І для моладзі наша раёнка!

Лічыце, што раённая газета толькі для пенсіянераў? Думаеце, чытаць і разважаць сёння не ў модзе ў школьнікаў ды студэнтаў? Вы думаеце, а мы ведаем, што моладзь, канечне, найперш сочыць за раённымі навінамі ў сацсетках і мэсэнджарах, але пасля пераходзіць па спасылках на наш сайт https://ivatsevichy.by/, бярэ ў рукі папяровую версію, шукае яшчэ больш інфармацыі, імкнецца за аналітыкай і аналізам… Усё часцей на Днях падпісчыкаў да журналістаў падыходзяць маладыя спецыялісты і абмяркоўваюць нашы новыя праекты і тэмы, і не аднойчы мы раздзялялі з падлеткамі іх радасць ад таго, што пра іх напішуць у газеце, а колькі «отметок» у сторысах мы атрымліваем па серадах і суботах. Юнакі і дзяўчаты фатаграфуюць свае паштовыя скрыні з раёнкай.
Некалі тэатру прадракалі канец, маўляў, навошта сцэна, калі ўсе ўжо ў тэлевізары. А пасля хадзілі чуткі пра знікненне тэлебачання, бо яго заменіць Інтэрнэт. Але і першае, і другое жыве і развіваецца! Сёння з’явіліся сацсеткі, шматлікія мэсэнджары, ёсць яны і ў «ІВ», там звыш 30 тысяч падпісчыкаў. Нашы Інстаграм, Тэлеграм, Tik-Tok дапаўняюць нас, але ніяк не замяняюць друкаваную версію. З газеты ўсё пачыналася 85 год таму, з газетай нам быць і надалей. Новыя веянні толькі дадаюць нам імпэту працаваць яшчэ актыўней, шукаць падыходы, мяняцца.
Так, спачатку мы пашырылі магчымасці «паперы» і сталі размяшчаць на старонках QR-коды, каб нашы чытачы маглі адсканіраваць іх і ўбачыць яшчэ больш фота з мерапрыемства, летам 2023-га сталі каляровымі суботнія нумары «ІВ», а з пачатку 2024-га мы перайшлі на колер і ў нумарах за сераду. Паўгода таму змяніўся дызайн газеты, многія нашы чытачы прыемна здзівіліся новым шрыфтам і лагатыпу. Падпісчыкі адзначалі – газета стала больш сучаснай і прывабнай, інфармацыю цяпер лягчэй успрымаць. Мы набылі тэхніку, каб павялічыць якасць фота, бо колер патрабуе ад нас яшчэ большага прафесіяналізму. Здаецца, год з невялікім, а колькі новага, так?
А будзе яшчэ больш, не раскрываем пакуль усе карты, але бягучы год асабліва адказны і багаты на даты і падзеі – краіна адзначыць 80-ую гадавіну з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 85-годдзе святкуе Брэсцкая вобласць, і такі ж юбілей гатуецца адсвяткаваць ваша любімая раёнка. А значыць, будуць новыя праекты, новыя публікацыі, сустрэчы з чытачамі. Тым больш, усім нам у верасні прымаць вялікае свята ў раёне – Дзень беларускага пісьменства – і шмат паважаных гасцей.
Усё раскажам, усё пакажам праз фотарэпартажы, вы толькі, як гэтыя дзяўчынкі на фота, будзьце ў трэндзе, не забудзьце аформіць падпіску на «Івацэвіцкі веснік». Зараз ідуць апошнія дні падпіскі на II паўгоддзе. Толькі так вы атрымаеце поўную навінную карціну ў раёне. Нагадваем, аформіць падпіску можна ў любым аддзяленні сувязі, у паштальёна і на сайце Белпошты. А ў рэдакцыі «ІВ» можна аформіць падпіску на электронную PDF-версію любімай раёнкі. Газету даставяць у любы населены пункт краіны, таму, калі вы хочаце парадаваць сваіх родных ці сяброў, нашых землякоў, якія сёння жывуць далёка, то, як кажуць, вэлкам! Мы робім многае і зробім яшчэ больш, але як таму ж тэатру патрэбны глядач, так нам вы – нашы чытачы!
З павагай, рэдакцыя «ІВ».