“ЛьВёнак” – наш!

article2474.jpg

І зноў Целяханская дзіцячая школа мастацтваў вярнулася з чарговага конкурсу дзіцячага мастацтва з бліскучай перамогай:  Гран-пры, статуэтка “Львёнак” і медаль – у таленавітай баяністкі Кацярыны Маляўка, Яўгенія Крываль – дыплом лаўрэата першай ступені, Вольга Касіян – дыплом лаўрэата другой ступені!  На гэты раз “ураджайныя вяршкі” юнымі дараваннямі з Целяхан былі зняты з трэцяга рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнак” (Лідскі вянок), які праходзіў у г.Ліда на працягу некалькіх тыдняў у маі.  

Гэтае грандыёзнае культурнае мерапрыемства сабрала болей за дзве з паловай тысячы адораных дзяцей з усёй Беларусі і Літвы. Конкурс з кожным годам набірае ўсё большы размах і праходзіць пры падтрымцы ГА “Беларускі Саюз музычных дзеячаў” і беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў. У мінулыя выхадныя адбылося ўзнагароджанне дыпламантаў, лаўрэатаў і ўладальніка Гран-пры ў намінацыі “Баян”, і радасна адзначыць, што вяршыня ўзята целяханскімі зорачкамі. У мінулым годзе вучаніца Анжалікі Алегаўны Тысевіч Кацярына Маляўка на гэтым рэспубліканскім конкурсе была ўзнагароджана дыпломам лаўрэата другой ступені, а сёлета паднялася да вышэйшай ступені – Гран-пры.

     Наша Кацярына – малайчына. Яна не проста таленавітая дзяўчынка, яна вялікая працаўніца. Як пчолка яна працуе ў поце твару на занятках, дома, у выхадныя... І не перастае здзіўляць і нас, і прафесійнае журы конкурсаў, – з ноткай гонару за зорачку школы расказвае Вадзім Леанідавіч Галоўчык, дырэктар ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Целяханы”. – У намінацыі “Баян” удзельнічала каля сотні дзяцей у чатырох узроставых катэгорыях. У старэйшай групе, у якую папала наша Кацярына, яна была амаль самая малодшая (другая знізу), ёй давялося канкурыраваць з навучэнцамі музыкальных каледжаў. Гэта было, згадзіцеся, няпроста. Да таго ж, у яе перад самым выступленнем забалела моцна рука, і яна, перамагаючы боль, усё роўна цудоўна выступіла. Журы было проста скароным яе віртуозным выкананнем складанага не па гадах музыкальнага твору. Мы ганарымся поспехам Кацярыны, удзячны бацькам Яўгеніі Крываль (вучаніцы таксама Анжалікі Алегаўны), якая вырасла ў сваім майстэрстве і была на “ЛьВёнку” у сярэдняй узроставай групе ўзнагароджана дымломам лаўрэата першай ступені. Гэту дзяўчынку бацькі прывозяць на заняткі штодзень з Вялікай Гаці, што сённяшнім часам дарагога каштуе. І ад імя адміністрацыі школы, педагагічнага калектыва і бацькоў віншуем з цудоўнай перамогай не толькі Кацярыну Маляўка і Яўгенію Крываль, а і маю вучаніцу Вольгу Касіян, якая стала лаўрэатам другой ступені ў сярэдняй узроставай групе. Перамогі дзяўчынак у значымых конкурсах – гэта вынік доўгай і мэтанакіраванай падрыхтоўкі. І калі вянец дарогі да мэты – поспех, радасна ўдвая.

Валянціна БОБРЫК. На фота злева направа: Кацярына Маляўка – Гран-пры, В.Л. Галоўчык, Вольга Касіян – лаўрэат 2 ступені, А.А.Тысевіч, Яўгенія Крываль – лаўрэат 1 ступені.

 

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев