Close
Главная новость Новости Общество Я тут патрэбны

Хараство папяровых карункаў Наталлі Кулецкай

Хараство папяровых карункаў Наталлі Кулецкай
  • Опубликовано:19 августа, 2023

Як захапленне выцінанкай прывяло да звання Народнага майстра Беларусі

Гераіня нашага праекта ўжо добра знаёмая чытачу раёнкі і не толькі, пра Наталлю Кулецкую ведаюць і за межамі Беларусі. Нажніцы, аркуш паперы, талент і карпатлівая праца – вось галоўныя інструменты Народнага майстра Беларусі, які валодае мастацтвам выцінанкі. І сёння размова пра яе – чалавека творчага, натхнёнага і ўлюбёнага ў сваю справу.

Нарадзілася Наталля Міхайлаўна ў в. Чамялы ў шматдзетнай сям’і, якая жыла на хутары. Скончыла Чамялоўскую васьмігодку, потым Даманаўскую сярэднюю школу і паступіла ў Баранавіцкае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць «выхавальнік дашкольнай адукацыі». У хуткім часе выйшла замуж, нарадзіла дваіх сыноў.

У 2008 годзе паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. А. С. Пушкіна на факультэт дашкольнай адукацыі, а потым у інстытуце перападрыхтоўкі кадраў атрымала спецыяльнасць «Інтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольнай адукацыі». Пачынала працоўную дзейнасць у Бярозе памочнікам выхавацеля, затым выхавацелем. З 2000 года і да гэтай пары Наталля Міхайлаўна працуе ў Косаўскім дзіцячым садку: спачатку была выхавацелем, а з 2009 года стала настаўнікам-дэфектолагам. Увесь час з’яўляецца старшынёй прафкама, і ўжо трэцяе скліканне – дэпутат мясцовага Савета.

Пражывае ў в. Дубітава, дзе ўсяго каля 10 пастаянных жыхароў. Калі стаяў выбар, дзе ж асесці сям’і, муж Валерый вырашыў: толькі ў Дубітаве, на яго малой радзіме, і Наталля згадзілася. Дарэчы, і сам дом, і амаль уся мэбля ў ім зроблена рукамі гаспадара. Ён сталяр, таму рамкі, падстаўкі для выцінанак Наталлі Міхайлаўны – яго работа таксама. А сцены ўпрыгожваюць карціны сына Сяргея, ён, як і мама, чалавек творчы, скончыў Косаўскую школу мастацтваў, зараз працуе на
«БелАЗе». Старэйшы сын Аляксандр дапамагае тату ў сталярцы, а яшчэ дастаўляе маміны работы на выстаўкі. А вось выцінанак у доме няшмат – у асноўным яны ездзяць па выстаўках.

Творчасць суправаджае Наталлю Міхайлаўну з самага дзяцінства. Сваю першую камізэльку спіцамі яна звязала ў пяць (!) гадоў. Маленькая Наталля любіла назіраць, як вяжа мама, паспрабавала сама – і атрымалася. А потым шыла цацкі, вышывала, малявала, наведвала розныя гурткі.

У маладосці пазнаёмілася з саломкай. Сям’я на той час пераехала ў Любішчыцы, а іх суседкай аказалася Ніна Чымбар. І калі Наталля зайшла да яе ў хату – вочы разбегліся ад прыгажосці, бо ўсё было ў саламяных вырабах. Так і яна захапілася саломапляценнем.

У 2002 годзе Наталля Міхайлаўна паехала на курсы павышэння кваліфікацыі ў Брэст,
дзе і пазнаёмілася з выцінанкай, і агеньчык захаплення ёю разгарэўся з такой сілай, што выцінанка стала справай усяго жыцця. Прыехаўшы дахаты, яна перарэзала шмат стосаў паперы, пакуль пачало больш-менш атрымлівацца, але настойлівасць і схільнасць да захаплення дапамаглі ў справе. Падчас завочнай вучобы гэтыя ўменні вельмі спатрэбіліся. Ужо ў 2009 годзе абараніла дыпломную работу на тэму «Развіццё вобразнай выразнасці ў старэйшых дашкольнікаў у аплікацыі на аснове выкарыстання тэхнікі выцінанкі», а ў садку арганізавала платны гурток, сама распрацавала праграму.
Потым Наталлю Міхайлаўну запрасілі папрацаваць у Дубітаўскі сельскі клуб загадчыкам на палову стаўкі. Там яна арганізавала гурток «Палітра талентаў», на які збіраліся вечарамі жыхары вёскі.

Наталля выразала, сын маляваў, хтосьці спяваў, вышываў, а некаторым было проста цікава сядзець і назіраць. Разам са старэйшымі ўспаміналі, як некалі выразалі з паперы сурвэткі або фіранкі, якімі ўпрыгожвалі вокны, палічкі, абразы, рабілі гэта ў асноўным па суботах ці напярэдадні вялікіх святаў. Нажніцы некалі былі дарагой рэччу, іх бераглі і не давалі дзецям, каб не згубілі ці не зламалі.

Помніцца Наталлі Міхайлаўне, як у яе бабулі былі ўпрыгожаны палічкі ў кладоўцы выцінанкай са шпалераў, а на кухні палічка, дзе стаяла вазачка з цукеркамі, упрыгожаная папяровымі карункамі. Калі бабулі дома не было, дзеці лазілі па цукеркі і, бывала, ірвалі карункі. Так бабуля здагадвалася, што дзеці бралі цукеркі, і застаўляла іх рэзаць новыя.

Сёння ў арсенале Наталлі Міхайлаўны маленькія нажніцы, японскія, не патрабуюць завострывання, пёравы канцылярскі ножык і, на маё вялікае здзіўленне, нажніцы, якія дасталіся ёй ад мамы, імі стрыглі авечак. Гэтымі нажніцамі і вырэзвалі ўпрыгожванні нашы бабулі, бо такія былі практычна ў кожнай сям’і.

З цягам часу аматарскае захапленне выцінанкай перарастала ў нешта большае. У 2016 годзе сям’я Кулецкіх адправілася на абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Таночак». Там прадставілі работы па дрэве мужа і папяровыя фіранкі, за якія атрымалі другое месца. З таго часу Наталлю Кулецкую заўважылі ў культуры не толькі ў раёне, але і ў вобласці, пачалі запрашаць на выстаўкі, святы. Двойчы яна прывозіла дыпломы першай ступені з рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Вясновы букет». Было шмат іншых выставак і конкурсаў, новых перамог, і да кожнай падзеі ёй хацелася прыдумаць і стварыць штосьці новае.

У 2019 годзе Наталля Міхайлаўна са сваімі выцінанкамі паехала на «Славянскі базар» у Віцебск, дзе прадставіла загадзя падрыхтаваную работу «Народныя танцы», а там на месцы выканала чарговы шэдэўр «Тры дрэўцы на матуліным двары», што сімвалізавала траіх дзяцей яе мамы. На двух дрэўцах па дзве птушачкі – у Наталлі і ў сястры па двое сыноў, і адно дрэўца пасярэдзіне без птушак – у брата дзяцей не было. Успамінае, як хвалююча было чакаць падвядзення вынікаў, амаль усім раздалі ўзнагароды, засталася яна за сцэнаю стаяць адна, нават неяк сорамна і крыўдна стала за сябе. І тут аб’явілі Гран-пры конкурсу і назвалі яе прозвішча. Гэта была незабыўная радасць ад перамогі!

Нарэшце, у студзені 2020 года Наталля Міхайлаўна атрымала званне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь. Гэтаму папярэднічала вялікая карпатлівая работа, удзел у многіх конкурсах і персанальныя выстаўкі, пра яе ўжо ведалі ў Міністэрстве культуры і ў Саюзе майстроў Беларусі.

У 2021 годзе выцінанка ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Таму і званне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь усклала на Наталлю Кулецкую яшчэ большую адказнасць, работа не спыняецца, а сама майстар не перастае шліфаваць свой талент.

Наша сустрэча з Наталляй Міхайлаўнай адбылася на яе працоўным месцы. У Косаўскім дзіцячым садку арганізавана выстаўка яе работ. Сярод усіх вылучаецца сваёй маштабнасцю трыпціх «Мая Беларусь». Кожная кампазіцыя насычана мноствам дэталяў, якія прадуманыя да дробязяў і маюць сваю сімвалічнасць. Першай з трыпціха была створана работа «Косаўскі Палац» (2016). Аўтар доўга вывучала, колькі ў замку акенцаў, вежаў, прадумвала, што павінна быць вакол. Вада ў кампазіцыі сімвалізуе азёры вакол Палаца, зубры – Белавежскую пушчу, ручнікі – гасціннасць, а вясёлка, сонца і буслы ў небе – міралюбівасць. Да 1000-годдзя Брэста ўзнікла ідэя стварыць работу «Брэст – заходнія вароты краіны» (2019), дзе ручнікі-дарогі гасцінна разбягаюцца ў бакі, тут жа зноў і зубры, дрэвы – сімвал жыцця, буслы – сімвал міру. У апошняй з трыпціху рабоце «Вароты Мінска» (2021) аўтар гаворыць, што ўсе мы аб’яднаны любоўю да сваёй краіны. Ручнікі-дарогі з розных бакоў вядуць да нас, шчыра запрашаючы ў госці, промні сонца ў выглядзе слуцкіх паясоў нагадваюць пра нашы традыцыі, а ўся кампазіцыя сімвалізуе народнае адзінства.

– Такія работы выкананы па клічы душы і сэрца, не па заказе, – кажа аўтар.

Ёсць месца ў калекцыі і рэлігійным матывам, і народным казкам, і беларускім традыцыям і ўзорам. Іконы, фіранкі, сурвэткі, пано, паштоўкі… У асноўным пераважаюць работы з белай паперы, радзей выкарыстоўвае аўтар чырвоную ці чорную. Скрупулёзна адносіцца да фону, бо ён стварае свой антураж, а падабраць яго не так і проста.

Сярод работ немагчыма не заўважыць аўтарскія жаночыя ўпрыгажэнні-кулоны. Аснову для іх Наталля Міхайлаўна купляе пад заказ, а пад павелічальнае шкло кладзе сваю выцінанку, яна малога памеру і выканаць яе даволі складана. І ў кожнай свой сімвалізм. Якая гэта прыгажосць! Наталля Міхайлаўна ўжо не можа злічыць, колькі работ падорана, яна іх не шкадуе.

Разглядаеш гэтыя выцінанкі і здзіўляешся іх дасканаласці, такому гарманічнаму спалучэнню форм і ліній, складанасці ўзораў. Кожная работа патрабуе засяроджанасці, каласальных затрат часу, майстар на стварэнне свайго шэдэўра траціць ад некалькіх гадзін да месяцаў. Акрамя мастацкага майстэрства патрабуецца нямала цярпення, уседлівасці, цвёрдасць рукі і вастрыня зроку, бо адзін толькі няёмкі рух – і ўся праца можа быць незваротна страчана, а здаралася і такое.

– Аднойчы на выстаўцы ўпаў цэлы стэлаж, рамкі паламаліся, шкло разбілася, – дзеліцца Наталля Кулецкая. – Асабліва далікатныя фіранкі да ветру. Іншы раз даводзіцца пераробліваць нанава. Раз я прысвяціла сябе такому недаўгавечнаму віду мастацтва, то з самага пачатку была гатовая да гэтага. Калі не ладзіцца карціна – раблю магніты, паштоўкі, проста сядзець без работы не магу. З узростам пачынае нешта балець. І заўсёды думаю: Божа, не забяры толькі ў мяне рукі, каб было чым займацца. Многія адгаворваюць: навошта табе, гэта ж нідзе не выкарыстоўваецца. А мне дастаткова выехаць на чарговую выстаўку, каб людзі паглядзелі, я атрымліваю такі эмацыянальны зарад, што мне яго хапае надоўга.

Нядаўна была цікавая паездка ў Маскву, дзе Народны майстар прадставіла свае выцінанкі ў Кацярынінскім парку. У той жа час частка калекцыі паехала ў Александрыю на выстаўку-кірмаш «Абярог міру і саюзнага адзінства», яе павезла метадыст аддзела культуры Алена Шэлест.

Наталля Міхайлаўна выкладае на курсах для работнікаў адукацыі і культуры ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БрДУ ім. А. С. Пушкіна, працуе кіраўніком гуртка па выцінанцы для дарослых і дзяцей пры Косаўскім ГДК. Акрамя гэтага дома ёсць падсобная гаспадарка, вялікі агарод, гектар зерневых ды 25 сотак бульбы, а яшчэ кожны дзень дома яе чакаюць мужчыны, якіх трэба смачна накарміць. Як жа ўсё паспявае гэтая руплівая і таленавітая жанчына?

– На ўсё пра ўсё ёсць доўгая ноч, – смяецца Наталля Міхайлаўна. – Калі ёсць тэрміновая работа па доме – выцінанка на другім плане, а калі рыхтуешся да чарговай выстаўкі, то дамашняя работа застаецца на потым. Для мяне важна пакінуць пасля сябе работы, каб нехта, паглядзеўшы на іх, захацеў зрабіць лепш. Навічку раю паспрабаваць, паглядзець выстаўкі, літаратуры зараз шмат. А раздрукаваць шаблон і выразаць – гэта плагіят і гэта хутка надакучыць. Цікава самаму стварыць сюжэт, ідэю, убачыць рэзультат працы і атрымаць задавальненне.

Наперадзе ў Наталлі Кулецкай персанальныя выстаўкі, новыя творчыя конкурсы і, упэўнена, новыя перамогі. Няхай яшчэ доўгія гады з-пад яе рукі са звычайнага аркуша паперы нараджаюцца новыя шэдэўры, у якіх увасобіцца мноства ідэй.

У тым, што старажытная выцінанка існуе сёння, заслуга такіх энтузіястаў, як яна. Пэўныя старонкі кнігі «Народныя майстры Беларусі» прысвечаны творчасці Наталлі Міхайлаўны, а ў новай кнізе «Беларуская выцінанка. Традыцыі і сучаснасць» Я. Сахуты размешчаны каля 20 яе работ і біяграфічныя звесткі. Творца са сваім непаўторным мастацкім бачаннем ужо пакінула значны след у гісторыі, а Івацэвіччына па праве ганарыцца яе талентам, які, безумоўна, тут вельмі патрэбны.

Штрыхі да партрэта
Бліц-інтэрв’ю
Ідэальны адпачынак – гэта творчасць. Нават калі еду ў санаторый, бяру з сабой паперу і нажніцы, атрымліваю асалоду, калі застаюся сам на сам з творчасцю.

Больш за ўсё мяне натхняе чужы талент, тады яшчэ больш хочацца ствараць самой нешта новае.
Прыкладам для пераймання для мяне была і будзе мая мама. Гэта прыклад таленту і працавітасці.

Любімы фільм з савецкай класікі «Масква слязам не верыць», а вось з сучаснага – «Усмешка перасмешніка».

Калі б была магчымасць вярнуцца ў мінулае, то нічога ў сваім жыцці не мяняла б, за выключэннем памылак маладосці, якія, я думаю, ёсць у кожнага.

Мае далейшыя планы на жыццё – працягваць сваю творчасць, а што датычыцца сям’і, то дачакацца ўнукаў.

Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.