Першае, на што звяртаеш увагу, калі пераступаеш парог дома Ганны Фёдараўны Краўчэні з в. Козікі, – гэта мноства вышытых крыжыкам карцін, што ўпрыгожваюць сцены пакояў. Ствараецца ўражанне, нібы ты трапіў у карцінную галерэю. Нацюрморты і пейзажы, рэпрадукцыі ікон і партрэты свецяць буйствам фарбаў з-пад шкла рамак. Любоў да рукадзелля жыве ў ёй з дзяцінства, а вось вышыўка з’явілася ў жыцці жанчыны пасля таго, як прывычнае размеранае жыццё раз і назаўсёды змяніла сямейная трагедыя. З таго часу крыжыкі на канве сталі выратаваннем для яе свядомасці, яны хоць і на невялікі час, але пазбаўляюць ад цяжару думак і перажыванняў і дапамагаюць несці свой нялёгкі жыццёвы крыж. Ды аб усім па парадку.

Нарадзілася Ганна Фёдараўна ў в. Магіліцы. Яна – равеснік і Брэсцкай вобласці, і раёнкі, сёлета ў кастрычніку адзначыць свой 85-гадовы юбілей. У сям’і з чатырох дзяцей яна была малодшай. Бацька працаваў на цагляным заводзе ў Даманаве, мама – у калгасе, трымалі вялікую гаспадарку, таму працаваць змалку Ганне, як і ўсім вясковым дзецям, даводзілася шмат.

Невялікімі ўрыўкамі жыве ў яе памяці перажытае ваеннае ліхалецце. Тату забралі на вайну, а яны, малыя, разам з маці і іншымі вяскоўцамі вымушаны былі хавацца ад немцаў у лесе, жылі ў шалашы, спалі на зямлі і ў халады ўкрываліся яловымі галінамі. Назаўсёды ўрэзаўся ў дзіцячую памяць гул самалётаў, які прымушаў гасіць вогнішча і хавацца ў высокай траве або ў шалашы.

Ды і пасляваеннае жыццё было нялёгкім, ад голаду выратоўвала хатняя гаспадарка, на якую трэба было шмат працаваць. І сёння, здаецца, яна адчувае смак тых самых аладак з семя шчаўя – гэта было так смачна… Тата вярнуўся дадому восенню 1945-га. Ганна пайшла вучыцца ў Магіліцкую школу, там скончыла яна чатыры класы, потым давучылася да сёмага ў Вольцы, а далей можна было толькі за грошы ў Даманаве. Дзеля вучобы бацькі мусілі прадаць карову. Паха-дзіла Ганна год у школу, пагля-дзела, што ніхто з вяскоўцаў не вучыцца, ды і сама кінула вучобу. Вельмі незадаволены быў такім учынкам бацька, таму ўсё ж яна завяршыла навучанне. Але вось школьнага выпускнога ў яе жыцці так і не здарылася, бо не было святочнай сукенкі.

З дзесяццю класамі за плячыма на той час Ганна была на вёсцы адукаваным чалавекам, таму пасля школы яе прынялі на працу ў калгас «Іскра» касірам. Але заработная плата была там мізэрная, і ў пошуках лепшага заробку спачатку ўладкавалася ў нарыхтзерне ў Івацэвічы, а ў хуткім часе, паколькі на руках ужо быў пашпарт, паехала ў Казахстан, у Цалінаградскую вобласць, папрацаваць на перыяд уборачнай.

– Уладкавалі мяне на вагавую прымаць зерне з поля, а каб зарабіць яшчэ дадаткова капейчыну, пайшла я на падпрацоўку на ток. Там мне выдалі рыдлёўку, ды з такім неачэсаным чаранком, што за паўдня сцерла рукі да крыві, – дзеліцца Ганна Фёдараўна.

У Казахстане зарабіла Ганна крыху грошай, але прабыла там толькі два месяцы, бо ўсё ж душа рвалася на радзіму. Калі вярнулася, то бацькі прадалі карову, якую рыхтавалі ёй у пасаг, ды купілі швейную машынку. Тонкасцям швейнай справы Ганну ніхто не вучыў, яна сама прыдумвала адзенне, сама кроіла і сама шыла абноўкі родным, а яшчэ на заказ і малым, і старым. Кофту пашыеш – рубля заробіш, успамінае Ганна Фёдараўна.

Але ж і на працу хадзіць трэба, таму брат уладкаваў яе ў в. Вольку на пошту тэлефаністкаю. Зарабляла там яна 33 рублі ў месяц, а вось калі перавялася на сартавальніцу газет, атрымлівала ўжо 45 рублёў, і гэта былі неблагія грошы. У 1963 годзе прыйшоў на пошту загад, у якім паведамлялася, што такім супрацоўнікам, як яна, патрэбна адпаведная адукацыя. Падалася тады Ганна паступаць у Мінскі тэхнікум сувязі, уступныя іспыты вытрымала годна і была залічана на завочнае аддзяленне. Потым па службовых абставінах былі пераводы спачатку на паштовае аддзяленне ў Бусяж, а затым у Целяханы, дзе яна і спаткала свой лёс – будучага мужа Мікалая.

З сяброўкай Жэняй аднаго разу пайшлі на танцы, прыселі ля танцпляцоўкі ды частуюцца яблыкамі. Заўважылі, што ад іх не адводзяць позіркі трое хлопцаў, двое з іх у ваеннай форме, а адзін надта ж спадабаўся Ганне – высокі, чарнявы. Як высветлілася пазней, сімпатыя аказалася ўзаемнай. Мікалай родам з Козікаў, на той час служыў у арміі ў Германіі, прыехаў у водпуск, бо захварэла маці. Ужо на наступны дзень пасля знаёмства ён патэлефанаваў Ганне на пошту, а потым і прыехаў. Даслужыў хлопец свае астатнія тры месяцы, вярнуўся ў лістападзе 1966-га, у суботу, а ў панядзелак маладыя ўжо распісаліся. На ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу, якую для іх арганізавалі ў Целяханах, сабраўся цэлы клуб народу. А вось вяселле маладыя згулялі пасля Каляд, калі скончыўся пост.

Спачатку жылі на кватэры ў Целяханах, Коля ўладкаваўся на працу ў будаўніча-мантажнае ўпраўленне, якое выдзеліла маладым жыллё, але ж надта яму хацелася назад, у родныя Козікі, таму аднаго дня сабраў усе рэчы і паставіў жонку перад фактам – пераязджаем да бацькоў. Ганна па волі мужа звольнілася з пошты і паехала разам з ім. Зноў патрэбна было шукаць работу, таму некаторы час працавала на пошце ў Магіліцах, а потым і на Івацэвіцкай цэнтральнай пошце.

Працоўная біяграфія Мікалая Міхайлавіча таксама заслугоўвае павагі, бо ён прайшоў шлях ад трактарыста, камбайнера і сантэхніка да інжынера па працаёмкіх працэсах у сельгаспрадпрыемстве «Перамога».

Сталі ў Краўчэняў нараджацца дзеці, патрэбен быў свой вугал, таму побач з бацькоўскай хатай уласнымі рукамі і намаганнямі пабудавалі сваю. Працоўным месцам Ганны Фёдараўны быў і козікскі магазін. Апошнім стала паштовае аддзяленне ў Козіках, дзе яна працавала начальнікам яшчэ чатыры гады на пенсіі.

Выгадавалі Краўчэні траіх сыноў і дачку. Ды вось толькі няшчасны выпадак адабраў любую 19-гадовую дачку назаўсёды. Трагедыя перавярнула жыццё сям’і, стала невыцерпным болем для бацькоў, які і сёння трывожыць іх сэрцы. Каб ад перажыванняў не страціць свядомасць, Ганна Фёдараўна пачала шукаць сабе занятак, і знайшла яго ў вышыўцы. Занятак стаў аддушынай, ён хоць на час, але прымушае адцягнуць увагу ад гора.

– Калі я вышываю, а забываю пра ўсё і нават не чую шуму ў сваёй галаве, які так непакоіць перыядамі, – кажа мая суразмоўца.

Ідэі і схемы для вышыўкі крыжыкам яна бярэ з часопісаў, а іх за многія гады сабралася вельмі шмат. Ніткі і канву набывае ў Івацэвічах ва ўнівермагу. Не толькі карціны, але і абрусы, ручнікі, сурвэткі з-пад яе лёгкай рукі крыжык за крыжыкам шчодра ўпрыгожваюцца мудрагелістымі ўзорамі.

– Вось на гэтай карціне 28 тысяч крыжыкаў, – паказвае нам адну са сваіх любімых работ Ганна Фёдараўна.

Колькі працы ўкладзена ў кожную! А за гады ўжо столькі вышыта ўмелымі рукамі, што і не злічыць. Многа работ падорана ад душы – родным і блізкім, з нагоды і без, вось і зараз гаспадыня падрыхтавала падарункі для родзічаў мужа з Растова. Рамкі для вышытых карцін ёй дастаўляюць сыны, іх для маміных работ вырабляюць пад заказ, яны гарманічна ўпісваюцца ў вясковы інтэр’ер. Утульнасці хаце дадаюць і сурвэткі, і дыванкі, якія гаспадыня таксама звязала сама. Між іншым, вязаць яна ўмее яшчэ з дзяцінства. У суседзяў на кватэры жыла настаўніца, яна і навучыла маленькую Ганну гэтаму віду рукадзелля. Усплывае ў яе памяці і сёння, як 11-гадовай дзяўчынкай яна вязала карункі на вяселле сваёй сястры.

Ужо пайшоў пяты год, як занямог яе верны спадарожнік жыцця Мікалай Міхайлавіч, пасля перанесенага інсульту ён прыкаваны да ложка. Вось так, седзячы побач з мужам, доўгімі днямі і вечарамі і нараджаюцца яе работы.

Бацькі ўдзячны сваім сынам Сяргею, Мікалаю і Валодзю, якія па чарзе амаль штодзённа наведваюцца да іх у Козікі, за клопат і дапамогу. Прычакалі Краўчэні ўжо шэсць унукаў і двух праўнукаў. І хоць самі ніколі не мелі бесклапотных дзяцінства і маладосці, шчыра зычаць гэтага сваім родным і блізкім. Ад усёй душы яны дзякуюць Прэзідэнту Беларусі за дастойнае жыццё на пенсіі, за ўвагу, якая зараз на-дзяляецца інвалідам, за спакой і мір у нашай краіне.

У хаце і двары Краўчэняў – ідэальная чысціня і парадак і шмат кветак, якія так любіць гаспадыня, у іх яна таксама знаходзіць суцяшэнне.

Падчас сустрэчы з маёй суразмоўцай у яе ўтульнай хаце, разглядаючы мноства карцін, сурвэтак, ручнікоў, абрусаў, дываноў і кветак у вазонах, падумалася: прыгажосць выратуе свет… Як не раз выратоўвала мацярынскае сэрца ад нясцерпнага болю…

Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться