Алена Іванаўна і Зоя Якаўлеўна з аг. Святая Воля маюць адно на дваіх прозвішча – Джэжора, бо яны жонкі родных братоў, і адно на дваіх захапленне. Яны шчыра любяць кветкі і маюць прыгожыя клумбы ў сваіх дварах, а жывуць па-суседску, на вуліцы Школьнай. Аб’ядноўвае жанчын і шаноўны ўзрост – 88 і 85 гадоў адпаведна. На жаль, аб’ядноўвае і тое, што яны ўдовы. Аднак Бог падарыў ім не толькі россып кветак у кветніках, але і кветкі жыцця – яны абедзве шматдзетныя матулі, а цяпер і бабулі, і прабабулі.
Клумба памерам з агарод!
Відаць, прыемна бываць дома родным Алены Іванаўны Джэжоры, ды і любы, хто зазірне за плот яе двара ў гэты час, будзе ў захапленні ад мноства кветак, што радуюць вока буйствам фарбаў. Тут клумба памерам з агарод! Некалі і агарод у гаспадыні быў о-го-го, аднак сёлета ў ім пасеялі пшаніцу, бо жанчыну цяпер радуюць не морква і буракі, а ружы і хрызантэмы, астры і аксаміткі, вяргіні і гартэнзія. Ураджэнка Святой Волі правяла на гэтым двары большую частку свайго жыцця разам з мужам-аднавяскоўцам, пасяліліся побач з яго бацькамі. Нажылі дзвюх дачок і сына. Некаторы час Алена Іванаўна працавала ў калгасе, потым у камбінаце бытавога абслугоўвання.
– Я зроду люблю кветкі. Так, калі прыгадаць дзяцінства, то ніякіх клумбаў у сяле не было, сядзелі ў крапіве і лопуху, аднак кветкі вабілі мяне з ранніх гадоў. І на падворку ў свекрыві іх сеяла, не гаворачы пра свой, – расказвае гаспадыня. – Перад тым, як пасадзіць іх, доўга разважаю, як лепш зрабіць, дзе што прыстроіць. Бачыце, якія вымахалі сёлета цыніі, і рознакаляровыя! Як ні любавацца?.. А вось тут былі касачы – адквітнелі. Дык зрэзала іх і паміж кустамі прыстроіла новыя кветкі, каб не было пуста. Падкормкай раслін займаецца дачка Люда, у яе ў Ляхавічах вялікі ўчастак, і таксама ўвесь засаджаны. А я паліваю свой кветнік, палю. Вось і сёння прапалола. Хоць і хварэю, хоць хутка мне і 90, а такі занятак мне ў радасць. Майго мужа даўно-даўно няма, а я ўсё роўна кветкі саджу, няхай мне прыгожа будзе.
«Глядзіш на кветнік – і радасна»
Зоя Якаўлеўна Джэжора прыехала ў Святую Волю з Мастоўскага раёна на працу ў калгас – спачатку была заатэхнікам, потым брыгадзірам. Аднак у сельскай гаспадарцы не замацавалася – уладкавалася на працу ў ашчадную касу і там працавала да пенсіі. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, і сваю хату яны таксама пабудавалі побач з хатай свекрыві, толькі з другога боку. Даўно яна пайшла з жыцця, і хаты ўжо няма. На яе месцы – лазня. Венікаў на сезон нарыхтавалі і бярозавых, і дубовых – можна парыцца. Што і любіць рабіць вялікая сям’я гаспадыні (усяго ў яе трое дачок, чацвёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў). Ну а яна, як і яе вятроўка і суседка, шчыра любіць кветкі і таксама мае вялікую клумбу ў двары. Няўзброеным вокам бачым петуніі і гладыёлусы, хрызантэмы-мульціфлоры і сартавыя аксаміткі, іншыя горача любімыя аматарамі кветкі. Даглядае за імі жанчына як след, шчодры паліў – рытуал штодзённы.
– Мужа няма ўжо шэсць гадоў, дзеці раз’ехаліся. Адной жыць тужліва, а куды падзецца? Няма асабліва з кім і словам перакінуцца, разам з Ленай пасядзім на лаўцы, ды яшчэ трэцяя жанчына з вуліцы Шасейнай прыйдзе – вось і ўся наша кампанія. Такое жыццё, а некалі жылі актыўна і весела. Некалі, можа, і хацелася пасядзець, а не было як – шмат работы, усё хапаліся за нешта, зараз наадварот – сядзі, колькі ўлезе, а не сядзіцца. Хочацца яшчэ рухацца, рупіцца, і кветнікі ў гэтым дапамагаюць. Глядзіш на іх – і радасна, – разважае Зоя Якаўлеўна.
Абедзве жанчыны сказалі, што сярод кветак няма ў іх любімчыкаў. Ці ж можна параўнаць, якая з кветак прыгажэйшая, калі ў кожнай свая адметная прыгажосць. Падумалася, гэтак і людзі – усе мы розныя, аднак яднае нас прага ствараць хто і што можа ў сваім узросце і становішчы. Так і павінна быць, абы створанае ішло на карысць прыродзе і рабіла гэты свет больш утульным, а людзей – шчаслівымі.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.