Close
Uncategorized Главная новость Новости Общество Спорт и туризм

Інтэлігент раённага футбола

Інтэлігент раённага футбола
  • Опубликовано:19 мая, 2023

Так характарызавалі Сяргея Васілевіча, дырэктара Установы «ДЮСШ г. Івацэвічы», трэнера-выкладчыка вышэйшай катэгорыі, некаторыя яго сябры і калегі, з якімі давялося пагаварыць пры падрыхтоўцы матэрыялу.

З такой фармулёўкай згаджаецца і аўтар радкоў: падчас любых спаборніцтваў, матчаў, мерапрыемстваў Сяргей Цімафеевіч заўсёды сабраны, спакойны, ураўнаважаны. Гэта быццам бы не стыкуецца з яго футбольным мінулым і сучасным, але Сяргею Васілевічу ўдаецца сумяшчаць трэнерскую дзейнасць, якая часта патрабуе эмацыйнасці, і кіраўніцкую пасаду, дзе ў яго ўсё пад кантролем.

Сёлета мой суразмоўца адзначыць 20-годдзе работы ва ўстанове, якая на добрым ліку ў вобласці, а па выніках раённага спаборніцтва сярод арганізацый і асобных катэгорый работнікаў за 2022 год аддзяленне лёгкай атлетыкі Установы занесена на раённую дошку Гонару. Гэта і многае другое стала нагодай для сустрэчы напярэдадні прафесійнага свята.

Мы сустрэліся на стадыёне «Кляноўка-арэна» перад трэніроўкай у чацвер і ў дажджлівае надвор’е. Аднак падапечныя Сяргея Цімафеевіча, хлопчыкі 2014 года нараджэння, займаліся на полі.

– Не бывае дрэннага надвор’я для спартсмена, для Віктара Маціна некалі ўвогуле не існавала залаў для трэніровак – толькі наш стадыён «Юнацтва», – пачынае размову Сяргей Васілевіч. – Мой першы трэнер – Міхаіл Сухан, ён сёння выкладае ў аграрным каледжы, пасля доўгі час я займаўся з легендай сярод трэнераў раёна Віктарам Маціным. А ў спорт я патрапіў нечакана нават для сябе! Я шмат хварэў, не хадзіў у дзіцячы садок, і бацькі, якія самі былі са спортам на ты, аддалі мяне ў футбол проста для падтрымання здароўя. А гісторыя зацягнулася на ўсё жыццё…

Так, наш зямляк, выпускнік-выдатнік Акадэміі фізічнага выхавання і спорту РБ, і спачатку іграў за бярозаўскую футбольную каманду, пасля працаваў настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў СШ № 3 г. Івацэвічы. Трэнерскі запал браў сваё, і нават за тры гады ў школе малады настаўнік арганізаваў секцыі па футболе і баскетболе. А пасля выпускнік Івацэвіцкай спартшколы прыняў прапанову ад Уладзіміра Доўжыка, які ўзначальваў тады аддзел па спорту і турызму, з адной умовай – з магчымасцю сумяшчаць дырэктарскую пасаду з трэнерскай работай.

Як жартуе мой герой, дырэктар ён па сумяшчальніцтве! З той пары Сяргей Васілевіч выпусціў у дарослае жыццё тры пакаленні футбалістаў: гэта спартсмены 1996, 1999 і 2006 гадоў нараджэння. Многім знаёмыя сёння імёны Ягора Варановіча, Антона Банкалюка, Паўла Вакуліча, Ігара Нарывончыка, Ільі Васілевіча, Артура і Мікіты Чуйко, Уладзіслава Абрамчука, Антона Карповіча, Андрэя Ахвандарава… Усё гэта трэнеры, ігракі прафесійных клубаў, навучэнцы школ алімпійскага рэзерву.

– Сяргей Цімафеевіч, памятаю, як цяжка вы асабіста і калектыў успрынялі страту статусу школы алімпійскага рэзерву ў 2022 годзе. Чаму так выйшла і якія задачы ставіце перад калектывам і выхаванцамі зараз?

– Калі я прыйшоў сюды працаваць, спортшкола была клубам, з іншымі, куды менш амбіцыйнымі планамі, у 2006-м мы сталі спартшколай, пасля 8 гадоў утрымлівалі званне школы алімпійскага рэзерву. У 2022 годзе не склалася, такі статус страцілі некалькі школ у вобласці. Пандэмія і санкцыі не далі нам выхаду на многія спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню, і ў выніку мы засталіся без чаканых узнагарод. Нашы задачы амаль не змяніліся: мы рыхтуем спартыўны рэзерв для нацыянальных і зборных каманд РБ, адбіраем, выхоўваем і перадаём перспектыўных спартсменаў у спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы (вышэйшага звяна), развіваем матэрыяльна-тэхнічную базу. Канечне, статус вярнуць хочам і імкнёмся да гэтага, чарговая атэстацыя нас чакае ў 2026 годзе, а са змяненнямі ў заканадаўстве, можа, яна пройдзе і раней.

На сённяшні дзень у трох аддзяленнях: па футболе, лёгкай атлетыцы і дзюдо – займаюцца 446 выхаванцаў, самае шматлікае аддзяленне футбола (242 чалавека), 107 дзяцей займаюцца лёгкай атлетыкай і 97 у нас дзюдаістаў. Што цікава, установа ўкамплектаваная кадрамі на 100 працэнтаў, тут шчыруе калектыў з 48 чалавек, 26 з іх – адміністрацыя і трэнеры-выкладчыкі.

– Якія падыходы ў вас да фарміравання калектыву? Многія працуюць ва ўстанове дзесяцігоддзямі…
– Некаторыя трэнеры працуюць у спартшколе нават больш за мяне. Падыход адзін – нам патрэбныя вынікі. Дзеці ўсіх пакаленняў больш-менш аднолькавыя, важны падыход трэнера. У нас вопытны касцяк, многія настаўнікі школ працуюць у нас па сумяшчальніцтве, ёсць і моладзь, нашы выпускнікі Дзіяна Крот, Людміла Варатніцкая, Дзяніс Лараў, Антон Банкалюк, Ягор Варановіч і Ягор Куіс, які часова спыніў работу на час тэрміновай ваеннай службы, гэта нашы дзеці, і сёння яны перспектыўныя трэнеры. Я патрабавальны кіраўнік, але чалавечы фактар у любых справах не выключаю ніколі. Думаю, гэта дапамагае мне.

– Вось ужо шэсць гадоў прайшло з адкрыцця нашага стадыёна, ведаю, Вы як ніхто «хварэлі» ідэяй будаўніцтва і прасоўвалі яе як маглі…
– Раёну быў патрэбны сучасны стадыён, і ў нас быў праект з 2008 года, адміністрацыйны будынак «вырас» у 2010-м. Але такая будоўля каштуе вялізных грошай, я гэта разумеў, аднак пытанне заўсёды агучваў на ўсіх прыёмах і афіцыйных сустрэчах. І вось мы маем тое, што маем. Большую частку года тут цяпер літаральна «жывуць» футбалісты і легкаатлеты. Добра было б палепшыць умовы для заняткаў і для нашых дзюдаістаў. Калі казаць шчыра, нам не хапае сучаснага многафункцыянальнага спартыўнага комплексу з валейбольнай і баскетбольнай пляцоўкамі, трэнажорнай залай і залай для нашых барцоў. Гэта мая мара, якую я ператвараю ў планы і задачы. А ўвогуле ёсць жаданне нават прывесці ў парадак і поле на нашым «Юнацтве». Футбалістам, дзецям і дарослым, добра было б трэніравацца і на натуральным, менш траўманебяспечным полі.

– Зараз праходзіць Ліга Чампіёнаў УЕФА, за каго хварэеце?
– Я сачу за футбольнымі навінамі, нават публікацыі з газет збіраю. У фінале буду хварэць за «Манчэсцер Сіці». Увогуле, я называю футбол шахматамі ў руху і з мячом. Бо тут як у шахматах трэба пралічваць некалькі дзеянняў наперад. За «Манчэсцерам» мне будзе цікавей назіраць у гэтым фінале, чым за італьянскім «Інтэрнам».
– Дзякую Вам за шчырасць, са святам!
– Дзякую.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.