26 студзеня 2022 года, каля 8 гадзін раніцы. На вуліцы яшчэ цёмна. 62-гадовы В. Б., жыхар Івацэвічаў, выйшаў з прыватнага дома (непадалёку ад касцёла) і накіраваўся пешшу ў бок прафліцэя сельгасвытворчасці, дзе ён працаваў сантэхнікам. Звычайна В. Б. рухаўся па вул. Міру да перакрыжавання з 70 год Кастрычніка і там паварочваў у бок прафліцэя – так больш бяспечна, бо вул. Механізатараў у ранішні час вельмі ажыўленая.

Але на гэты раз В. Б. вырашыў ісці па тратуары ўздоўж Механізатараў.

…У гэтую ж раніцу 34-гадовы О. Л., таксама жыхар Івацэвічаў, імчаў на аўтамабілі «Фольксваген Гольф» па вул. Механізатараў у бок Стаек. Ён толькі што завёз дзяцей у садок і школу, спяшаўся дамоў, бо трэба было ў гэты дзень выканаць работы на могілках, дзе гэты малады мужчына падпрацоўвае, – выкапаць магілу.

Але далей падзеі развіваліся па трагічным сцэнарыі. Пад’язджаючы да пешаходнага пераходу на вул. Механізатараў, О. Л. праявіў няўважлівасць і, працягваючы рухацца з хуткасцю каля 50 км у гадзіну (дарожны знак на дадзеным участку дарогі рэгламентуе рух з хуткасцю 40 км/гадз), не ўбачыў В. Б., які пераходзіў дарогу па пешаходным пераходзе. Пры належнай уважлівасці і асцярожнасці О. Л. мог убачыць пешахода і прапусціць яго. Але адбылося сутыкненне, якое скончылася трагедыяй.

Як пасля О. Л. паведаміць следству і ў зале суда, на момант сутыкнення ён… не бачыў пешахода. У яго аўтамабілі было ўключана бліжняе святло фар, ліхтары вулічнага асвятлення таксама ўключаны (на вуліцы было яшчэ цёмна), у спадарожным кірунку ніхто не ехаў, насустрач рухаліся машыны. Праязджаючы «зебру» падчас раз’езду з аўтамабілем, які ехаў насустрач, О. Л. пачуў удар; адначасова разбілася ветравое шкло. О. Л. хутка спыніўся, уключыў аварыйную сігналізацыю, выскачыў з машыны і ўбачыў на другім баку дарогі ляжачага мужчыну. Гэта быў В. Б. Ён загінуў на месцы.

Ад паказанняў сведкаў здарэння ідзе мароз па скуры. Так, адзін з мужчын, які чакаў непадалёку другую машыну, паведаміў, што ўбачыў чалавека, які ляціць на вышыні болей двух метраў. Як бачыце, удар нават на адносна невялікай хуткасці можа ператварыць чалавека літаральна ў пушынку. Пры гэтым нанесці траўмы, якія несумяшчальныя з жыццём.

Такая цана кароткага слова-тлумачэння – спяшаўся. І гэта пры тым, што бачнасць дарогі была добрая, дажджу, снегу ці туману не было, на праезнай частцы снегу не было (ляжаў толькі на абочыне). Падчас кіравання легкавіком О. Л. па тэлефоне не размаўляў, нішто не адцягвала яго ўвагу. Здарэння не павінна было быць! Але яно адбылося.

О. Л. прызнаў сябе вінаватым, паведаміў, што вельмі перажывае, хвалюецца. Ён аплаціў рытуальныя паслугі па пахаванні В. Б. і за выклік «хуткай». Па магчымасці будзе прымаць усе меры, каб поўнасцю кампенсаваць нанесены ўрон.

Улічваючы змякчальныя абставіны і адсутнасць абцяжарваючых у О. Л., а таксама наяўнасць у яго на ўтрыманні двух малалетніх дзяцей, пастаяннае месца працы, пасрэдную характарыстыку па месцы жыхарства і станоўчую з месца работы, хадайніцтва працоўнага калектыву О. Л. аб змякчэнні пакарання, хадайніцтва пацярпелай дачкі В. Б. аб прызначэнні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, здзяйсненне меней цяжкага злачынства па неасцярожнасці, суд палічыў, што мэты крымінальнай адказнасці ў дадзеным выпадку могуць быць дасягнуты пры прызначэнні абвінавачанаму пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

Такім чынам суд Івацэвіцкага раёна прызнаў О. Л. вінаватым у парушэнні Правіл дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, і што пацягнула смерць чалавека, і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 5 гадоў.

Дачка загінуўшага В. Б. заявіла аб кампенсацыі ад абвінавачанага маральнага ўрону на суму 35 000 рублёў, суд прыняў рашэнне спагнаць на карысць дачкі ў якасці маральнай шкоды 20 000 рублёў і аплаціць дзяржпошліну ў памеры 96 рублёў.

…Гэтае першае ДТЗ у 2022-м годзе ў нашым раёне хочацца назваць здарэннем, якога не павінна было быць. Дарожная абстаноўка і знакі, стан надвор’я, цвярозы стан удзельнікаў – нічога бяды не прадвяшчала. Але наша спешка, калі мы крыху перавышаем хуткасць, крыху губляем уважлівасць, – усё гэта не можа быць неважным, калі ты кіруеш сродкам павышанай небяспекі, якім з’яўляецца аўтамабіль. Бо, нават рухаючыся на адносна невялікай хуткасці, можна імгненна акалечыць чалавека ці забіць яго…

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.

Поделиться