Блінцы елі, песні спявалі – вясну гукалі!

27 февраля 2017 - Дарья Вдовина
article2983.jpg

Масленіца – свята з даўняй гісторыяй і безліччу прыемных традыцый. Сырны тыдзень папярэднічае Вялікаму Посту перад праваслаўным святам светлай Пасхі. Кожны дзень у гэтым тыдні мае сваё асаблівае значэнне: у панядзелак пачыналася гуканне вясны, у сераду людзі ішлі адзін да аднаго ў госці на бліны, у пятніцу быў “цёшчын вечар”, нядзеля – дараваны дзень. Аднак галоўны сэнс гэтага вясёлага і смачнага свята ў развітанні з зімой і ў вітанні вясны, як пачатку новага жыцця.

 

Вось і ў райцэнтры ў мінулую суботу, 25 лютага, было вялікае гулянне. Гучнай песняй, цікавымі гульнямі і, канечне, прыемным пахам блінцоў прыцягвалі людзей на цэнтральную плошчу горада арганізатары. Па-сапраўднаму зімовае надвор’е ў той дзень, магчыма, спужала некаторых жадаючых трапіць на свята, аднак самыя цікаўныя гледачы ўсё ж прыйшлі на Масленіцу і не пашкадавалі! Якіх толькі забаў ні прапанавалі нам у той дзень арганізатары свята. Аматары спорту маглі паспрабаваць сябе ў шашках, дартсе і гіравым спорце, самыя смелыя і спрытныя даставалі падарункі са слупа – гэта ўжо чаканая забава на Масленіцу. Было цікава і тым, каму па душы гульні ды спевы. Самадзейныя артысты Амяльнянскага, Магіліцкага, Даманаўскага, Любішчыцкага, Велікагацкага, Вулька-Аброўскага, Хадакоўскага СДК не давалі сумаваць гасцям і разагравалі публіку сваімі асабістымі хітрасцямі: беларускай песняй, прыпеўкамі жартоўнымі ды цікавымі гульнямі. Адбыўся ў той дзень і ўдалы дэбют выступлення на такой вялікай гарадской сцэне ў вакалісткі Хадакоўскага СДК Антаніны Молаш. Крычалі людзі “брава” і “на біс”, ці не гэта лепшая ацэнка ад слухача?
 
Упершыню, здаецца, гледачы маглі самі выйсці на сцэну і праспяваць песню пад жывы акампанемент. А ў разгары свята артысты частавалі ўсіх прысутных блінцамі. Асабліва ацанілі такую шчодрасць самыя маленькія госці.
Спорт і гульні – гэта добра, але і пра галоўны гасцінец забыць было нельга. Пах духмяных бліноў так і вабіў, хутка з’явіліся чэргі каля гандлёвых кропак райста. Прадаўцы прапанавалі бліны з самымі рознымі начынкамі: блін з натуральным мёдам каштаваў 55 капеек, з павідлам – 40 капеек, за блін са смятанай пыталі 39 капеек, а са згушчаным малаком – 50 капеек. Былі ў асартыменце і гарачыя напоі, таму ў горадзе ў той дзень адбылося вялікае дружнае чаяванне. Яшчэ безліч прысмакаў прапанавала людзям райста: пірожныя і пірагі, здаецца, толькі з печы. Наведаліся да нас і прыватныя гандляры з Пружан, Бярозы і нават Мінска. Яны прадавалі поп-корн, надзіманыя шары і розныя дзіцячыя цацкі. Самыя азартныя ўдзельнікі свята правяралі сваю ўдачу ў бяспройгрышнай латарэі, яна каштавала ўсяго 2 рублі. Разам з посудам і сурвэткамі можна было выйграць на Масленіцы і электрачайнік ці, напрыклад, кухонны камбайн.
 
Традыцыйна ў заключэнне свята спальваюць пудзіла Зімы і клічуць вясну, гарэла і наша пудзіла акурат у цэнтры плошчы. Яно, дарэчы, на працягу свята так цікавіла гараджан і несумненна трапіла ва ўсе аб’ектывы фотакамер падчас свята. Гарэла пудзіла Зімы, а мы такім чынам спрабавалі наблізіць сонечную, цёплую вясну!      
 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий