Целяханская бібліятэка, якая адносна нядаўна змяніла прапіску і імідж, практыкуе новае ў рабоце, і гэта надта даспадобы наведвальнікам
Целяханы да абласнога фестывалю «Дажынкі» атрымалі шмат падарункаў, і адным з іх стала абноўленая гарпасялковая бібліятэка. Цяпер скарбніца ведаў і мудрасці мае сучаснае абсталяванне: інтэрактыўны стэнд (па рэспубліцы ў бібліятэках іх адзінкі), мікшарны пульт, музычную апаратуру, тэлевізары з вялікімі экранамі, камп’ютары, каляровы прынтар, ламінатар…
Тут і новенькая мабільная мэбля ў светлых тонах, прызначаная спецыяльна для бібліятэк. Значна абнавіліся кніжныя фонды, у тым ліку дзякуючы прадпрыемствам-спонсарам. «Працаваць у такіх умовах – адно задавальненне», – кажа бібліятэкар з 30-гадовым стажам Таццяна Луцэвіч і вядзе нас па залах установы.
Целяханская гарпасялковая бібліятэка ДУК «Івацэвіцкая раённая бібліятэчная сетка» праз два гады адзначыць свой 100-гадовы юбілей: яе гісторыя пішацца з 1925 года. У той час гэта была хатка-чытальня з 30 кнігамі – у доме мясцовага яўрэя, дзе праводзілі і лікбез – вучылі грамаце. Пачалася вайна, і бібліятэка зачыніла свае дзверы для чытачоў, але адкрылася зноў – пасля вызвалення. Кніг у фондзе было ўжо каля 300, цяпер – больш за 30 тысяч! У 1967 годзе ў пасёлку ствараецца дзіцячая бібліятэка.
У 90-я гады, калі мінчанка Таццяна Луцэвіч прыехала працаваць у Целяханы, бібліятэка месцілася на вул. Савецкай, дзіцячая – на вул. Чырвоных партызанаў, у звычайных вясковых доміках. У 2008 годзе асноўную бібліятэку перасялілі на другі паверх пошты, а дзіцячую – на другі паверх КБА. У 2016 годзе бібліятэкі аб’ядналі ў Целяханскую гарпасялковую, яна па-ранейшаму знаходзілася ў будынку пошты. А ў мінулым годзе пераехала па новым адрасе – вул. 17 Верасня, 19, дзе знаходзіцца і Целяханскі сельвыканкам. Памяшканне падрыхтавалі належным чынам – зрабілі добры рамонт.
– Мы баяліся пераезду. Баяліся, што страцім чытачоў. Усё ж будынак пошты ў цэнтры пасёлка, людзі ідуць па магазінах, на рынак, завітаюць і ў бібліятэку. Але не, мы не згубілі – наадварот, набылі. Асабліва многа чытаюць дзеці, хоць мы і прывыклі думаць, што яны свету белага за гаджатамі не бачаць. І дарослыя чытаюць таксама. Любяць дэтэктывы, фэнтэзі (нядаўна было новае паступленне такой літаратуры), класіку, у тым ліку на беларускай мове, – расказвае Таццяна Луцэвіч.
Як ужо сказана вышэй, бібліятэка аснашчаная па апошнім слове тэхнікі. Абсталяванне выкарыстоўваецца для дэманстрацыі відэаролікаў, фільмаў і мультфільмаў. Інтэрактыўны стэнд – як вялікі смартфон: гартаеш старонкі на вялікім экране і знаёмішся з інфармацыяй. Мы прагледзелі на ім прэзентацыю, зробленую па выніках экскурсіі па краязнаўчым маршруце і падрыхтаваную работнікамі бібліятэкі. Наведвальнікі могуць зрабіць тое самае і даведацца шмат цікавага пра Целяханшчыну (і практыка паказвае, што целяханцы, хоць і жывуць тут, пра свой край ведаюць далёка не ўсё). У бібліятэцы аказваюць платныя паслугі па арэндзе камп’ютараў, па раздрукоўцы на каляровым прынтары, па ламініраванні дакументаў. Вядома, бібліятэка існуе для таго, каб браць у ёй кнігі. Акуратна, адна да адной выстаўленыя яны ў шафах, тут лёгка арыентавацца: вось раздзел беларускай літаратуры, вось – замежнай, асобна – навінкі. Парадак і ў святая святых – кнігасховішчы.
Дзіцячы аддзел бібліятэкі – у асобнай зале. Таксама бачым шафы з кнігамі для юных чытачоў. Тут можна бавіць час за настольнымі гульнямі, прысеўшы за каляровыя столікі, і бібліятэкары складуць кампанію. Шафа з лялькамі ручной работы для імправізаванага тэатру напоўнена дзякуючы талентам бібліятэкараў Валянціны Леановіч і Таццяны Луцэвіч – адна майструе лялек, другая шые для іх уборы. У дзіцячай зале таксама ёсць тэлевізар з выхадам у інтэрнэт. Вечарам, калі на вуліцы цёмна, тут уключаюць глобус зорнага неба. Бібліятэку часта наведваюць дзеці са школы-інтэрната, яны асабліва рады такім забавам.
Дзякуючы абсталяванню бібліятэка стала пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў, для сустрэч мясцовай інтэлігенцыі, актыўных целяханцаў, якія любяць абмеркаваць прачытанае і заадно пабавіць час за гарбатай і … караоке. Мерапрыемствы праводзяцца з нагоды і без, у памяшканні і на вуліцы (дапамагае новая музычная калонка), для дзяцей і для дарослых. Частыя госці ў бібліятэцы – наведвальнікі філіяла Івацэвіцкага ТЦСАН, людзі з інваліднасцю. Сёння бібліятэка ў Целяханах не проста ціхае месца, дзе бяруць і куды вяртаюць кнігі, а месца, дзе віруе жыццё, цэнтр прыцягнення.
Бібліятэка актыўна супрацоўнічае з гісторыка-патрыятычным клубам «Памяць» г. п. Целяханы. Сёлета да 9 Мая, прыклаўшы сумесныя намаганні, за два тыдні здолелі зрабіць макет Брэсцкай крэпасці, які, як галоўны экспанат на выстаўцы, абавязкова паказваецца ўсім наведвальнікам, у тым ліку гасцям пасёлка, што ў складзе розных дэлегацый завітваюць у адну з лепшых у вобласці бібліятэк. Калі запальваюцца свечкі, што арганічна ўпісаліся ў макет, запальваюцца агеньчыкі памяці і ў сэрцах усіх, хто назірае за гэтым відовішчам. А госці выходзяць з бібліятэкі ўражанымі – такога не сустрэнеш і ў вялікіх гарадах.
Нягледзячы на новыя павевы часу, усё ж кніга, як ні круці, павінна быць на першым месцы. Яна і будзе, бо застаецца надзейнай крыніцай пазнання. А вось бібліятэкі мяняюцца, гэта непазбежна і правільна. Прыжывуцца тыя формы работы, якія знойдуць водгук у наведвальнікаў, а пакуль ім падабаецца ўсё, што прыдумвае творчы калектыў Целяханскай гарпасялковай бібліятэкі – у яго ў новых сценах нібы адкрылася другое дыханне. Заходзьце ў бібліятэку, станьце яе сябрам – і займейце куточак для карыснага баўлення часу, куточак, дзе вам заўжды рады.
Вольга МАЦВЕЕНЯ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.