёнках па глыбокім снезе.

Праз дзень сувязныя паведамілі ў атрад, што пушчаны пад адхон за Броннай Гарой варожы эшалон быў з нямецкай тэхнікай і боепрыпасамі.

Пры паходах на чыгунку, асабліва зімой, прыходзілася многае перацярпець. Даймалі і холад, і непагадзь. У любое надвор’е трэба было хітра маскіравацца, каб варожыя патрулі (а гэта і немцы, і паліцаі), што ходзяць уздоўж рэек, нічога падазронага не маглі заўважыць. 

Поўзаць па-пластунску з дзесяцікілаграмовай мінай на плячах не кожнаму на сіле, але ў Міскевіча атрымлівалася на “пяць”, як казалі падрыўнікі. А на асабістым рахунку Міхаіла сем нямецкіх эшалонаў, пушчаных пад адхон.


– Мы, маладыя партызаны (а такіх у атрадзе мелася нямала), былі не з баязлівых. 

Удзельнічалі ва ўсіх баявых аперацыях, хадзілі ў разведку і на чыгунку, стаялі ў ахове. Спалі, як кажуць, на хаду, але загады камандзіраў выконвалі і штодня наносілі адчувальныя ўдары па ворагу…

Кароткі, але гарачы бой адбыўся ў вёсцы Сасноўка (Слонімскі раён). Ён запомніўся Міскевічу яшчэ і таму, што паліцаі, якіх узялі ў палон, стаялі на каленях, плакалі і прасіліся, каб іх не расстрэльвалі, маўляў, іх сілай загналі ў паліцыю. Разбіраліся тады з кожным паасобку.

– Не ўсе мае баявыя сябры дажылі да дня вызвалення раёна ад акупантаў, – са смуткам кажа Міхаіл Васільевіч. – Але мы, хто застаўся жывым, радаваліся як дзеці…


Міскевіча ў тыя ліпеньскія дні ў дзеючую армію не прызвалі, бо яму яшчэ не споўнілася і 16-ці гадоў. Пайшоў працаваць. Спярша быў на розных работах, а потым уладкаваўся на лесазавод і звыш 35-ці гадоў аддаў гэтаму прадпрыемству. Разам з жонкай Вольгай Мікалаеўнай (на жаль, яе ўжо сёння няма ў жывых) выгадавалі двух сыноў. Радуюць Міхаіла Васільевіча ўнукі і праўнучка. А вайна, што забрала ягоную маладосць, колькі б ні мінула гадоў, па-ранейшаму застаецца ў памяці і сэрцы. І, без сумнення, назаўсёды.

Святаслаў КАЖАДУБ, 

фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий