x
Close
Главная новость Новости Общество

Калектыў зладжаны, кожны – на сваім месцы

Калектыў зладжаны, кожны – на сваім месцы
  • Опубликовано:29 октября, 2022

Галоўны інжынер Максім Собаль, якому даводзіцца выконваць абавязкі начальніка філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» «Івацэвіцкае ДРБУ-178», лічыць, што былы начальнік Мікалай Лакішык падабраў цудоўны працоўны калектыў, дзе кожны – прафесіянал на сваім рабочым месцы. Дзякуючы гэтаму многае калектыву па сілах, і здольны ён спраўляцца з самымі складанымі вытворчымі задачамі.

Максім Собаль працуе на прадпрыемстве нядаўна, крыху больш за год. Для яго, як сам прызнаецца, гэты год быў цяжкі. Прыйшоў ён сюды з Івацэвіцкага ПМС, дзе працаваў майстрам. Таму калі параўнаць меліярацыйны канал і дарогу, то гэта дзве вельмі розныя рэчы. Давялося «штудзіраваць» па вечарах устройства дарожнага палатна, якія строгія патрабаванні – да міліметра – прад’яўляюцца да дарожнай разметкі, яе святлоадбівальнасці на мокрым пакрыцці, на сухім, тое ж і да дарожных слаёў з улікам ухілаў да праміле, да дарожных стоек, іх адлегласці ад краю праезнай часткі ў населеным пункце і па-за ім, да бар’ернай агароджы, памеру знакаў і шчытоў… Ва ўсіх працэсах – аптэчная дакладнасць.

Лепшы прараб
Сямён Заяц працуе ў філіяле КУП «Брэстаблдарбуд» «Івацэвіцкае ДБУ-178» прарабам. І за адносна невялікі перыяд зарэкамендаваў сябе спецыялістам-прафесіяналам у дарожнай справе. Сямён Сяргеевіч з дынастыі дарожнікаў, яго бацька Сяргей Анатольевіч працуе намеснікам начальніка ДЭУ-23, а ён сам скончыў БНТУ, атрымаўшы інжынерную прафесію ў дарожным будаўніцтве.
У працоўнай біяграфіі маладога прараба ўжо налічваюцца дзясяткі адказных аб’ектаў, з якімі ён спраўляецца самастойна, турбуючы кіраўніцтва толькі па пытаннях забеспячэння матэрыяламі і тэхнікай. За дзелавы падыход, стараннасць у рабоце і прафесіяналізм сёлета яго прозвішча як лепшага прараба занесена на Дошку гонару КУП «Брэстаблдарбуд».

– Работы шмат, не сядзім, – казаў пры сустрэчы Сямён Сяргеевіч. – У калектыве ладзім, адношуся да ўсіх, як да сябе.

– Талковы спецыяліст, – казаў пра яго выконваючы абавязкі начальніка Максім Собаль. – Сямён Заяц працаваў у іншай дарожнай арганізацыі, мае адпаведную адукацыю і добры вопыт. На яго можна разлічваць, калі аб’ект трэба зрабіць тэрмінова і якасна. Ведае ён сваю справу вельмі добра.

З другога боку, пабываўшы ў «шкуры кіраўніка», зразумеў, наколькі цяжка выконваць гэтыя абавязкі.
– Адных званкоў за рабочы дзень можа быць да 50, і ўсе яны – па рабочых справах. Зусім па-іншаму цяпер мною ацэньваецца работа былога начальніка Мікалая Мікалаевіча, і хочацца «зняць капялюш» перад яго прафесіяналізмам і падзякаваць, што змог стварыць такі зладжаны калектыў, дзе, пачынаючы ад дыспетчарскай, бухгалтэрыі, планавага аддзела, лінейных майстроў і да дарожных рабочых, кожны ведае сваю справу, – казаў Максім Уладзіміравіч. – Усе працуюць добрасумленна, часта даводзіцца працаваць па суботах, бывае, што ў месяц 2–3, а то і 4 рабочыя суботы, і ў рабочыя дні, калі надвор’е добрае, затрымліваемся дапазна, каб толькі ўсё зрабіць па-гаспадарску.

Для прадпрыемства з вытворчага боку год быў неблагі.

– Мы добра папрацавалі на аб’ектах, якія выконваліся да абласных «Дажынак» у Целяханах. Асфальт пралажылі па вуліцы Леніна і па Савецкай, тратуар – па вуліцы Вераб’ёва. Асвоена 787 тыс. рублёў, – тлумачыць ён. – У сціслы тэрмін пралажылі асфальтавае пакрыццё ў г. Івацэвічы,
закальцаваўшы тры вуліцы: Механізатараў, 70 год Кастрычніка і Дэпутацкую. Ад жыхароў райцэнтра атрымліваем яшчэ і сёння падзякі за работу. З дадатковых крыніц фінансавання зроблена асфальтавае пакрыццё па в. Харошча. Там таксама людзі вельмі ўдзячны, бо стан дарогі быў крытычны. Засталося паўтара кіламетра, на якіх трэба абнавіць паверхневую апрацоўку, каб дарога магла яшчэ доўга праслужыць людзям. Па бягучых рамонтах асвоена 1 млн 115 тыс. руб. За гэтыя сродкі адрамантаваны пэўныя ўчасткі дарог каля Турной, у Стайках, Аляксейках… На чарзе 1,5 кіламетра асфальтавага пакрыцця дарогі Выганашчы–Бабровічы і гравійнага пакрыцця па дарозе Выганашчы–Раздзялавічы.

Капітальны рамонт зроблены на аўтадарозе Іванава–Моталь–Тышкавічы–Аброва – 2,7 кіламетра. Аб’ём работ па асфальтаванні гэтага ўчастка дарогі склаў 1 млн 319 тыс. руб. За гэты аб’ект дзякавалі нават людзі з Іванаўскага раёна, бо дарога вельмі запатрабаваная.

Наперадзе ў дарожнікаў адказны перыяд – зіма. Ужо сёння ўсё напагатове: сем адзінак пасыпачнай тэхнікі, тры пагрузчыкі, тры грэйдары… На абслугоўванні Івацэвіцкага ДРБУ-178 445 кіламетраў дарог, а калі вялікі снегапад, задзейнічана ўся тэхніка. Вядома, калі снег сыпле і сыпле, то часова складанасці могуць быць, але людзі – малайцы, з разуменнем адносяцца да такіх сітуацый і працуюць добрасумленна, колькі хапае сіл.

Напярэдадні прафесійнага свята Максім Собаль пажадаў найперш мірнага неба, а калектыву зычыў заставацца такой жа зладжанай камандай, як гэта ёсць цяпер. «Дзякуй усім за падтрымку ў рабоце, ўсім зычу здароўя і ўсяго самага найлепшага», – адзначыў ён.

Дарогі вадзіцеля Фёдара Пытляка
Ганаровай граматай КУП «Брэстаблдарбуд» сёлета ўзнагароджваецца вадзіцель аўтамабіля філіяла «Івацэвіцкае ДРБУ-178» Фёдар Пытляк.

Калі не браць у разлік гады службы ў арміі, то Фёдар Васільевіч усё жыццё працуе вадзіцелем. Нарадзіўся ён у Яглевічах, пасля школы, адвучыўшыся на вадзіцеля, працаваў у Сельгастэхніцы, у мясцовай гаспадарцы. У філіяле КУП «Брэстаблдарбуд» «Івацэвіцкае ДРБУ-178» за баранкай аўтамабіля ў Фёдара Пытляка прайшло амаль 35 гадоў. Уладкоўваўся, праўда, Фёдар Пытляк у Івацэвіцкае ДРБУ-178 трактарыстам, а праз месяц-другі перавёўся вадзіцелем. Працаваў на бензавозе, газэлі, УАЗіку, на ЗіЛе і ўжо 17 гадоў – на МАЗе. Работа вадзіцеля падабалася заўсёды, і да працы Фёдар Васільевіч адносіцца з вялікай адказнасцю. Калі трэба, працуе і ў выхадныя, асабліва падчас укладкі асфальту. Усе, казаў ён, у такія моманты працуюць, не звяртаючы ўвагі на сонца, і ў рабочы дзень, і ў выхадны. Зарплата залежыць ад выпрацоўкі, таму кожны зацікаўлены яе зарабіць. МАЗ у Пытляка старэнькі, але яго вадзіцель трымае ў рабочым стане, своечасова падладжвае, каб не было затрымкі ў вытворчым працэсе.

– Фёдар Васільевіч – загартаваны вадзіцель і адказны, – выказаў меркаванне пра работніка Максім Уладзіміравіч. – Вагоны са шчэбнем часта прыходзяць у выхадныя, іх трэба разгружаць тэрмінова, і ён ніколі не адмаўляе – трэба, значыць, трэба.

Разам з жонкай, якая працуе ў філіяле «Экран», Фёдар Пытляк выгадаваў і выхаваў дваіх дзяцей. Дачка працуе кандытарам у сеткавіку «Санта», а сын, як і бацька, – вадзіцель. Каля хаты гаспадар мае 25 сотак агарода, то працы хапае і дома. Сям’я Пытлякоў вельмі задаволена сёлетнім ураджаем бульбы і яблыкаў.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.