У мінулым годзе праваахоўнікі выявілі восем крадзяжоў у сельгаспрадпрыемствах і дзясяткі дробных раскраданняў, гэта значна больш, чым у папярэднія гады, і прычына гэтаму ва многім у тым, што нашы людзі жывуць па вышэйназваным прынцыпе. Аб тым, што калгаснае – гэта не агульнае, а ад дысцыпліны ў сельскай гаспадарцы залежыць таксама харчовая бяспека дзяржавы, на нарадах з разу ў раз гаворыць Прэзідэнт краіны.
Людзі зліваюць дызпаліва, крадуць угнаенні, кармы, запчасткі і нават буйную рагатую жывёлу. Самае крыўднае тое, што найчасцей так зневажальна да роднага прадпрыемства ставяцца самі работнікі, якія дзясяткі гадоў шчыруюць на палях ці ў кароўніках. Што гэта: няспыннае жаданне зарабіць ці папросту ўжо звычка, выпрацаваная гадамі? Аўтар гэтых радкоў сама наведала ў мінулым годзе адкрытае пасяджэнне суда, на якім слухалася справа аб прысваенні дызпаліва. Мужчына перадпенсійнага ўзросту, які шмат гадоў аддаў сельскай гаспадарцы, адным махам перакрэсліў усе свае заслугі. Перажыванняў хапіла і яму самому, і сям’і: механізатар атрымаў вялікі штраф і «хімію». А ці трэба было так рызыкаваць?..
Са 175 крадзяжоў у 2022 годзе восем (калі нанесены ўрон юрыдычнай асобе перавышае 10 б. в.) – гэта выпадкі ў аграрнай сферы. Гэта не кажучы пра дробныя раскраданні. Праваахоўнікі расказваюць, што найчасцей аграрыі прысвойваюць дызпаліва, прычым тут, як кажуць, «голь на выдумку хитра». Ужо даўно расход паліва ў таварыствах кантралюецца аўтаматычна, але камбайнеры і механізатары, якія маюць доступ да тэхнікі, уключаюць сапраўдных «кулібіных», майструюць прыстасаванні і зліваюць сотнямі літраў пафарбаванае паліва. Толькі за мінулы год зафіксавана пяць такіх фактаў, у гэтых «вынаходнікаў» адабралі 910 літраў дызпаліва. Нямала жадаючых зарабіць і на продажы аўтазапчастак ці таго ж камбікорму. Канкрэтныя факты – лепшыя расказчыкі. Вось некалькі самых «говорящих».
Механізатар ААТ «Горталь» выкраў 815 кг мінеральных угнаенняў «Суперфасфат» ды яшчэ арганізаваў дастаўку прысвоенага дабра ў свой падворак на тэхніцы прадпрыемства. Мужчына палічыў, што па роднай гаспадарцы не моцна ўдарыць урон у 584 руб. 87 кап.
А жыхар Любішчыц, смеласці якому ў адзін з летніх вечароў дадаў алкаголь, вырашыў, мабыць, што ДП«Э/б Майск» не вельмі патрэбная электрастанцыя фірмы «BRADO» коштам у 1 283 рублі, і забраў яе са склада прадпрыемства.
Яшчэ адзін смяльчак, яго асоба пакуль не высветлена, пайшоў далей і ўкраў з пашы каля в. Краглевічы цялушку і дзвюх кароў, і нанёс тым самым ААТ «Целяханы-агра» шкоду ў 7 523 руб. 25 кап.
Гэта ўсё крадзяжы. А зараз прабяжымся па дробных раскраданнях, якіх насамрэч вельмі многа. У механізатара ААТ «Перамога» па месцы жыхарства знойдзена 100 літраў пафарбаванага дызпаліва, у вадзіцеля ААТ «Горталь» – 45 літраў дызпаліва і 15 мяхоў (гэта на хвілінку 700 кг!) з угнаеннямі, жывёлавод з ААТ «Святая Воля» прысвоіла 60 кг камбікорму, стораж з ААТ «Мічурынск» прынёс з работы дадому 50 кг пшаніцы. Людзі нясуць дадому малако, камбікорм, дэталі – усё, што па іх меркаванні дрэнна ляжыць. А потым за гэта атрымліваюць сур’ёзныя пакаранні.
А вось яшчэ адзін нядаўні выпадак з серыі «з міру па нітцы – бабулі корм для жывёлы»… У апошнія дні студзеня работнікі ДП «Э/б Майск» убачылі на адным са сваіх палёў з азімым рапсам ва ўрочышчы каля кафэ «Прыстань», гэта непадалёк ад Яглевіч, бабулю, якая рвала лісце на корм курам. Цэлы мех такога «зялёнага багацця» бабуля паклала на веласіпед і накіроўвалася дадому, як тут яе напаткала сустрэча з гаспадарамі поля і непрыемная бяседа. Здаецца, ну што з таго меха рапсу, калі поле ў 16 га. А калі з мяхамі прыедуць яшчэ Маша, Паша ды Глаша з суседніх вёсак?..
Канечне, толькі падчас прафілактычнай бяседы ў Яглевіцкім сельвыканкаме 75-гадовая пенсіянерка пачула, што на гэтым полі расце азімы рапс дастаткова нятаннага гібрыда «Сафер». Сёлета ад гэтага поля чакаюць вялікую ўраджайнасць у 40 ц/га. Каб атрымаць такі вынік, спецыялісты засеялі неабходнае поле з мінеральнай глебай, унеслі ўгнаенні, сочаць за ўплывам надвор’я на культуру, з дапамогай егерскай службы ратуюць рапс ад дзікай жывёлы. А тут аказалася, трэба бараніцца і ад чалавечых рук.
– Гаспадарка вырошчвае азімы рапс па дзяржзаказе, зараз гэта вельмі запатрабаваная культура, – расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці і ідэалагічнай рабоце ДП «Э/б Майск» Валерый Іваноўскі. – Рапсавую салому мы выкарыстоўваем для кармлення жывёлы. Бабуля была ўпэўнена ў тым, што лісце азімага рапсу станоўча паўплывае на яйцаноскасць яе курэй. Гэта, канечне, не так.
Пенсіянерка адразу не бачыла праблемы – што з таго мяшка? А калі кожны па мяшку?! Пенсіянерка прынесла шчырыя прабачэнні кіраўніцтву прадпрыемства пасля таго, як не знайшла адказу на пытанне ад прысутных наконт таго, як асабіста яна адрэагавала б, калі б у яе агарод зайшлі па лісце для курэй. І такіх выпадкаў на палях па ўсім раёне, і не толькі рапсавых, вельмі шмат. Чаму простага чалавека не пужаюць нават вялізныя штрафы і іншыя пакаранні?..
Канешне, многіх не злавілі за руку і не папыталі за нанесены ўрон, але перш чым зліць тое ж паліва, зняць запчастку ці прарэдзіць якое-небудзь поле, трэба не-не ды і ўспомніць, што ўсё гэта пойдзе ў мінус прадпрыемству, а значыць, і чалавеку, які шчыра і чэсна працуе, каб карміць нашу краіну. За тымі ж некалькімі раслінамі рапсу – дарагое насенне, абробленая глеба, угнаенні, затрачаны час і рабочыя рукі.
Наталля Гербедзь.