Пабывалі ў ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» падчас уборкі прыбытковай алейнай культуры і пагутарылі пра яе з вядучым аграномам гаспадаркі

Жніво ў самым разгары, аграрыі прыступілі да ўборкі зерневых і працягваюць актыўна ўбіраць азімы рапс. Гэтая каштоўная культура адносна нядаўна прыйшла на беларускія палеткі і паспела добра сябе зарэкамендаваць. Яна перш за ўсё крыніца кармавога бялку і высакаякаснага алею, і да таго ж рэнтабельная. Рапс – гэта першыя грошы гаспадарак. Не ўзнікае праблем з яго збытам. І ён выдатны папярэднік для зерневых. Бачыце, колькі плюсаў.

Азімы рапс, які вырошчваюць амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, па стане на 24 ліпеня ўбралі з 1 696 га пры плане 2 973 га, намалот склаў 4 868 т, ураджайнасць – 28,7 ц/га. Пакуль лідзіруюць па ўраджайнасці ААТ «Косава» (37,4 ц/га), ААТ «Падстарынь» (36,6 ц/га) і ДП «Э/б «Майск» (34,9 ц/га).

Агульная ўраджайнасць на рапсавых палях ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» невысокая – 24,9 ц/га.
У гаспадарцы ўжо ўбралі ўвесь азімы рапс і намалацілі 573 т алеенасення з 230 га. Аднак зазначым, што на сельгасучастку «Воля» дадзенай гаспадаркі, дзе журналісты пабывалі ў панядзелак, намалочвалі па 30 ц/га, на тарфяніку было і 36 ц/га. Толькі сельскагаспадарчых участкаў у прадпрыемства два, падвёў той, што ля Грыўды, – на мінералцы рапс сёлета падгарэў.

Акрамя азімага рапсу вырошчваюць тут і рапс яравы – яго ў гаспадарцы 70 га. Насенне – імпартныя гібрыды, у апошнія гады тут працуюць толькі з імі. Скарыстоўваючы іх, можна спадзявацца на поспех – у гібрыдаў вялікі патэнцыял, але яны і патрабавальныя – лепш родзяць на харошым угноеным полі пасля цыклу апрацовак. Ад таго, наколькі поўным будзе гэты цыкл, у многім залежыць ураджайнасць. І яшчэ адна неабходная ўмова атрымання высокага ўраджаю алейнай культуры – абавязковае выкананне нормаў пасеву.  У «Івацэвічыагратэхсэрвісе» робяць усё, каб дасягнуць ідэалу.

– Праводзім апрацоўкі, але іншы раз чагосьці і не хапае. Справа ў грашах. Каб атрымаць ураджай 35-40 ц/га, трэба зрабіць 5-6 апрацовак, а прэпараты дарагія, – тлумачыць вядучы аграном ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» Юрый Зялёнка. – Ад вопытнасці агранома ў гаспадарцы, канешне, залежыць многае (дарэчы, стаж Юрыя Андрэевіча ў аграноміі – 30 гадоў. – Аўт.), але шмат чаго залежыць і ад фінансаў. Каб нешта атрымаць, трэба і аддаваць. Мала ўкладзеш – мала і атрымаеш. Адказнасць за рэзультат адчуваю круглы год: і падчас сяўбы, і падчас догляду за пасевамі, і падчас жніва. Калі нешта не ўродзіць зусім, на надвор’е такое не спішаш. Хоць сёлета яно сапраўды не было спрыяльным.

ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» новы ўраджай адгружае ці прадае на ТАА «Аграпрадукт». Пасля перапрацоўкі алеенасення застаецца шрот, ён вяртаецца ў гаспадарку, і ім кормяць жывёлу. Таксама ТАА «Аграпрадукт» пастаўляе гаспадарцы насенне – гібрыды. Вось такі абмен. 40 тон зерня – дзяржзаказ. Яны ўжо адгружаны на ААТ «Мінскі маргарынавы завод». Салома, якая застаецца пасля ўборкі алеенасення, здробніцца і застанецца ў полі – гэта ўгнаенне, якое працуе на ўраджай наступнага года. Вядома, на гэтых палях пасеюць іншую культуру, а рапс вернецца сюды толькі праз чатыры-пяць гадоў.

Рапс называюць чорным золатам не толькі з-за колеру зерня. Гэта рэнтабельная прыбытковая культура. Адну тону алеенасення рапсу сёння можна прадаць за 1 230 руб., і гэта ў два з паловай разы больш, чым даюць за тону пшаніцы.

На сельскагаспадарчым участку «Воля», дзе рапс быў пасеяны на 130 га, яго ўбіралі на трох камбайнах, адзін з іх – КЗС-1218 – набыты сёлета ў лізінг (і восенню чакаецца пастаўка яшчэ адной аналагічнай адзінкі тэхнікі). На новым камбайне абмалочвалі рапс камбайнер Максім Зайко і яго памочнік Уладзімір Ганчар. Яшчэ два экіпажы – гэта камбайнер Аляксандр Кронда і яго памочнік Сяргей Кронда, а таксама камбайнер Васілій Молаш і памочнік Сяргей Катасаў. На адвозцы зерня былі задзейнічаны вадзіцелі Сяргей Сімончык і Яўгеній Гарчакоў. 24 ліпеня ў 12.00, калі ў поле прыехалі журналісты, хлопцам заставалася ўбраць 20 га, і яны надта спяшаліся паспець зрабіць гэта да дажджу: хмары на небе намякалі, што ён будзе. Літаральна мінут дзесяць на абед, які для камбайнераў гатуюць у сталоўцы ў в. Яглевічы, фота для «ІВ» – і яны зноў у камбайнах. А як інакш? Калі ўліе дождж, трэба здымацца з поля, чакаць, пакуль яно больш-менш прасохне, а інакш рапс не будзе вымалочвацца. Перад здачай зерне абавязкова прасушваецца. Вільготнасць алеенасення пры ўборцы была 13-14 %, каб яго прынялі на перапрацоўку, гэты паказчык павінен складаць 7-8 %.

Што ў гаспадарцы будуць рабіць далей? Убіраць азімыя зерневыя – пшаніцу альбо жыта. Вядучы аграном лічыць, што якраз азімае жыта сёлета павінна праявіць сябе лепш за ўсё – з тых культур, што пасеяны па палях гаспадаркі. А вырошчваюць тут пшаніцу, жыта, трыцікале, ячмень – азімыя і яравыя, яравы авёс, гарох. Па яравых надта ўдарыла засуха – паўтара месяца без дажджоў. А азімыя часткова змерзлі, каля 300 га перасеялі кукурузай. Фенаменальнага ўраджаю чакаць не прыходзіцца. Але і голаду не будзе, кажа Юрый Зялёнка.

Паралельна са жнівом вядзецца і нарыхтоўка кармоў. На ўчастку «Грыўда» завяршылі другі ўкос траў, паклалі ў траншэі 1 500 т сенажу. Дарэчы, уласнага сіласу і канцэнтратаў гаспадарцы звычайна хапае, каб пракарміць пагалоўе, а вось сянаж дакупляюць штогод. Чаму так? Што перашкаджае зрабіць дастатковы запас кармоў? Землі, дзе расце трава, чакаюць перазалужэння. Затраты на гэта сябе апраўдаюць, лічыць спецыяліст, тры-чатыры гады будзеш з добрымі травамі.

Абавязкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства зараз выконвае першы намеснік дырэктара ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» Вячаслаў Юрчык. Гэта вопытны аграном, які яшчэ нядаўна працаваў у ААТ «Падстарынь» – гаспадарцы, якая славілася сваім рапсам: ураджайнасць на асобных палях складала 40 ц/га. Ці атрымаецца дасягнуць такога выніку ў «Івацэвічыагратэхсэрвісе»? Час пакажа. Пажадаем гаспадарцы поспехаў і завітаем сюды пазней, каб пагаварыць пра жывёлагадоўлю, якая прыносіць асноўныя грошы і вельмі залежыць ад кармавой базы.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться