Целяханскае лета

21 июля 2017 - Administrator
article3308.jpg

 16 ліпеня адбыўся чарговы "Целяханскі бічаўнік"


Трэці па ліку «Целяханскі бічаўнік” уразіў неверагодна – той колькасцю людзей, якія прыйшлі на свята. Сама культурная праграма была разбіта на дзве часткі, дык вось на вячэрнюю частку са светлавым шоу і дыскатэкай сабралася людзей яшчэ больш.
Дырэктар і работнікі Цэнтра культуры і вольнага часу г.п. Целяханы, якія ўзвалілі на свае жаночыя плечы ўсю арганізацыю мерапрыемства, недарэмна вывучалі псіхалогію жыхароў пасёлка і навакольных вёсак. Усё ж нядзеля – дзень святы, то не пятніца і не субота, калі ёсць 
пільныя справы на сваіх сядзібах.

Ішлі пехатой, ехалі аўтобусам, на сваіх аўтамабілях: з дзецьмі самых розных узростаў, сем’ямі. І трэба сказаць, ніхто не прайграў: колькасць прапанаваных атракцыёнаў і забаў задавальняла ўсе ўзросты, парупілася Івацэвіцкае райста. 
Цікавым быў пралог, дарэчы, рыфмаваны, на беларускай мове, які напісала для свята мясцовая паэтка Марыя Купрыянчык. Апора работнікаў культуры на свае сілы, на таленты мясцовых жыхароў сябе апраўдвае і прыемна здзіў-
ляе: вось выходзіць на сцэну галоўны ўрач бальніцы Людміла Малей і пранікнёна чытае верш на беларускай мове той жа Марыі Купрыянчык. Такое не пакідае раўнадушным. 

Былі ўшанаванні землякоў і гасцей-мастакоў, жыхароў Целяхан за іх унёсак у культурнае і грамадскае жыццё пасёлка, былі віншаванні, прывітальныя слова святу ад намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Велікасельца, была прэзентацыя кнігі  пра Целяханы, выстаўкі мастацкага пленэру і фотавыстаўка, продаж-латарэя “магніцікаў”
І канешне ж, вялікая канцэртная праграма, вельмі разнастайная, у якой былі задзейнічаны (у першай частцы) свае, целяханскія артысты, што яскрава падкрэсліла мастацкае багацце гэтай  зямлі. А гледачоў было – як ніколі, занятыя былі ўсе месцы ў амфітэатры, мноства людзей стоячы сузіралі дзеі на сцэне.


Віртуознай ігрой паланілі гледачоў Яўгенія Крываль, Вадзім Галоўчык, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў, у дуэце з выпускніцай гэтай школы Кацярынай Маляўкай.



Заварожваў мелодыяй і вытанчанасцю  старажытны вальс у выкананні юных артыстаў (на здымку 3).
Як ужо было сказана, для дзяцей гэта свята стала сапраўдным раем – цэлы гарадок вырас за амфітэатрам, які поўніўся смехам і дзіцячымі галасамі захаплення . А яшчэ на пляцоўцы не было адбою ад жадаючых пакатацца на маленькіх аўтамабілях. І працавалі майстры нанясення “татуіроўкі” – праз самы кароткі час дзіцячыя твары былі ў самых розных малюнках.



Былі атракцыёны і для старэйшых. Напрыклад, такое кола, бы для касманаўтаў трэніроўка.
Шумна і тлумна было ля палатак Івацэвіцкага райста – усё свежае і смачнае прываблівала пахамі. І працавалі палаткі да позняй ночы.
У сваім прывітальным слове Аляксандр Велікаселец абмовіўся пра тое, што магчыма будзе атрымаць святу “Целяханскі бічаўнік” статус раённага. А гэта значыць, будуць новыя магчымасці як у яго сцэнарным развіцці, тэматычнай напоўненасці, так і ў фінансавым плане.
Сёння ж відавочна, што намаганні работнікаў культуры Целяханшчыны завяршыліся паспяхова: свята прыжылося, стала доўгачаканым. Значыць – яму жыць і радаваць сваіх  землякоў і гасцей.
Валерый Гапееў, 
Валерый Міскевіч (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий