«Рана развiтвацца»

27 июля 2017 - Administrator
article3323.jpg

 Нiкога з прысутных не пакiнула абыякавым мерапрыемства, якое прайшло ў Гошчаўскiм Доме культуры ў суботу, 15 лiпеня. Сапраўднае свята  для гошчаўцаў  адбылося, дзякуючы  iнiцыятыве i карпатлiвай працы групы таленавiтых людзей, у сэрцах i душах якiх жыве дух рамантызму, вялiкая любоў да музыкi i роднага краю, сваёй малой Радзiмы, дзе прайшло юнацтва i адкуль пачалiся ўсе шляхі…


 На старонках iнтэрнэту i ў мясцовай раённай газеце  задоўга да назначанай даты некалькi разоў друкавалася аб’ява аб канцэрце-сустрэчы  пад  назвай «Рана развiтвацца», удзельнікамi якой будуць  вакальна-iнструментальныя групы мiнулых гадоў, якiя стваралiся ў Гошчаўскай СШ  у розныя часы, пачынаючы з 1977 года. Сустрэчу  чакалi i,  здавалася,  апошнiм часам толькi пра гэта i гаварылi. Успамiналi, спрачалiся i спрабавалi адгадаць,  хто ж з удзельнiкаў зможа прыехаць. Большасць з iх ужо даўно змянiла месца жыхарства, некаторыя нават пакiнулi сваю краiну i жывуць за яе межамi, але iх любiць,  памятае i чакае  родная вёска.

Хоць  канцэрт i быў назначаны  на 20.00 гадзiн, але людзi пачалi збiрацца у ДК з 18.00. Месца ў зале не засталося ўжо праз гадзiну, а на пачатак канцэрта не было нават дзе стаяць. Сярод гледачоў – людзi розных узростаў, многiя прыехалi здалёк. Сцэна Дома культуры была шчыльна застаўлена складанай апаратурай. У былыя часы пра такую ніхто i не марыў, але Юрый Лаўрыновiч, вядомы ў раёне таленавiты музыкант-выкладчык дзiцячай школы мастацтваў г. Iвацэвiчы па класе балалайкi,  выпускнiк Гошчаўскай школы 1990 года,  прадаставiў яе сваiм аднадумцам i сам актыўна ўдзельнiчаў у канцэрце.

I вось загучалi хвалюючыя акорды. Адкрыў канцэрт Алег Ляцецкi –  таксама наш аднавяскоўца, шматбакова таленавiты i вельмi актыўны музыкант-выкладчык дзiцячай школы мастацтваў г.Iвацэвiчы па класе фартэпiяна. Гэта ён змог  увасобiць у жыццё ўзнiкшую шмат гадоў назад iдэю: арганiзаваць усiх, правесці па некалькi рэпетыцый, вырашыць узнiкаючыя праблемы i давесцi iнфармацыю да гледачоў. Алег  выканаў песню «Гошчаўскi вальс», аўтарам  музыкi якой ён i з’яўляецца, на словы нашага земляка, вядомага паэта М. Кулецкага. Затым на сцэне пад аглушальныя апладысменты з’явiлiся ўдзельнiкi першага складу вакальна-iнструментальнага ансамбля, якi быў створаны 40 год назад.

Анатоль Валошчык (Ганцавiчы), Васiль Банасевiч (Белаазёрск), Уладзiмiр Самсонiк (Валгаград), Павел Траццяк (Брэст), Аляксандр Серада (Iвацэвiчы), Яўген Васiлеўскi (Баранавiчы). Яны, прыгожыя, сталыя мужчыны, тварам i постаццю падобныя на сваiх бацькоў, вiталi аднавяскоўцаў са сцэны. Iм ужо па 55, але  раптам яны сталi тымi самымi задорнымi,  вясёлымi юнакамi i з першымi акордамi вярнулi гледачоў на 40 гадоў назад. Загучала музыка i здарылася чараўнiцтва – знiклi дзясяткi гадоў, аддзяляючыя мiнулыя падзеi ад рэальнасцi. Здавалася, усе памаладзелi i нiбы ажылi, а ў зале, дзе было вельмi цесна i горача,  вiтала небывалая  атмасфера дабрынi i ўдзячнасцi. Музычную адукацыю маюць толькi некаторыя з тых, хто стаяў на сцэне,  але песнi лiлiся, здавалася, з самай душы,  лашчылi слых i столькi ў iх было дабрынi, шчырасцi i пранiкнення!

Первая любовь – звонкие года. 
В лужах голубых 
стекляшки льда.
Не повторяется, не повторяется, 
Не повторяется такое никогда…
У маладзейшых гледачоў гэта выклiкала здзiўленне i захапленне, а ў старэйшых – цёплую ўсмешку i нават шчырыя слёзы ад настальгiчных успамiнаў. Выступалi i iншыя ўдзельнiкi ансамбля: Iгар і Юрый Лiтоўчыкi (Мiнск), Мiкалай Майсейчык (Брэст), Генадзь Фядосiк (Мiнск), Вiктар Хацiмка (Санкт-Пецярбург).

Слухалi канцэрт, якi доўжыўся дзве гадзiны, на адным дыханнi. Апладзіравалi. Падпявалi. На сцэне вырасла гара з кветак.  
А пасля канцэрта пачалася дыскатэка. Такога ўздыму i вяселля наша вёска не ведала даўно. Нiводнай кампазiцыi не замянiлi фанаграмай! Увесь час гучалi жывыя галасы. Выканаўцы нястомна змянялi адзiн аднаго. Добрая музыка, не старэючая, гучала i гучала,  выклiкаючы цёплыя ўспаміны аб юнацтве.
“Там где клён шумит…” змянялася “Рано, рано, рано прощаться”… i далей, далей...

Мiнула далёка за поўнач, але нiхто не збiраўся дадому. Хацелася, каб гэта свята не канчалася. У зале з’явiлiся групы людзей. Гэта аднакласнiкi сустрэлiся пасля доўгiх гадоў растання. Некаторыя з iх не прыязджалi ў вёску па 20 i больш гадоў, а тут такая падзея! Атмасфера добразычлiвасцi i пазiтыву захлёствала нават гасцей з iншых населеных пунктаў, якiх было нямала.

Нiхто не парушыў парадак. Не было п’яных. I такое масавае мерапрыемства, якое сабрала болей за паўтысячы чалавек, прайшло без здарэнняў. 
Хочацца выказаць словы падзякi ўсiм, хто  ўдзельнiчаў у арганізацыi i правядзеннi сустрэчы: iніцыятарам  канцэрта-сустрэчы, гаспадарам Дома культуры за цёплы радушны прыём,  госцю з г. Ганцавiчы Сяргею Плотка, дзякуючы якому ў нашым сельскiм Доме культуры гучалi чароўныя гукi саксафона, таленавiтаму i вiртуознаму барабаншчыку з Iвацэвiч Аляксандру Мохаву, якi прыехаў падтрымаць сябра. Усё гэта зусiм бескарыслiва i ад душы. А самыя цёплыя i шчырыя словы вам, дарагiя ўдзельнiкi канцэрта, за чуласць, чалавечнасць, вялiкую любоў да роднага краю, за тое, што вялiкiя шляхi i шумныя гарады не сцерлi з вашай памяцi дарогу ў родную вёску, дзе ўсё пачыналася i куды за тысячы кiламетраў вы спяшалiся, каб сустрэцца са сваёю маладосцю.  
Таццяна Мамчыц.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев