Акцёры сярод нас!

2 мая 2017 - Administrator
article3119.jpg

 Адзінаццаты год запар Івацэвіцкі народны тэатр дорыць цёплыя вечары сваёй любімай публіцы. Так, 20 і 21 красавіка ў Івацэвіцкім гарадскім Доме культуры прайшоў тэатральна-гумарыстычны бамонд “Ба!... Знаёмыя ўсе твары!”.

 Танцы, гумарыстычныя мініяцюры, песні і, як самае галоўнае, тэатр спляліся разам у адной праграме. Сапраўды, штогод людзі прыходзяць, каб паглядзець на тыя самыя знаёмыя твары, але цікава, як гэтыя людзі мяняюцца на сцэне падчас гульні. Вось, здаецца, ведаеш чалавека ў жыцці, не раз сустракаў, а тут – ён у новым амплуа…

Пачынаючы з пралога “Пачынач”, акцёры адзін за адным выходзілі на сцэну з залы разам з вядучымі. Бо тыя акцёры, як і ў жыцці, – сярод нас. Хутка сярод гледачоў адшукалі ўрача, ткача і іншых “ча”, каб толькі пачаць вечар. А пасля паляцелі гумарыстычныя мініяцюры.
 
Шмат мужчын пабачылі сябе ў сцэне “Зборы ў тэатр”, калі не могуць ні сябе, ні сына сабраць, калі нават жонка падрыхтуе ўсё. У мініяцюры “Сэрца кахання” ўзнавілі ток-шоу, дзе дзве пары бароліся за галоўны прыз, паказваючы як добра ведаюць адзін аднаго. Ацанілі, да якіх крайнасцей можа давесці імкненне да здаровага ладу жыцця ў мініяцюры “СПА-салон для жалудачка”, калі “не ем стравы з мяса” становіцца тымі самымі забабонамі. Не маючы музычнай адукацыі і нават густу, лёгка было разабрацца з юмарам пастаноўкі “Кафедра бубна”. На мужскі густ падалася мініяцюра “Татальны дыктант”, дзе кожны герой стараўся папрысутнічаць каля прывабнай дамы. Знаёмымі амаль кожнаму ўжо пакаленню было выступленне новых рускіх бабуль “Падарожжа”. Шмат мініяцюр было прысвечаны тэме вяселля: і “Вясельнае агенцтва з прывітаннем”, і “Рэпетыцыя вяселля”, і “У загсе”.  А вось і тыя знаёмыя шмат каму акцёры: Сяргей Музычэнка, Аляксандр Сарока, Антон Макараў, Аляксей Халадовіч, Ефім Юрын, Людміла Бярнухова, Васіль Разумейчык, Мікалай Дылько, Нона Чырко, Аляксандр Молаш, Дзмітрый Грынчык, Генадзь Вашчыла, Вольга Шыбайка, Сяргей Кот і іншыя. Трэба адзначыць працу хормэйстара Ганны Суханосік, памочніка рэжысёра Жанны Кулецкай, аператара Міхаіла Лазюка, харэографа Наталлі Куратнік.

Асноўная частка бамонда гумарыстычная, часткова ўзята з розных шоу, але перапрацаваная пад нашага гледача, каб гумар для яго быў знаёмы і добра ўспрымаўся такой разнастайнай аўдыторыяй. Гумарыстычныя пастаноўкі чарадаваліся з песнямі і танцавальнымі нумарамі, таму вечар выдаўся каляровым. 
Мужчыны стараліся быць брутальнымі і выразнымі і парадавалі танцам у амерыканскім стылі. Кубінскі танец “Ча-ча-ча” дабавіў запалу, ужо знаёмы па шматлікіх мерапрыемствах цыганскі танец зноў-такі парадаваў публіку. А вось песні выглядалі добрым кантрастам у параўнанні з гумарастычнай праграмай і ў большасці сваёй вясёлымі танцамі. Тут прагучалі кампазіцыі на тэму кахання, жыцця, ды і самі выканаўцы (Міхаіл Горбач, Арцём Аўцынаў, Таццяна Гарун) ўпэўнена выглядалі на сцэне. 

Самая сур’ёзная частка бамонду – балада “Лілеі”, дзе нашы акцёры прадсталі перад гледачамі без кроплі гумару. Балада Адама Міцкевіча ўзнікла на падставе польскай народнай песні пра забойства нявернай жонкай свайго мужа-пана. На сцэне адначасова было шмат акцёраў, якія ладна ўжываліся разам, рытмічна і сінхронна выконвалі дзеі. Яны былі кранальнымі і чуллівымі адзін да аднаго і, спадзяюся, што многія ў зале гэта таксама адчулі. Адзін акт сапраўднага тэатру ў выкананні маладзёжнай студыі тэатра і акцёраў народнага тэатра на роднай мове. Здаецца, глядач пабычыў баладу за 11 хвілін, але як дасканала перадалі сутнасць.
“Лілеі” – гэта не першая праца па творах Адама Міцкевіча. Яшчэ раней наш тэатр ставіў спектакль па баладзе “Рыбка”, дзе таксама пра каханне, толькі па-іншаму. 

У канцы першага вечара, як ужо прынята, падвялі вынікі працы народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК. Добрыя словы ў адрас акцёраў і рэжысёра Валянціны Кулецкай выказаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец (на здымку). Словы ўдзячнасці і павагі прагучалі і ад намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларысы Зорка. Бо народны тэатр складаецца з людзей, якія любяць гэтую справу, аддаюць свой асабісты час на рэпетыцыі. Яны вучацца разам і вучаць адзін аднаго, унутры гэтага калектыва ім цікава жыць і, як гаварыцца, цікава тварыць. На сёння трупа народнага тэатра складаецца з 36 чалавек, у некага па асабістых прычынах не атрымалася прысутнічаць менавіта на бамондзе, пры тым, што людзі прысвячаюць жыццё тэатру на працягу года. Напрыканцы кожны акцёр атрымаў дыплом у пэўных намінацыях разам з падарункам. Дыпломамі за ўклад у развіццё тэатра адзначылі таксама і гасцей тэатра, якія выступілі на бамондзе. Спонсарам для маладзёжнай студыі тэатра выступіў РК ГА “БРСМ”. 

Акцёрам года прызнаны Сяргей Музычэнка, актрысай года назвалі Нону Чырко. “Лепшы тэатральны дэбют” атрымалі Анастасія Кучынская, Іван Гімпель і Аляксандр Янкоўскі. 
Тэатр – няспынная праца, наперадзе чакае абласны тэатральны фестываль. У лістападзе ў Івацэвічах збярэцца 17 тэатраў з розных гарадоў (пэўная колькасць удзельнікаў яшчэ ўдакладняецца). Восеньскі тэатральны сезон чакаецца з аншлагам, таму чакайце сваечасовых анонсаў, каб паспець за білетамі!
Ганна КАРПОВІЧ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий