Хутка запаляць чацвёртую свечку
на калядным вянку ў касцёле, і настане чаканае свята…
1 снежня пачаўся пост у каталіцкіх вернікаў і разам з ім адлік тыдняў, дзён да Раства Хрыстова. Вядзецца гэты адлік яшчэ і дзякуючы каляднаму вянку, які робяць з яловых галінак, у ім абавязкова чатыры свечкі – яны запальваюцца адна за адной на нядзельных службах у кожны тыдзень посту.
Літургічная асаблівасць гэтага посту ў католікаў у тым, што кожны тыдзень і служба прысвечаны асаблівай евангельскай падзеі. У кожную нядзельную службу ксёндз пробашч Адам Страчынскі запальвае новую свечку:
– Калядны вянок – гэта сімвал чакання і надзеі, яго нездарма робяць з яловых галінак, зялёны колер – колер надзеі, – расказвае ксёндз Адам. – Гэты пост радасны, мы ўсе чакаем Нараджэння Хрыста, кожная запаленая свечка набліжае нас да гэтага радаснага моманту. Некаторыя памылкова надаюць сімвалізм колеру свечак, але не, колер тут не мае значэння, сёлета ў нас сінія свечкі і толькі трэцяя ружовая – гэта свечка радасці – Хрыстос побач, Раство блізка… А ўжо ў гэтую нядзелю падчас службы я запалю апошнюю, чацвёртую, свечку, і настане свята.
Дарэчы, ксёндз расказаў, што калядны вянок кожны вернік можа зрабіць для сябе і запальваць свечкі дома перад малітвай. А ў гэтым годзе ў касцёле незвычайны вянок, дакладней, іх чатыры, у цэнтры кожнага – свечка. Такі аўтарскі погляд парафіянкі, даўняга касцёльнага творчага афарміцеля Таццяны Пракурат:
– Гэта ўжо мой чацвёрты вянок для касцёла, у гэтым годзе захацелася зрабіць цэлую кампазіцыю, яна больш маштабная і святочная. Канечне, я параілася з ксяндзом, бо эстэтычны бок пытання тут не першасны, усё павінна было быць па канонах. Ён адобрыў маю задумку, два вечары творчага працэсу – і вянок у касцёле! Дарэчы, у нас дома таксама ёсць вянок, у нядзелю пасля службы ў касцёле запальваю свечкі, гэта быццам набліжае свята. З дня на дзень мы пачнём прыбіраць касцёл да святочнай службы, там таксама ёсць незвычайныя ідэі, з упрыгожваннем мне дапамогуць Ірына Сергіенка, Вольга Наумчык, Лідзія Куратнік. А ўвогуле ўсім работы хопіць, мужчыны будуць вешаць гірлянды звонку, кожнага чакае свой фронт работ.
Прыемнымі падзеямі і клопатамі жыве касцёл у чаканні Раства. Зараз два разы на тыдзень – па аўторках і чацвяргах – да ўзыходу сонца праходзяць раратныя службы. Пры цьмяным свеце, калі храм асвятляюць толькі свечкі ў руках вернікаў, тут чакаюць свята. З 13 па 15 снежня ў касцёле традыцыйна праходзілі перадсвяточныя рэкалекцыі, духоўныя практыкаванні на гэты раз праводзіліся па тэме «Чалавецтва і любоў». Паслухаць пропаведзі ксяндза Дзмітрыя з Лунінца прыходзілі і дарослыя вернікі, і дзеткі. Дарэчы, у невялікай парафіі даволі актыўныя маладыя сем’і, якія з малога паказваюць дарогу да касцёла сваім дзецям. Малыя праходзяць заняткі катэхезы, некаторыя хлопчыкі потым пасля экзаменаў становяцца містрантамі і дапамагаюць на службах святару. У гэтым годзе дзеткі разам з выкладчыкамі слова Божага рыхтуюць калядны спектакль. Па традыцыі ўсе дзеці атрымаюць ад касцёла салодкія падарункі. Ужо сёння з Гродзеншчыны ў касцёл скаўты каталіцкіх аб’яднанняў Беларусі даставяць Віфлеемскі агонь – сімвал адзінства са святой зямлёй. Святочная служба ў ноч з 24 на 25 снежня пачнецца з таго, што ксёндз запаліць ад гэтай лампадкі ўсе свечкі ў касцёле. А пасля ўсе парафіяне панясуць па дамах свае лампадкі з Віфлеемскім агнём. Так пад кожны дах каталіцкіх вернікаў прыйдзе свята.
Пакуль усе ў касцёле заклапочаныя ўпрыгожваннем, але ксёндз Адам у сваёй віншавальнай прамове звярнуў увагу на важныя ў гэтыя дні моманты:
– У перыяд адвента трэба паяднацца з Богам, з людзьмі, сеяць толькі добрае, каб будучы год быў шчаслівым. Я віншую ўсіх парафіян з надыходзячым святам, жадаю кожнаму як мага раней знайсці шлях да Бога і да храма. Жадаю ўсім здароўя, дабрабыту і Божых ласк.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.