x
Close
Актуально Новости Общество Сельское хозяйство

Граматнае кіраўніцтва – аснова дабрабыту гаспадаркі

Граматнае кіраўніцтва – аснова дабрабыту гаспадаркі
  • Опубликовано:18 ноября, 2024

Пра эфектыўныя прынцыпы работы і ўкараненне IT-тэхналогій у сельскай гаспадарцы расказаў дырэктар ААТ «Целяханы-агра» Дзяніс Вішнеўскі.

Не сакрэт, што сельская гаспадарка – нялёгкая праца, якая не цярпіць памылак і нядбайнасці. А калі ты кіраўнік сельгаспрадпрыемства – гэта яшчэ і вялікая адказнасць, часам рызыка і пераадоленне цяжкасцей.


Дырэктару ААТ «Целяханы-агра» Дзянісу Вішнеўскаму ўсяго 36 гадоў, а ён ужо вопытны кіраўнік з чатырохгадовым стажам. Вывесці сельгаспрадпрыемства на лепшыя вытворчыя паказчыкі і памнажаць іх з кожным годам – такімі задачамі кіруецца дырэктар, і гэта яму паступова ўдаецца рэалізоўваць. Аб гэтым сведчыць і той факт, што сёлета па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур ААТ «Целяханы-агра» заняло трэцяе месца.

Сёння малады дырэктар прызнаецца, што заняць такую адказную пасаду ў 2020 годзе, а тым больш улічваючы, што сельгаспрадпрыемства было слабым, ён не пабаяўся. Быў толькі роздум: ці варта пакідаць аграномію, якой аддаў 10 гадоў і ў якой хацеў далей развівацца. Але набыты вопыт у раслінаводстве яму надта спатрэбіўся, а вось у жывёлагадоўлю прыйшлося ўнікнуць. Ды, як адзначае Дзяніс Анатольевіч, усіх тонкасцей работы да канца спасцігнуць нельга, колькі будзеш працаваць, столькі будзеш і вучыцца.

«Целяханы-агра» – гэта 4700 га сельгасугоддзяў, 80 % з якіх складаюць тарфянікі. Стаўку тут робяць на вырошчванне кукурузы і рапсу, якія дазваляюць закрыць пытанне з кармавой базай для забеспячэння жывёлагадоўчага комплексу. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых сёлета склала 48 ц/га, няблага ўрадзіў і азімы рапс – 40 ц/га, кукурузы на зерне сабралі 93 ц/га. Валавы збор зерневых і зернебабовых склаў 8500 тон. Гаспадарка выканала дзяржзаказ і 2800 тон зерневых рэалізавала.

Запас фуражу ў гэтым годзе зроблены добры – закладзена больш за 18 тыс. тон сенажу, 12 тыс. тон сіласу. Поўнасцю забяспечылі сябе і рапсавым шротам, закупілі 400 тон соевага. Тым самым на пагалоўе ў 4030 галоў сфарміраваны запас кармоў на год. У папярэднія гады, як адзначае кіраўнік, кармы часткова даводзілася купляць.

У ААТ «Целяханы-агра» функцыянуе чатыры фермы: адна малочнатаварная з дойным статкам у 1300 галоў і тры па дарошчванні і адкорме маладняку БРЖ. У сярэднім надой на адну дойную галаву ў суткі складае 30 літраў. Таварнасць – 95 %.

Сортам экстра ідзе 80 % малака, астатняе – вышэйшым. Ёсць зрухі і ў вырошчванні БРЖ, тут атрымліваюць 820 грамаў сярэднясутачных прываг (+ 50 г да ўзроўню мінулага года).
Між іншым, для кармлення БРЖ у гаспадарцы выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне AMTS, якое дазваляе фарміраваць рацыёны, што задавальняюць патрэбы ў пажыўных рэчывах, асабліва ў энергіі і бялку.

Малады і прагрэсіўны кіраўнік Дзяніс Вішнеўскі ўпэўнены, што без сродкаў аўтаматызацыі нельга атрымаць аб’ектыўныя даныя для аналізу сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Прыйсці да эфектыўнай вытворчасці кіраўніку і калектыву сельгаспрадпрыемства дапамагае праграма кіравання статкам DairyComp, якую ўкаранілі тут у снежні мінулага года. У гэтым дапамог прыклад расійскіх калег, з якімі рэгулярна супрацоўнічае дырэктар. Да прыкладу, праграма дазваляе кантраліраваць здароўе статку, колькасць надояў, прывагі, вакцынацыю, узнаўленне статку і многае іншае. Акрамя таго, штучны інтэлект праводзіць аналітыку і выдае рэкамендацыі.

– Кіраваць фермай без аўтаматызацыі можна, аб гэтым кажа шматгадовая практыка. Аднак такая сістэма ўжо зжыла сябе, найперш, за кошт таго самага чалавечага фактару, калі, напрыклад, нясвоечасова або наогул работнікам не выканана тая ці іншая аперацыя. А самае галоўнае, праграма дазваляе бачыць вынік – падлічаныя эканамічныя паказчыкі, – расказвае Дзяніс Анатольевіч.

Кожны дзень у абавязкі спецыялістаў гаспадаркі ўваходзіць унясенне ў праграму даных аб праведзеных імі за працоўны дзень аперацыях. Гэта, трэба сказаць, і дысцыплінуе саміх работнікаў. Нават калі хтосьці спакусіцца нешта не выканаць, але адзначыць у базе як выкананае заданне, кіраўнік аб гэтым зноў жа з дапамогай праграмы даведаецца.

У гэтым пытанні «Целяханы-агра» ў раёне з’яўляецца першапраходцам. А ў планах у кіраўніцтва ўкараненне падобных камп’ютарных тэхналогій і ў раслінаводстве, над гэтым ужо пачалі працаваць.
За гады кіравання Дзяніса Анатольевіча амаль поўнасцю абнавіўся машынна-трактарны парк. Толькі ў гэтым годзе набылі энерганасычаны трактар МТЗ-3522, сеялку Horsh, пагрузчык Амкадор, тры трактары, МАЗ і тры легкавыя аўтамабілі.

Вядзецца планамерная работа па паляпшэнні ўмоў ўтрымання скаціны. Рэканструявана памяшканне для ўтрымання быкоў на ферме «Выганашчы», зараз ідуць работы па будаўніцтве выгульных пляцовак пад сухастой на МТФ «Целяханы». У гэтым годзе пабудавана чатыры сіласныя траншэі, забетаніраваны пляцоўкі на гаспадарчых дварах.

Сярод цяжкасцей кіраўнік адзначае праблему з кадрамі. Тэхніка новая, а працаваць на ёй ахвочых не надта многа, бо не хапае механізатараў. Сярэдняя зарплата за апошнія 10 месяцаў тут складае 2100 рублёў, і Дзяніс Анатольевіч кажа, што прапарцыянальна адпрацаванаму аграрыямі часу хацелася б плаціць ім больш. Разам з тым даволі патрабавальны кіраўнік вылучае касцяк, які сфарміраваўся са спецыялістаў сельгаспрадпрыемства, і найперш свайго намесніка Аляксея Леановіча, на якіх ён пры неабходнасці можа спакойна палажыцца, калі яму спатрэбіцца адлучыцца на пару дзён.

Невялікімі, але ўпэўненымі крокамі «Целяханы-агра» выходзяць у моцныя сярэднякі, а ў некаторых пытаннях, як бачна, і ў лідары.

– Трэба быць лепшым, а не першым, – кажа Дзяніс Анатольевіч, для якога важна не паказаць сваю перавагу над некім, а ствараць дабрабыт у родным сельгаспрадпрыемстве, у яго калектыве і ў сельскагаспадарчай галіне.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.