14 красавіка міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч браў удзел у пасяджэнні Івацэвіцкага райвыканкама, дзе заслухоўвалася пытанне аб стане работы ўстаноў культуры дадатковай адукацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Целяханскага сельсавета.

Пазней у рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы  міністр выступіў перад работнікамі культуры, сустрэча ладзілася ў Івацэвіцкім ГДК. Асноўнай тэмай размовы стала геапалітыка. Выступоўца закрануў тэмы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, санкцыйнага ціску на Беларусь, узаемаадносін з суседнімі краінамі.

Таксама былі акрэслены праблемныя пытанні ў сферы культуры, Анатоль Маркевіч расказаў пра ініцыятывы, якім цяпер займаюцца на самым высокім узроўні для ўстойлівага развіцця галіны. Таксама ён запрасіў удзельнікаў сустрэчы да адкрытага дыялогу, абмену меркаваннямі. З залы прагучалі два пытанні, якія выступоўца ўзяў на заметку.

У рамках рабочай паездкі ў гарадскім Доме культуры міністр таксама наведаў выстаўку работ майстроў народнай творчасці Івацэвіччыны, падчас якой ладзіліся майстар-класы. Наша моладзь, якая займаецца ў гуртках, прадэманстравала свае таленты, распавялі пра сябе сталыя і знакамітыя майстры.

Анатоль Маркевіч ацаніў творчыя здабыткі, з задавальненні гутарыў з нашымі таленавітымі землякамі. Міністр культуры вяртаецца ў сталіцу з падарункамі ад кіраўнікоў гурткоў, народных майстроў. Так, Ніна Мікалаеўна Тысевіч з Аброва перадала госцю вышыты ёю ручнік, а Наталля Міхайлаўна Кулецкая з Дубітава, якая дасканала валодае тэхнікай выцінанкі, падарыла яму сваю карціну «Рамяство».

Поделиться