Карбоксітэрапія з’яўляецца новым прагрэсіўным метадам лячэння розных захворванняў і карыстаецца вялікай папулярнасцю на курортах Германіі, Чэхіі, а таксама ў санаторыях Беларусі. Цяпер такая працэдура будзе даступнай і для жыхароў Івацэвіцкага раёна.
З узростам нашы сасуды паступова становяцца больш далікатнымі, неэластычнымі, горш пераносяць кісларод і пажыўныя рэчывы да клетак, і арганізм пачынае пакутаваць ад так званага «кіслароднага галадання». Карбоксітэрапія заключаецца ў падскурным увядзенні медыцынскага вуглякіслага газу і атрымала вялікую папулярнасць пры лячэнні астэахандрозу пазваночніка, артрозу суставаў, міжпазваночнай грыжы, вырашае шэраг дэрматалагічных праблем (экзэмы, высыпанні, рубцы на целе). Прымяненне вуглякіслага газу паляпшае мікрацыркуляцыю і жыўленне тканак, здымае болевы сіндром, актывуе ахоўныя функцыі арганізма, ліквідуе вянозны застой і ацёк.
Прымяненне дадзенай працэдуры ажыццяўляецца пры дапамозе вельмі тонкіх іголак рознай даўжыні (гэта залежыць ад месца, куды трэба ўводзіць вуглякіслы газ). Эфект пасля карбоксітэрапіі будзе адчувальны пасля 3–5 працэдур. Праводзіць ін’екцыі з вуглякіслым газам можна не часцей за 1–2 разы на тыдзень. Кратнасць курсу працэдур – ад 5 да 20 разоў. Поўны цыкл карбоксітэрапіі можна паўтараць толькі 2–3 разы на год.
Ёсць і проціпаказанні для карбоксітэрапіі. Гэта ішэмічная хвароба сэрца, тромбафлебіт, гангрэны, праблемы з ныркамі, перыяды цяжарнасці і груднога кармлення, вострае інфекцыйнае захворванне, павышаная тэмпература, павышаная згусальнасць крыві. Пабочныя эфекты мінімальныя, хіба толькі індывідуальная непераноснасць прэпарату.
Назначыць для пацыента гэтую новую працэдуру можа толькі ўрач-спецыяліст – неўролаг, траўматолаг, дэрматолаг. Урач праводзіць дыягнастычныя абследаванні, каб выявіць, ці ёсць проціпаказанні.
Рэкамендацыі для пацыентаў. Перад працэдурай карбоксітэрапіі хаця б за тры дні неабходна прытрымлівацца пітнога рэжыму (2–3 л вады на дзень). Непасрэдна пасля працэдуры некалькі дзён таксама трэба захоўваць пітны рэжым, павялічыўшы колькасць вадкасці ў рацыёне, а таксама водны – месцы ад ін’екцый лепш не мачыць некалькі гадзін пасля працэдуры.
Спачатку ноу-хау-методыка будзе назначацца з лячэбнымі мэтамі, пасля плануюць яе прымяняць і ў эстэтычнай медыцыне (нагадаем, у Івацэвіцкай ЦРБ паспяхова працуе касметалагічны кабінет). З дапамогай працэдур карбоксітэрапii вырашаюцца і многія праблемы эстэтычнага характару: мяшкі пад вачыма, маршчыны вакол вачэй, цэлюліт, залішнія тлушчавыя адкладанні, карэкцыя авала твару і інш.
Каштаваць дадзеная паслуга па карбоксітэрапіі будзе каля 20 рублёў. Перад працэдурай урач, які будзе яе праводзіць, вывучае гісторыю захворвання, вызначае праблемныя месцы, рыхтуе інструмент і прэпарат, дэзынфіцыруе паверхню скуры для бяспечнага ўвядзення вуглякіслага газу. Выкарыстоўваючы аднаразовую стэрыльную насадку з вельмі тонкай іголкай, урач робіць ін’екцыі ў праблемныя месцы. У першыя 2–3 хвіліны пасля ўколу магчыма адчуванне пякоты, пасля арганізм прывыкае, і пацыент не адчувае дыскамфорту.
Калі ў вас ёсць праблемы з пазваночнікам, суставамі ці скурныя захворванні, цікаўцеся ў свайго ўрача, магчыма, вам падыдзе новая працэдура – карбоксітэрапія, якую прапануе Івацэвіцкая ЦРБ.
Юлія КАВАЛЁВА, фота аўтара.