З 1 верасня 2021 года ў Беларусі замест звычайных пашпартоў пачалі выдаваць дакументы новага ўзору – з біяметрычнымі данымі. Гэта ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна (ID-карта) і біяметрычны пашпарт, неабходны для выезду за мяжу. Пры гэтым можна прадаўжаць карыстацца пашпартам старога ўзору ці замяніць яго на аналагічны, калі тэрмін дзеяння папярэдняга дакумента скончыўся. Большасць жыхароў раёна пакуль так і робіць, але ёсць нямала і тых, хто ідзе ў нагу з часам і аддае перавагу біяметрычным дакументам.

За перыяд з 1 верасня 2021 года і да 1 кастрычніка 2022 года 1000 жыхароў раёна атрымалі ID-карты і 580 – біяметрычныя пашпарты, паведаміў «ІВ» начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Івацэвіцкага РАУС Дзмітрый ШЫМАНОВІЧ.

Менавіта ў гэтае аддзяленне трэба звяртацца, калі вы таксама хацелі б атрымаць дакументы новага ўзору.

Вам не прыйдзецца запаўняць заяву на афармленне біяметрычных дакументаў. Не трэба і загадзя рабіць фотаздымкі «на пашпарт» – іх зробяць на месцы, а таксама ў вас возьмуць адпячаткі пальцаў, вы пакінеце свой электронны подпіс. Усё гэта зойме не больш за дзесяць хвілін. І яшчэ трэба аплаціць дзяржпошліну за афармленне дакумента. Калі маеце намер стаць уласнікам ID-карты, плата складзе 1,5 базавай велічыні, ці 48 руб. (афармленне звычайнага пашпарта каштуе 1 б. в. – 32 рублі). Дзяржпошліна за біяметрычны пашпарт – 2 б. в., ці 64 руб. Для льготнай катэгорыі грамадзян – пенсіянераў, інвалідаў I і II груп – плата за ID-карту складзе 1 б. в. (32 руб.), за біяметрычны пашпарт – 1,5 б. в. (48 руб). Такім людзям трэба прынесці ў аддзяленне дакумент, які пацвердзіць статус пенсіянера ці інваліда. І звычайны пашпарт, і ID-карта для дзяцей афармляюцца бясплатна, а біяметрычны – платна, дзяржпошліна – 1,5 б. в. (48 руб.).

Біяметрычныя дакументы зробяць за 15 дзён, аднак ёсць магчымасць скараціць тэрмін да 10 і 5 дзён. Даплата за тэрміновасць складзе 1 і 2 б. в. адпаведна. Дакументы выдаюцца на тэрмін 10 гадоў, для дзяцей – на пяць гадоў.

Не абавязкова рабіць адразу і ID-карту, і біяметрычны пашпарт – можна паэтапна. Можна ўвогуле не заказваць біяметрычны пашпарт – ён неабходны толькі для выезду за мяжу, робіцца пры наяўнасці ID-карты. Грамадзянін Беларусі не можа адначасова карыстацца звычайным пашпартам і біяметрычным дакументам – папярэдні дакумент здаецца.

Дарэчы, права на выбар паміж пашпартам старога ўзору і ID-картай маюць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Іншаземцы і асобы без грамадзянства афармляюць біяметрычны від на жыхарства.

Дзмітрый Шымановіч, які сам карыстаецца ID-картай, раіць усё ж абіраць біяметрычныя дакументы – за імі будучыня. Напрыклад, біяметрычны пашпарт дазволіць зрабіць больш простай і паскорыць працэдуру праходжання пагранічнага кантролю. Да таго ж іх у грамадзяніна, які часта перасякае мяжу, можа быць і два. Адзін біяпашпарт аддаеш у адно пасольства і, не чакаючы 15 дзён, пакуль паставяць візу, аддаеш другі ў другое пасольства. Асобная інфармацыя пра трымальніка ID-карты – аб яго сям’і, месцы жыхарства і рэгістрацыі – зашыфраваная на спецыяльных носьбітах (чыпах), і атрымаць яе могуць толькі ўпаўнаважаныя дзяржорганы праз машынасчытвальнікі. Гэта значыць, згуба ID-карты не прывядзе да таго, што вашымі персанальнымі данымі завалодае зламыснік. Карта пластыкавая, яе не пашкодзіць вада, як гэта здараецца са звычайным пашпартам. Ёсць і іншыя перавагі, якія стануць больш зразумелымі з цягам часу, калі лік трымальнікаў ID-карт узрасце, і машынасчытвальнікі з’явяцца ў розных арганізацыях у сталіцы і рэгіёнах.

Вольга МАЦВЕЕНЯ.

Поделиться