x
Close
все новости Главная новость здоровье Новости

Івацэвіцкі райЦГіЭ – лепшы ў вобласці

Івацэвіцкі райЦГіЭ – лепшы ў вобласці
  • Опубликовано:5 февраля, 2023

Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па выніках дзейнасці за 2022 год перамог у аглядзе-конкурсе сярод аналагічных устаноў Брэстчыны. Канкурэнцыю яму склалі 11 райЦГіЭ, і ўсё ж першае месца – у нашай санітарнай службы, а летась было другое. Стабільнасць – прыкмета майстэрства: наш цэнтр быў сярод лепшых шэсць разоў за апошнія 12 гадоў. А сёлетняе дасягненне – выдатная падстава, каб расказаць пра тое, чым ён займаецца, тым больш што большасць з нас мае вельмі прыблізнае ўяўленне пра дзейнасць санслужбы.

– Падыдзі да чалавека на вуліцы і спытай, чым займаецца санітарная служба, і ён найхутчэй адкажа: «Правярае і карае», толькі гэта далёка не так, – пачынае расказ пра ўстанову, якую ўзначальвае, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Івацэвіцкага раёна Аляксандр КОВЫШ.

– Асноўных задач перад намі тры, – працягвае кіраўнік. – Ёсць сярод іх і нагляд (надзор) – нагляд за рэалізацыяй заканадаўства, каб звесці да мінімуму рызыку ўплыву на здароўе чалавека шкод-ных фактараў асяроддзя яго прабывання. Медыкі сочаць за станам здароўя, мы – за ўмовамі яго фарміравання: што чалавек есць, чым дыхае, ці правільна сядзіць у школе, у якіх умовах працуе і г. д. Суправаджаем чалавека ад яго нараджэння да смерці, бо праводзім нагляд як за раддомам, так і за могілкамі – санстанцыя закранае ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека.

Яшчэ санітарная служба адказвае за арганізацыю і правядзенне санітарна-эпідэмічных мерапрыемстваў для забеспячэння стабільнай эпідэміялагічнай сітуацыі, біялагічнай бяспекі і папярэджання распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў. І наш прамы абавязак – уплываць на фарміраванне здаровага ладу жыцця чалавека для ўстойлівага развіцця краіны. Для гэтага праводзіцца і ўдасканальваецца сацыяльна-гігіенічны маніторынг, праводзіцца шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, акцый, у тым ліку ў рамках дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Івацэвічы – здаровы горад», за паспяховую рэалізацыю якога таксама маем Дыплом. Важна, каб мы атрымалі здаровага, адаптаванага да жыцця чалавека, з правільнымі думкамі, які будзе прыносіць карысць дзяржаве: здаровы чалавек – гарантыя яе дэмаграфічнай і эканамічнай бяспекі. Мы прыкладаем намаганні для таго, каб людзі жылі «здорово» з націскам на другі склад.

Над выкананнем гэтых задач і працуе калектыў ДУ «Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», у якім 48 работнікаў, 22 – з медыцынскай адукацыяй, з іх восем урачоў (трое – маладыя спецыялісты). У цэнтры тры аддзелы – гігіены, эпідэміялогіі і лабараторыя.

– Аляксандр Аляксеевіч, з мінулага года змяніліся падыходы ў рабоце санітарнай службы. Была ў прыярытэце наглядная (надзорная) дзейнасць, цяпер ухіл робіцца на прафілактыку. Раскажыце, як Вы ставіцеся да такіх змен?

– Стаўлюся пазітыўна. Прафілактыка, работа на перспектыву, каб прадухіліць наступствы, – тое, чым наша служба і павінна займацца. Нагляднай дзейнасцю ў асноўным займаецца аддзел гігіены – спецыялісты адказныя за гігіену працы (нагляд за прадпрыемствамі), гігіену дзяцей і падлеткаў (нагляд за школамі, дзіцячымі садкамі), гігіену харчавання, камунальную гігіену. Калі раней за год яны праводзілі сотні праверак, то за апошнія паўгода не набярэцца і дзесяці (маюцца на ўвазе наглядныя мерапрыемствы, падчас якіх правяраецца аб’ект гаспадарання ў поўным аб’ёме). Цяпер перавага аддаецца маніторынгу: спецыялісты прыходзяць у арганізацыю, падказваюць, што не так, выдаюць рэкамендацыі. Тлумачым, прадпісваем, а калі і прымушаем кіраўнікоў іх выконваць.

У аддзеле гігіены – тры ўрачы і тры памочнікі ўрача, шэсць ставак – вакантныя. Між тым на кантролі аддзела гігіены – больш за 700 наглядных аб’ектаў. Там нашы работнікі павінны не толькі пабываць, яны павінны валодаць сітуацыяй і прымаць меры для яе паляпшэння. Нават фізічна гэта складана. Выдатна, што ў раёне амаль няма аб’ектаў з высокай ступенню рызыкі, дзе санітарна-тэхнічны стан, умовы працы пакідаюць чакаць лепшага. Гэта таксама паказчык, які ілюструе нашу работу. Права ажыццяўляць наглядную дзейнасць маюць 11 работнікаў цэнтра.

– Шэсць вакантных ставак толькі ў адным аддзеле – гэта гаворыць пра тое, што спецыялісты працуюць на сумяшчэнні, і пра існаванне кадравай праблемы. Якія крокі робяцца для яе вырашэння?

– Самы галоўны крок робіцца на ўзроўні дзяржавы. Будзе павялічаны мэтавы набор у медыцынскія ВНУ. Выпускнікі, якія вучацца па мэтавым накіраванні, абавязаны адпрацаваць пяць гадоў ва ўстанове, у якую размеркаваны, і гэта правільна. Мы актывізуем работу па падборы мэтавікоў сярод выпускнікоў, якія абіраюць нашу спецыяльнасць, медыка-прафілактычны факультэт. Дарэчы, накіраванні выдаюцца не толькі ў ВНУ – у Мінскі і Гомельскі дзяржаўныя медыцынскія ўніверсітэты, але і ў медкаледжы, калі выпускнік ужо атрымаў сярэднюю адукацыю. Накіраванні выдае Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, але першапачаткова найлепш звярнуцца да нас. І ёсць у мяне просьба да нашай выканаўчай улады аб забеспячэнні дастойным жыллём перспектыўных маладых спецыялістаў.

Даўно не было такога, каб да нас размяркоўваліся работнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Урачы па размеркаванні прыходзяць і сыходзяць, адпрацаваўшы два гады, едуць у больш буйныя гарады, абіраюць іншыя прафесіі. Ды і нагрузка ва ўмовах некамплекту вялікая – на працы да 18.00, рабочыя суботы. Працуюць у службе ў асноўным жанчыны, маладыя дзяўчаты, і ў іх хапае клопатаў і жаданняў акрамя бясконцай работы, таму і сітуацыя такая склалася. Тым не менш, працуем зладжана і эфектыўна.

Некалі не прыехаць на першае рабочае месца па размеркаванні было ганьбай, як дэзерцірства з арміі. Цяпер многія не даязджаюць, атрымліваюць «адмацаванне», бяруцца кампенсаваць дзяржаве выдаткі за навучанне – з бацькоўскіх кішэняў. Не разумею… Атрымаў прафесію – паспрабуй сябе ў ёй, усякае ў жыцці бывае. І які ты пасля ВНУ спецыяліст? Тэарэтык – гэта добра, але тэарэтык плюс практык – значна лепш і прыходзіць з гадамі.

Я сам не івацэвіцкі. Прыехаў сюды у 1986 годзе па размеркаванні з жонкай, якая таксама не адсюль і з якой працую ў адной установе, кірую цэнтрам амаль 25 гадоў. У нейкі момант я адчуў, што тут запатрабаваны, ёсць магчымасць для самаразвіцця і росту, у прафесіі не расчараваўся – і застаўся тут. А цяпер сустракаю спецыялістаў, якія расчараваліся ў прафесіі, не папрацаваўшы ні дня, і першае пытанне, якое задаюць мне, – пра зарплату…

Падкрэслю, што ў нашай спецыяльнасці ў адрозненне ад іншых медыцынскіх ёсць перавага: выпускнік не паедзе працаваць у вёску, на ФАП ці ў амбулаторыю, а паедзе як мінімум у раённы цэнтр. І, дарэчы, заробак у нас нядрэнны. Нядаўна было павышэнне зарплат. Сярэдняя зарплата ўрачоў у нашым цэнтры – каля 2 000 руб. (сярэдняя па ўстанове – 1 400 руб.) Мала хто з іх працуе на стаўку, ім плацяць за дадатковую нагрузку, тым не менш, лічба – сведчанне таго, што зарабляць у нас можна.

І можна знайсці для сабе розныя сферы прымянення. Не падабаецца нагляд, падабаецца аналітычная работа – калі ласка, працуй не ў аддзеле гігіены, а ў лабараторыі, стань эпідэміёлагам. Ідзём насустрач пажаданням.

– Вы расказалі пра аддзел гігіены. Давайце згадаем пра яшчэ два структурныя падраздзяленні.

– У аддзеле эпідэміялогіі займаюцца прафілактыкай і барацьбой з інфекцыйнымі захворваннямі. Адно з іх – каранавірус – «выпіў у нас нямала крыві». Не дапусціць заражэння здаровых людзей – гэта была асноўная задача работнікаў аддзела. Яны прымалі непасрэдны ўдзел у перапрафіляванні медыцынскіх устаноў, устанаўлівалі кантакты хворых на кавід, наведвалі хворых, праводзілі дэзінфекцыю і г. д. Вакцынацыя супраць кавіда, грыпу і іншых інфекцый – таксама задача эпідэміёлагаў, з якой яны паспяхова спраўляюцца, і тое, што ў нас няма ўспышак захваральнасці, – іх заслуга. І не трэба забываць, што інфекцый – мноства, і работы ў аддзела таксама шмат.

Спецыялісты лабараторнага аддзела ажыццяўляюць лабараторнае суправаджэнне нашай дзейнасці: даследуюць ваду, прадукты харчавання, каб няякасная прадукцыя не трапіла да спажыўца. Абодва аддзелы зарабляюць грошы.

– А якія магчымасці для заробку ёсць у санітарнай службы?

– Заключаем дагаворы з суб’ектамі гаспадарання і ажыццяўляем для іх лабараторны кантроль за якасцю вады, прадуктаў харчавання. Платна праводзім дэзінфекцыю, дэратызацыю (апрацоўкі ад грызуноў), дэзінсекцыю (апрацоўкі ад насякомых) і аказваем шэраг іншых паслуг. За 2022 год зарабілі амаль 270 тыс. руб. Гэта 35 % ад нашага бюджэтнага фінансавання – мы на трэць пакрылі выдаткі дзяржавы на ўтрыманне нашага цэнтра.

– Ці адчуваеце Вы падтрымку на розных узроўнях, якая дапамагае працаваць эфектыўна?

– Канечне! Адзін у полі не воін. Мы імкнёмся трымацца на ўзроўні. Заўсёды так: адштурхоўваешся ад дасягнутага, а апускацца ніжэй гэтай планкі сорамна. Вырашэнне пастаўленых перад намі задач немагчыма без цеснага супрацоўніцтва з зацікаўленымі ведамствамі, службамі раёна, суб’ектамі гаспадарання і, у першую чаргу, – з органамі выканаўчай улады. Бо самае галоўнае – не проста абазначыць праблему, але і сумеснымі намаганнямі знайсці аптымальныя шляхі і дабіцца яе вырашэння. Дзякую ўсім за паразуменне і падтрымку.

Асобна хачу падзякаваць калектыву: чарговы дыплом – гэта, у першую чаргу, іх узнагарода, прызнанне іх прафесіяналізму. У нас калектыў аднадумцаў, сплаў вопыту і маладосці, для якіх узаемаразуменне і ўзаемавыручка – не пустыя словы.

Сакрэт эфектыўнай работы – ва ўзаемаразуменні

Калектыў аддзела эпідэміялогіі склаўся даволі даўно. З сямі чалавек шасцёра працуюць у ім больш за 15 гадоў. Усе работнікі адказныя, паміж калегамі ёсць узаемаразуменне, у любы момант гатовы падмяніць адзін аднаго. Нядаўна правярала іх на трываласць пандэмія каранавіруса, але справіліся з гэтаю бядой дзякуючы зладжанай рабоце, якая часам была проста на знос, без выхадных.
Санслужба была адказная за арганізацыю супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, пазней за імунізацыю ад COVID-19. Дарэчы, загадчык аддзела эпідэміялогіі, урач эпідэміёлаг Ірына Ковыш, а таксама кіраўнік установы Аляксандр Ковыш у ліку першых у раёне зрабілі прышчэпкі ад каранавіруса.

Што тычыцца імунізацыі, праводзіцца тлумачальная работа ў калектывах і праз СМІ, аказваецца дапамога ў арганізацыі і правядзенні прышчэпачных кампаній і імунізацыі ў планавым парадку, вядзецца кантроль за наяўнасцю вакцын у дастатковай колькасці, за ўмовамі іх транспарціроўкі і захавання.

Эпідэміёлагі працуюць з рознымі інфекцыямі, і адна з задач – не дапусціць іх распаўсюджвання ў арганізаваных калектывах, сярод насельніцтва. Яны арганізоўваюць і кантралююць правядзенне ўсіх прафілактычных, супрацьэпідэмічных і дэзінфекцыйных мерапрыемстваў. Як вынік, у раёне на працягу некалькіх гадоў не было групавой і ўспышачнай захваральнасці.

Па многіх пытаннях спецыялісты аддзела цесна супрацоўнічаюць з лячэбнай службай, з інфекцыяністамі, педыятрамі, у тым ліку па прафілактыцы інфекцыйнай захваральнасці, па імунапрафілактыцы. Імі вядзецца кантроль за дзейнасцю арганізацый аховы здароўя ў плане захавання рэжыму. У эпідэміёлагаў на кантролі ўся інфекцыйная захваральнасць – яны збіраюць даныя па грыпу і ВРВІ па ўсім раёне, каб своечасова прымаць меры. На працягу доўгага часу ў нас не закрывалася ні адна са школ, і гэта рэзультат эфектыўнага правядзення прафілактычных мерапрыемстваў і імунізацыі школьнікаў.

Яшчэ спецыялісты аддзела займаюцца падрыхтоўкай медыцынскіх работнікаў на выпадак выяўлення інфекцый, якія прадстаўляюць міжнародную небяспеку. І гэта далёка не ўсе абавязкі і функцыі.

– Мне падабаецца мая работа, – разважае Ірына Ковыш. – Я бачу вынік, хоць і не адразу. Скажу за ўсіх – ёсць задавальненне ад таго, чым займаемся, бо прафілактыка працуе, і дзякуючы нашай рабоце прадухіляецца нямала інфекцыйных захворванняў, многія з якіх маюць сур’ёзныя наступствы для здароўя людзей.

Так, мы патрабавальныя да ўсіх кіраўнікоў – і толькі для таго, каб яны разумелі і выконвалі патрабаванні, бо за гэтым стаіць здароўе дзяцей, работнікаў, насельніцтва раёна.

Маладыя, перспектыўныя і працуюць удвух за траіх

Святлана Скрабец і Ганна Янушкевіч – урачы гігіеністы і маладыя спецыялісты. Святлана да таго ж ужо загадвае аддзелам гігіены, нягледзячы на свой малады ўзрост. Дзяўчаты не мясцовыя – са Столінскага раёна і з Пружан, вучыліся ў Мінскім медуніверсітэце па мэтавых накіраваннях і ў Івацэвічы прыехалі мінімум на пяць гадоў (Ганна прыйшла ў цэнтр у якасці інтэрна ў 2019 годзе, загадчыца Святлана – у 2020-м). Удвух яны працуюць за траіх.

Добра адзываецца пра работніц кіраўніцтва: адказныя, удумлівыя, бяруцца за дадатковую работу, і ёсць упэўненасць, што справяцца з нагрузкай. Аднак таму, што ўмеюць, вучыліся ў асноўным на практыцы – жыццё паказала, што ўніверсітэт рыхтаваў да іншага. Падчас вучобы свае абавязкі ўяўлялі іначай, але нічога – прыстасаваліся, хоць і шмат чаго даводзіцца ўдакладняць у абласных спецыялістаў.

Рабочы дзень – да 18.00, рабочыя суботы – такі графік у спецыялістаў. Наглядная дзейнасць – іх асноўная функцыя, а за гэтымі словамі – выезды на аб’екты, кантроль за выкананнем адміністратыўных працэдур, прыёмкі і ўводы аб’ектаў у эксплуатацыю, рэйды, інфармацыйная работа, рэагаванне на звароты грамадзян і іншае. Самае складанае – знайсці агульную мову з людзьмі, спраўляцца з нагрузкай, але працаваць цікава, і калектыў добразычлівы. І таму месцам сваёй работы задаволеныя, задаволеныя ўмовамі працы і заробкам, цэняць магчымасць набрацца вопыту. А як далей складзецца жыццё – пакажа час.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.