І лес пасадзілі, і каля помніка ў Красніцы парадак навялі, і арганізавалі тэматычную выстаўку…

Усё гэта паспелі зрабіць 10 красавіка работнікі ДЛГУ «Целяханскі лясгас» сумесна з членамі гісторыка-патрыятычнага клуба «Памяць» і валанцёрамі. Дружна, зладжана, нават цэлымі сем’ямі, з маленькімі дзецьмі прымалі ўдзел целяханцы і прадстаўнікі навакольных вёсак у акцыі, прысвечанай Году гістарычнай памяці.

Першым аб’ектам красавіцкага працоўнага дэсанта стала гістарычнае месца паблізу в. Выганашчы. Удзельнікамі акцыі быў наведзены парадак каля помніка, усталяванага ў знак памяці аб спаленай у часы Вялікай Айчыннай вайны вёсцы Красніца і яе знішчаных жыхарах.


Наступным этапам стаў удзел у традыцыйнай рэспубліканскай акцыі, прысвечанай Тыдню лесу «Пасадзі сваё дрэва». Каманда актывістаў на чале з ляснічым Вулькаўскага лясніцтва Сяргеем Галоўчыкам садзіла сеянцы сасны і бярозы. Пасадка праходзіла на плошчы ў 20 сотак у той частцы ляснога масіву, які пацярпеў падчас урагану. Прадуктыўны дзень быў закончаны высадкай дубоў у раёне экалагічнай сцежкі ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае».


Акрамя таго, арганізатары гісторыка-патрыятычнага клуба «Памяць» падрыхтавалі для ўдзельнікаў акцыі тэматычную выстаўку «Сцежкамі Першай сусветнай», экспазіцыя якой утрымлівала экспанаты, знойдзеныя на лініі фронту, якая праходзіла па мясцовай тэрыторыі. Мясцовы краязнаўца і пісьменнік Веніямін Бычкоўскі таксама быў з намі, і расказ яго быў змястоўны і цікавы. Ад афганцаў прымаў удзел у акцыі Іван Багдановіч.


Галоўная мэта такіх акцый – прыцягненне ўвагі да захавання гістарычнай памяці народа, захаванне лесу як нацыянальнага багацця. Дзень атрымаўся насычаным і эмацыянальным. Напрыканцы дружнай грамадою са смакам спрабавалі юшку, якую самі і зварылі, каб падмацаваць сілы падчас працоўнага дэсанта.


Вікторыя ГАЛОЎЧЫК, г. п. Целяханы.

Поделиться