x
Close
Главная новость Новости Общество

Каля 3 000 кіламетраў за месяц
пакрываюць паштальёны перасоўнага аддзялення паштовай сувязі Івацэвіцкага УПС

Каля 3 000 кіламетраў за месяцпакрываюць паштальёны перасоўнага аддзялення паштовай сувязі Івацэвіцкага УПС
  • Опубликовано:11 ноября, 2022

У райгазету звярнулася Ганна Емельяновіч, стараста Чамялоў, якая ад імя многіх жыхароў вёскі выказала падзяку работнікам перасоўнага аддзялення паштовай сувязі.

Стараста аж у вершаванай форме выказвала ўдзячнасць двум руплівым работнікам – кіраўніку аддзялення Наталлі Федасенка і вадзіцелю Паўлу Ярукову, дзякуючы якім жыццё чамялоўцаў стала больш цывілізаваным, сучасным. Ім непасрэдна дамоў дастаўляюцца газеты, часопісы, пісьмы, выплачваюцца пенсіі, таксама прымаецца аплата за камунальныя паслугі, мабільную сувязь, вядзецца падпіска на перыёдыку, прадаюцца спажывецкія тавары…

– Асабліва падкрэслю: гэтыя паслугі аказваюцца непасрэдна дома, бо мабільны паштальён наведваецца ў кожную хату, – падкрэслівае Ганна Емельяновіч. – Дзіву даюся, як яны – Наталля і Павел – запамінаюць кожнага, ведаюць імя па бацьку. Пры гэтым паслугі аказваюць самыя разнастайныя.

Расказаць пра работу Наталлі Федасенка і Паўла Ярукова варта ўжо хаця б таму, што яны штомесяц, рухаючыся па нашым Івацэвіцкім раёне, пакрываюць каля 3 000 кіламетраў.

– У нашым раёне нямала населеных пунктаў, дзе пражывае нямнога людзей і дзе трымаць паштальёна эканамічна немэтазгодна, – раскрывае сутнасць сваёй работы Наталля Федасенка. – Што тычыцца нашага маршруту, то на працягу працоўнага дня наведваемся ў Майск, Магіліцы, Вольку, Сасновы Бор, Селец, Югалін, Закаплічча, Глядзенне, Чамялы, Плехава, Боркі. Некаторыя з гэтых населеных пунктаў абслугоўвае «пешы» паштальён, наша наведванне мае тэхнічны характар, але жыхары большасці вёсак – нашы кліенты.

Наталля Федасенка, якая працуе ў сістэме паштовага абслугоўвання насельніцтва болей за 20 гадоў, адносна лёгка ўнікла ў сутнасць работы, яна зараз незаменны работнік, якая ведае, што ў любое надвор’е трэба наведацца да кожнага свайго кліента. Згадвае, што былі такія ўмовы надвор’я, што машыну ў снежную зіму прыходзілася «адкопваць». Тым не меней, паслуга выконвалася… Пачынаецца працоўны дзень з сарціроўкі карэспандэнцыі, максімальна рупліва выконваюцца іншыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, бо наперадзе дарога далёкая.

Найбольш адказны дзень – субота, бо акрамя выплачвання пенсій, трэба і даставіць і «раёнку», якую ў глыбінцы заўжды чакаюць. Вяскоўцы з задавальненнем заказваюць і спажывецкія тавары – бакалею, камбікорм і многае іншае. Гэта зручна – тавар даставяць непасрэдна дахаты.

– Як справы, Мікалаеўна? Як ваша здароўе, Пятровіч? – з такімі сяброўскімі пытаннямі звяртаюцца Наталля і Павел да карыстальнікаў іх паслуг. – Больш чым відавочна, мабільны паштальён можа стаць найлепшым сябрам, калі ён чалавек харошы. А пра Наталлю і Паўла нам давялося пачуць толькі добрае – як пра спецыялістаў, так і як пра людзей. Якія, падкрэслю яшчэ раз, пакрываюць за месяц адлегласць у 3 000 кіламетраў. Дык гэта ж як ад Івацэвічаў да Лісабона! За 13-14 месяцаў робяць поўны круг вакол зямнога шара (даўжыня экватара – 40 000 км)!

Пры гэтым усмешкі і добрага слова з іх вуснаў хапае для кожнага карыстальніка паслуг паштовай сувязі!

Аляксандр ГОРБАЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.