«Спадчыне» – 25

26 июля 2017 - Administrator
article3317.jpg

 “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…” – са знакамітых слоў верша Я. Купалы “Спадчына”, пакладзенага на музыку І. Лучанком у выкананні “Песняроў”, пачалося свята юбілею народнага аматарскага аб’яднання з аднаіменнай назвай “Спадчына” ў Даманаўскім СДК 23 ліпеня. Зала была поўная гледачоў, і гэта асабліва радавала самадзейных артыстаў “Спадчыны”, якая 25 гадоў таму атрымала званне народнага калектыву. Сёння “Спадчына” ў нацыянальных касцюмах з беларускім арнаментам спявае пад кіраўніцтвам Аксаны Каліноўскай, але, як казалі госці і ўдзельнікі калектыву былых часоў, гісторыю сярэбранага юбілею “Спадчыны” можна пазалаціць.


Калектыў быў створаны па ініцыятыве Лідзіі Міхайлаўны Міхневіч, былога старшыні Даманаўскага сельсавета, у 1988 годзе. Тады самадзейны калектыў называўся хорам ветэранаў вайны і працы, у які прыйшла акампаніятарам малады педагог Людміла Іванаўна Курленя.  Калі Людміла Іванаўна стала працаваць з хорам ветэранаў вайны і працы, калектыў стаў хутка прыкметным. У 1992 годзе ён атрымаў званне народны і стаў называцца “Спадчына”. У той жа 1992 год на тэлебачанне здымалі ў Даманаве абрад вясельны для перадачы “Вячоркі” з ансамблем “Бяседа” і Якавам Навуменкам. Вясельны абрад прыдумвалі самі, дапамагалі і вяскоўцы, як, напрыклад, Надзея Міхайлаўна Кічаева, бацька Людмілы Іванаўны – Іван Андрэевіч Бірук… Галоўныя ролі  жаніха і нявесты ігралі Таццяна Піскун і Віталь Самсон. А праз год, якраз, калі перадача выходзіла ў эфір, вядучы сказаў, што маладая пара, якая іграла ролю жаніха і нявесты, стала сапраўднай сям’ёй і нядаўна згуляла вяселле. 

У рэпертуары “Спадчыны” заўсёды былі народныя беларускія песні, рускія, польскія песні, танцы, былі і свае чытальнікі. Міхаіл Нікіфаравіч Ляшук, да прыкладу, быў са сваімі вершамі і байкамі заўсёды рызыначкай канцэртаў. Свой аповед і пажаданні Людміла Іванаўна Курленя “размачыла” песняй “Рамонкі”.

Пасля Людмілы Іванаўны Курлені аматарскім аб’яднаннем “Спадчына” кіравалі Таццяна Анатольеўна Самсон, Таццяна Уладзіміраўна Сіманчук, а сёння на працягу апошніх 16 гадоў кіруе таленавітая, усмешлівая і пазітыўная Аксана Аляксандраўна Каліноўская. Яна з’яўляецца і салісткай калектыву. У сваёй прамове яна адзначыла, што калектыў застаецца творчым, зладжаным і правераным часам. “Спадчына” сёння займаецца не толькі творчай, а  навучальнай і выхаваўчай дзейнасцю. Першую секцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва  “Свой кут упрыгожу сваімі рукамі” ўзначальвала легенда вёскі Фіра Іванаўна Вараб’ёва, якая аб’яднала майстроў вышыўкі і іншых відаў мастацтва. Сваімі творчымі работамі дзеляцца Зоя Сцяпанаўна Качавая, Алена Антонаўна Монцік, Наталля Уладзіміраўна Гегеня… Другую секцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўзначальвае Вольга Віктараўна Кучынская, дзякуючы якой, кажуць у калектыве, немагчымае стала магчымым. Аксана Аляксандраўна дзякавала калектыву, ветэранам сцэны, спонсарам, сябрам і ўдзячнаму гледачу. Пад гукі фанфараў уздымаецца сённяшні склад народнага аматарскага аб’яднання “Спадчына”. Гэта акрамя кіраўніка Аксаны Каліноўскай – Таццяна Муха, Лідзія Курленя, Алена Рабчук, Алена Ляўчук, Людміла Курленя, Ала Салонка, Таццяна Круглей, Людміла Скіндзер, дырэктар Даманаўскага СДК, Марына Касавец, мастацкі кіраўнік, Вадзім Каліноўскі, хормайстар і гукарэжысёр. Не атрымалася папасці на свята Алене Трында, якая таксама з’яўляецца ўдзельнікам творчага калектыву. 
Свята атрымалася. Яно доўжылася на працягу амаль чатырох гадзін і ўвесь канцэрт суправа-
джаўся шчодрай відэапрэзентацыяй з творчага жыцця калектыву. Дзякуй, “Спадчына”, і спявай!
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев