І спявачка, і актрыса…

26 января 2016 - Administrator
article2209.jpg

 Спалучэнне адразу двух выключных талентаў – песеннага і акцёрскага пакараюць гледачоў, уражваюць журы шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, у якіх актыўна бярэ ўдзел 12-гадовая вучаніца ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў  г. Івацэвічы” Лізавета Міскевіч (на здымку). А ў навагоднія святы зусім яшчэ юная, але ўжо такая вопытная спявачка, у якасці падарункаў сваім педагогу і бацькам прывезла два дыпломы лаўрэата II ступені з Міжнароднага каляднага фестывалю-конкурсу  “Мы разам” і з Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “У гасцях у дзеда Мароза”.

 

Абодва конкурсы праходзілі ў Брэсце, сёння ўжо звыклая практыка правядзення міжнародных творчых спаборніцтваў менавіта ў нашай гасціннай краіне. Як адзначыла настаўніца зорачкі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік па класе фартэпіяна і вакалу Ала Аляксандраўна Груздзева, па-першае, арганізацыя фестываляў у Беларусі на высокім узроўні, а па-другое, нашым канкурсантам, вядома, тут і родныя сцены дапамагаюць. Так, з-пад крыла гэтай настаўніцы выйшла ўжо нямала таленавітых музыкантаў і вакалістаў, “бяруць” сваім талентам майстэрскае журы і яе сённяшнія вучаніцы Анастасія Ляўчук і Лізавета Міскевіч. У мінулым годзе на дваіх нашы дзяўчынкі “зарабілі” 21 дыплом!
 
 
– Упэўнена, гэты год будзе не менш насычаным і ўдалым, – адзначыла Ала Аляксандраўна. – Моцна мы яго пачалі – адразу два дыпломы міжнароднага ўзроўню! Усё складаней становіцца здзіўляць журы, на фестывалі прыязджаюць сотні ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Грузіі, іншых краін. Ёсць сярод іх і ўдзельнікі “Еўрабачання”. Аднак я заўсёды настройваю дзяцей на ўдалае выступленне, а не на перамогу. Галоўнае для іх – гэта вопыт, магчымасць выступіць на вялікай сцэне. Вы не ўяўляеце, з якімі вачыма яны вяртаюцца дадому: дзяўчынкі поўныя натхнення і жадання рабіць яшчэ больш. Бо калі ў раёне яны ўжо зоркі, то на фестывалі ім яшчэ трэба даказаць права называцца вакалісткамі. І нашы дзяўчынкі з адной гадзінай заняткаў вакалам у тыдзень удала канкурыруюць з удзельнікамі, якія штодня займаюцца ў прафесійных студыях, – расказвае настаўніца.
 
Калі гаварыць пра Лізу Міскевіч, дык гэта асаблівая дзяўчынка, і асаблівасць яе ў прыгожым голасе, харызме і акцёрскай ігры. Многае ёй дадзена ад нараджэння, Ліза нарадзілася ў творчай сям’і, у школе мастацтваў доўгі час працаваў настаўнікам музычна-тэарэтычных дысцыплін яе дзядуля Аляксандр Іванавіч Русак, пасля яго справу працягнула маці юнай спявачкі Таццяна Аляксандраўна Міскевіч. І, як жартуе сама Ліза, яна першая ў сям’і перайшла ад тэорыі да практыкі. Сямікласніца марыць стаць педагогам па вакале і ўдзел у фестывалях – першы крок да здзяйснення задуманага. Да кожнага конкурсу дзяўчынка рыхтуе абавязкова новую песню, так на фестывале-конкурсе “Мы разам” гучала адна з любімых песень Лізы “Мы танцуем Джаз” (А. Піпер), а ўдзельнікам фестывалю-конкурсу “У гасцях у дзеда Мароза” запомнілася песня “Мой Анёл” (В. Шмат). У шчырай размове дзяўчынка прызналася, што і сёння вельмі хвалюецца перад выступленнем, аднак такі конкурсны вопыт дадаў ёй упэўненасці ў сабе.
 
–  Дзве конкурсныя песні на рускай і беларускай мовах, а якая мова любімая ў маленькай спявачкі? – цікаўлюся.
– Часцей спяваю на рускай мове, аднак вельмі цаню смак роднай беларускай. Таму ў маёй творчасці двухмоўе, вось толькі не сустрэнеце ў маім рэпертуары песні на замежных мовах – то наша сумесная пазіцыя з настаўніцай. Трэба ведаць, аб чым спяваеш і перадаваць змест песні, а як гэта зрабіць, калі не ведаеш дакладна таго зместу, ды і акцэнт не дадасць выступленню шарму, – падзялілася Ліза Міскевіч.
У кумірах у Лізаветы – ніякая не сусветная зорка, а амаль яе равесніца, 13-гадовая мінчанка Зіна Купрыяновіч. Гэта дзяўчынка – прызёр дзясяткаў вядомых конкурсаў і творчых праектаў, вядучая, а таксама фіналістка адборачнага туру дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне – 2015”. Раўняцца трэба на сваіх, на тых, хто амаль у тваім узросце дасягнуў вялікіх вяршынь – так лічыць Ліза.
 
Падтрымліваюць дачку і бацькі спявачкі, асабліва маці, Таццяна Аляксандраўна. Бо ў маці і дачкі адна дзіцячая мара на дваіх. Калісь, Таццяна Міскевіч сама марыла дарыць са сцэны песні людзям. Але па парадзе бацькоў аддала перавагу тэорыі музыкі, аднак мара жыве ў сэрцы і знаходзіць увасабленне ў Лізавеце. Амаль на ўсе конкурсы дзяўчынка ездзіць з вялікай групай падтрымкі – настаўнікам і абавязкова з матуляй і татам. Ала Аляксандраўна Груздзева, Ліза Міскевіч і яе сям’я дзякуюць за дапамогу ў пастаноўцы нумара вучаніцам харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў А. Наумовіч, М. Агейчык, А. Шумовіч, А. Крэнь і Г. Міхаленка. Уся падрыхтоўка патрабуе немалых сродкаў, і матэрыяльны бок пытання сёння забяспечваюць бацькі канкурсантаў. Так, кажуць, каб з дзіцяці атрымаўся алімпійскі чэмпіён, фігурыст. Напрыклад, аднойчы даць яму ў рукі прафесійныя канькі, адных імкнення і таленту, на жаль, мала. А пакуль пажадаем поспеху нашым Лізе Міскевіч і Анастасіі Ляўчук на чарговым конкурсе-фестывалі “Скрыжаванні”, які прыме наша сталіца 19-21 лютага. Штогод конкурс збірае тысячы ўдзельнікаў больш як з дзесяці краін свету. Нашы дзяўчынкі ўжо прайшлі адборачны этап і праспяваюць сваю гучную песню на той сцэне!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота з архіва сям’і Міскевіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий