Чым цікавыя беларускія калядныя традыцыі

9 января 2017 - Administrator
article2882.jpg

 Зараз якраз той час, які ў народзе называюць святкі, святыя вечары: за спінай Каляды, наперадзе Шчодры вечар. Гэта час, калі калядуюць і варожаць, і час, калі ўзгадваюць пра Бога, бо Нараджэнне Хрыстова, Вадохрышча таксама прыпадаюць на гэты перыяд. Жыццё спляло сваё павуцінне: святы народныя, паганскія, і святы хрысціянскія перапляліся настолькі цесна, што падаюцца адным цэлым. Але давайце разбірацца, што ёсць што.

Каляды – свята дахрысціянскае, народнае і працягваецца цяпер з 6 студзеня па 19 студзеня, а раней адзначалася з 24 снежня да 6 студзеня. Калі прыйшло да нас хрысціянства, людзі не жадалі адракацца ад традыцый, што гартаваліся стагоддзямі, і нічога не заставалася, як аб’яднаць новае і старое, святы паганскія і святы хрысціянскія, і таму першы дзень Каляд супадае з Ражством, а апошні – з Вадохрышчам. Першапачаткова ж людзі адзначалі зусім не нараджэнне Хрыста, а пачатак адліку новага года. З першага дня Калядаў пачынала павялічвацца даўжыня светлавога дня  пасля зімовага сонцастаяння – нашы продкі лічылі, што так нараджаецца новае сонца. Ёсць розныя версіі паходжання назвы Каляды – сугучнае з ёю слова “кола”, а гэта і старажытная назва сонечнага дыска, слова “календы”, што ў перакладзе з лацінскага пазначае першы дзень кожнага месяца. Магчыма, меўся на ўвазе і працэс – калядоўшчыкі хадзілі па хатах, дзе іх частавалі, а потым разам з’ядалі пачастунак, нібы перадаючы ежу па коле (“кол-яда”). 
Чым былі прыкметныя Каляды? Тым, што рыхтаваліся да іх загадзя і вельмі шчыра – хата прыбіралася, наводзіўся парадак на падвор’і, гаспадары мыліся ў лазні. На калядных тыднях нельга было працаваць, а вось весяліцца было вельмі пажадана. Вялікую ўвагу надавалі таму, што было на стале. А за час святкавання ладзіліся тры святочныя вячэры – тры куцці – посная, шчодрая і вадзяная. “ІВ” падрабязна пісаў пра іх у мінулым нумары. А цяпер хацелася б спыніцца на другой традыцыі – калядаванні, якое стала самай яскравай і цікавай прыкметай свята.

Звычайна калядаваць хадзіла моладзь. Хлопцы і дзяўчаты пераапраналіся ў жывёл (казу, мядзведзя і г.д.), іншых істот і персанажаў накшталт цыган і хадзілі па хатах, спявалі калядныя песні, гралі на музычных інструментах, зычылі толькі добрага гаспадарам, а тыя ў адказ адорвалі іх прысмакамі. Лічылася, што падчас калядавання трэба весяліцца і шумець, нібы адпугваючы нячыстую сілу ад сядзібы, куды прыйшлі калядоўшчыкі, а гаспадары “плацілі” прысмакамі  за такую абарону, і ежа лічылася своеасаблівай ахвярай тым светлым сілам, ад якіх залежаў дабрабыт сям’і.  Не адчыніць дзверы калядоўшчыкам пазначала наклікаць бяду на сваю хату. З прыходам хрысціянства ў жыццё продкаў змяніўся змест калядных песень, у іх сталі ўзгадвацца біблейскія сюжэты, і гэтым падкрэслівалася, што калядоўшчыкі славілі не нараджэнне новага кола – сонца, а нараджэнне Іісуса. 

Чытала я пра тое, што распаўсюджаным абрадам было правядзенне жартоўных жаніцьбаў падчас Калядаў. Гэты абрад да нашых часоў праводзіцца на Віцебшчыне, у Лепельскім раёне, і носіць назву “Жаніцьба Цярэшкі”. Абрад, дарэчы, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, як і абрад “Намскі Вялікдзень”, што праводзіцца ў нашым Аброве. Жартоўныя жаніцьбы мелі на мэце пазнаёміць бліжэй юнакоў і дзяўчат, якія праз гульню, праз танцы, песні прасцей наладжвалі стасункі, аб’ядноўваючыся ў пары на вечар і дзеля жарту. Для абраду абіралася свацця, накрываўся «вясельны» стол. Што цікава, жарты жартамі, але пасля многія пары, што падабраліся падчас гульні, у выніку гулялі сапраўднае вяселле. 
Яшчэ адзін нязменны калядны звычай – варажба. Варажылі і на ўраджай, і на прыплод хатняй жывёлы, на лёс, але найчасцей ўсё ж такі на жаніцьбу, на каханне. Спосабы тыя ж, якімі і цяпер дзяўчаты карыстаюцца – абняць плот, кінуць абутак праз плячо, набраць дроў і пералічыць іх, варажылі з дапамогай люстэрка, у лазні, пэўныя рытуалы былі звязаныя са сном.  Варажылі на сене, якое клалі пад абрус на стол падчас Калядаў – калі доўгую сянінку выцягнеш, чакае цябе шчасце і ўдача, добрым будзе ўраджай, а калі кароткую, дрэнны будзе год.  І не трэба думаць, што гэтая забава была прэрагатывай дзяўчат – хлопцы таксама варажылі, пішуць навукоўцы. Знайшла спасылку пра варажбу з дапамогай плоту. Дзеўкі ішлі ўздоўж плоту і прыгаворвалі: “кол-калец, хлопец-вдавец”. На якім слове заканчаўся плот, тое дзяўчыне і “свяціла”. А хлопцы рабілі тое самае, але прыгаворвалі: “Кол-каліна, два – дзяўчына”. Варажба, бадай, самая рамантычная частка святкавання. 

Асобна скажу пра Шчодры вечар (Шчадрэц, Васільеў вечар) – вечар напярэдадні Новага года па старым стылі, які цяпер прыпадае на 13 студзеня. Гэта таксама народнае свята і адзначаецца са старадаўніх часоў, яно найменш зведала на сабе хрысціянскі ўплыў. Характэрна для свята “шчодрая куцця”, хаджэнне па хатах са спевамі (людзі вадзілі з сабой Шчодру – прыгожа прыбраную дзяўчыну), варажба і абрады накшталт ваджэння казы. Абрад “Шчадрэц” таксама ўнесены ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, праводзяць яго на Міншчыне, у вёсцы Рог.  
Мне было цікава даведацца, чаму водзяць менавіта казу (хоць дзе-нідзе ў Беларусі яе “намеснік” – мядзведзь, конь і нават бусел),  бо і цяпер калядоўшчыкі гэтым не грэбуюць. У адных крыніцах напісана, маўляў, каза – сімвал урадлівасці (“Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць”), у другіх – жывёла, што цесна звязана з нячыстай сілай (нездарма “падобная на чор­та і рагамі, і вачыма, і барадой”). А даследчык гісторыі рэлігіі Беларусі, пісьменнік Леў Гарошка знайшоў звесткі, што па легендзе ў казу ператварылася багіня Жыва – жонка Перуна (другія яе імёны – Цёця, Грамавіца, Каляда). Яе ўшаноўвалі як багіню вясны, урадлівасці. Зірнула яна аднойчы на зямлю і ўбачыла, як пакутуюць людзі пад суровым кіраваннем жахлівага бога зімы Зюзі. Тады спусцілася на зямлю, каб нарадзіць сына Перуну – Дажбога-Хорса – бога сонца, які ўступіць у барацьбу з Зюзяй. А Зюзя даведаўся пра планы Жывы, перакінуўся ў мядзведзя і разам са злымі духамі-вятрамі, якія сталі ваўкамі, кінуўся за багіняй, каб знішчыць яе дзіця. Тады Жыва стала казой, схавалася ў кусце вярбы і нарадзіла сына Дажбога. Ваджэнне казы – гэта абрад, які звязаны з гэтай гісторыяй і з шанаваннем нашымі продкамі паганскіх багоў. 

А што ж пазначае калядная зорка, з якой часта хо-дзяць калядоўшчыкі? Здаецца, усё відавочна: гэта тая першая зорка, якая запальвалася ў небе, калі нарадзіўся Хрыстос. Лю-дзі на садзіліся за стол вечарам перад Ражством да першай зоркі. Пішуць даследчыкі, што традыцыя хадзіць з зоркай – фін-ская. Фінскія хлопчыкі з зоркай у перыяд Ражства хадзілі па дамах і паказвалі п’есы на сюжэт з Евангелля. Таму зорка – гэта ўсё ж такі тая навіна, якая прыйшла да нас з хрысціянствам. Толькі вось калі ў нас калядоўшчыкі ішлі з ёй у хату і праслаўлялі Хрыста, то гаспадары не заў-сёды ўспрымалі гэта на ўра. На Палессі лічылі, што пасля такой “царкоўнай каляды” не ўродзіць проса і не пускалі дэлегацыю ў хату. А вось да традыцыйных калядоўшчыкаў ставіліся прыязна і віталі, як маглі. Але разглядваючы малюнкі з сюжэтамі пра калядаванне, заўважыла, што дзе-нідзе замест зоркі на кійку было намалявана сонца, а часта і немагчыма было зразумець, ці сонца намалявана, ці зорка – нябеснае свяціла, але якое? І гэта дае падставу думаць, што зорка добра прыжылася толькі таму, што для продкаў яна была зусім не зоркай, а сімвалам сонца, якое ўшаноўвалі і віталі яго нараджэнне...

Беларускія калядныя традыцыі своеасаблівыя і спрэчныя, бо ўвабралі нешта ад паганства, нешта ад хрысціянства. Як ставіцца да абрадаў продкаў, што паўтараць, а чаго пазбягаць – асабістая справа кожнага, але, здаецца, ведаць сваю гісторыю, сваю міфалогію, якая хоць і захавалася фрагментарна, але захавалася, не будзе лішнім для таго, хто беларусам завецца. 
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ
Комментарии (0)
Добавить комментарий