Так, нават такое вялікае свята не стала перашкодай для жыхаркі адной з вёсак раёна, каб рашыцца на кражу трохколавага дзіцячага веласіпеда. 13 чэрвеня ў Святавольскім СДК прайшло адкрытае пасяджэнне суда, на лаве падсудных аказалася 45-гадовая беспрацоўная жанчына, злоўжываючая алкаголем, аднак, раней не судзімая, якая паклала вока на чужы веласіпед. І найхутчэй яна б давяла справу да канца, калі б своечасова не апомніліся гаспадары веласіпеда.  

Справа адбылася ў святочны дзень 16 красавіка каля вясковых могілак. Падчас дачы паказанняў М. А. расказала, што з самага ранку яна адзначыла свята са сваім сужыцелем, яны распілі бутэльку віна, а пасля жанчына яшчэ выпіла з сябрам, і ў такім вельмі нецвярозым стане адправілася на магілы да сваіх родзічаў. На выхадзе з могілак М. А. убачыла дзіцячы веласіпед, агледзелася па баках – гаспадароў транспарту не ўбачыла і вырашыла прысвоіць яго. Жанчына чула, што яе нехта аклікваў, але праігнаравала гэты факт ды на ўсякі выпадак паскорыла шаг. Людзі крычалі яшчэ гучней, а пасля М. А. дагнала і вырвала з яе рук веласіпед гаспадарыня транспарту.

Разам з мужам і дзецьмі пацярпелая А. І. прыехала на могілкі, каб наведаць магілы ў свята. Веласіпед малодшага дзіцяці бацькі без усякіх трывожных думак пакінулі ля ўваходу. Самай пільнай аказалася старэйшая дачка ў сям’і, яна і сказала бацькам аб тым, што веласіпед некуды панесла чужая жанчына… Дзякуючы прадпрыемлівасці саміх гаспадароў веласіпеда крадзяжу ўдалося пазбегнуць, аднак М. А. прызналі вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 14 («Спроба злачынства») і арт. 205 («Крадзеж»). Пры вынясенні прысуду суд улічыў ступень грамадскай бяспекі здзейсненага злачынства, асобу абвінавачванай, адсутнасць месца работы. Адмоўная характарыстыка па месцы жыхарства, наяўнасць адміністрацыйных пакаранняў і неабходнасць у прымусовым лячэнні ад алкагалізму сыгралі немалую ролю для суда. Аднак з улікам чыстасардэчнага раскаяння М. А. суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе арышту на месяц.

У бліжэйшы час жанчыну чакае яшчэ прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму, і, будзем спадзявацца, новае жыццё, у якім будзе цвярозы розум, працоўнае месца і светлая будучыня без крадзяжоў і іншых злачынстваў.                        

Раман ГУЗЮК, пракурор Івацэвіцкага раёна. 

Поделиться