“Таямніцы і казкі Японіі”

2 февраля 2016 - Administrator
article2221.jpg

 – Няхай галінка сакуры заўжды будзе над вамі і абараняе вас ад нягод і няшчасцяў, – з такім шчырым пажаданнем да першых гасцей японскай выстаўкі, што адкрылася ў Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі 28 студзеня, звярнуўся прадстаўнік Японскага цэнтра культуры і спорту г. Токіо “Дзэнрын Канкэй” (Добрасуседства) Уладзіслаў Асака (Фамін). І не звычайна пажаданне было такім, бо галінка сакуры ў краіне ўзыходзячага сонца – сімвал хуткаплыннасці і прыгажосці жыцця. Па меркаванні Уладзіслава, менавіта ў гэтым асноўнае падабенства японцаў і беларусаў – абодва народы вельмі любяць жыццё і бачаць у ім усе прыгожае і добрае. У такіх розных краінах жывуць аднолькава адкрытыя і добразычлівыя людзі. 

Шмат цікавага аб агульным паміж народамі, якія раздзяляюць тысячы кіламетраў, расказаў Уладзіслаў Асака падчас размовы. Але аб гэтым пазней, спачатку пра ўнікальную выстаўку, якая ўжо знайшла і ўразіла свайго першага гледача ў райцэнтры. Такой магчымасцю пазнаёміцца бліжэй з культурай загадкавай краіны мы абавязаныя найперш цэнтру культуры і спорту “Дзэнрын Канкэй”. За некалькі гадоў выстава руска-японскага цэнтра наведала больш за 70 гарадоў Расіі і Беларусі. А вось яшчэ адзін прыемны факт – мы трэцімі ў Брэсцкай вобласці пасля Баранавічаў і Лунінца прымаем выстаўку. То ўжо заслуга супрацоўнікаў гісторыка-краязнаўчага музея. Такая выстаўка – першы этап міжнароднага праекта музея, далей нас чакае знаёмства з культурай Кітая і Манголіі. Як адзначыла дырэктар музея Раіса Горбач, пастаянныя госці музея пасля змогуць параўнаць культуры трох краін.

Так, першая “ластаўка”, як тое і павінна, узляцела высока. Урачыстае адкрыццё выстаўкі ў мінулы чацвер сабрала ў музеі шмат людзей. Яшчэ б, сёння экскурсію праводзіў сам прадстаўнік цэнтра “Добрасуседства” Уладзіслаў Асака. Чалавек, які сябруе з Японіяй і японцамі ўжо 25 гадоў, сем з іх даследчык пражыў у краіне ўзыходзячага сонца. Таму, як кажуць, не па чутках, на справе ведае многія сакрэты любімай, пасля радзімы, краіны свету. Першымі прадметы побыту, фігуры самураяў 18 стагоддзя, роставую ляльку акцёра японскага тэатра “Кабукі”, лялькі 19 стагоддзя ўбачылі запрошаныя госці, у іх ліку начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская, загадчык сектара культуры аддзела Ларыса Зорка, старшыня гарадскога савета ветэранаў Вера Голуб, і шматлікія наведвальнікі, школьнікі. Асаблівы настрой гасцям надавалі японскія матывы. А на ўваходзе пад столлю кружыліся японскія папяровыя жураўлікі.

– У гэтым краі нас сустрэлі па-японску, гэта значыць гасцінна і ветліва, – адзначыў сённяшні экскурсавод Уладзіслаў Асака. А падарожжа па ўсходняй краіне ён пачаў з майстар-класа па правільным адзяванні кімано (дарэчы, апрануць адзенне змогуць усе ўдзельнікі экскурсіі, гэта платная паслуга). У арсенале музея ёсць як жаночыя, так  мужчынскія і дзіцячыя касцюмы. Пасля было знаёмства з японскім тэатрам, драўлянымі лялькамі “Кокэсі”, кошкамі “Нэко”, якія па легендзе могуць ператварацца ў людзей. 

Даследчык раскрыў некалькі таямніц аднаго з самых яркіх японскіх абрадаў – вяселля, расказаў, як ядуць японцы. А яшчэ – як выхоўваліся самураі і ніндзі (сінобі). Самае цікавае пра драконаў і вадзяных духаў “Капа” пачулі наведвальнікі ад паважанага госця. Фішкай экскурсіі стала “Індыга-шоу” – маляванне спецыяльнымі фарбамі, у складзе якіх марскія водарасці. Фарбы наносяцца на японскага дракона і свецяцца, калі патухае свет. Дракон нібы ажывае ў ансамблі колераў: зялёнага, чырвонага, жоўтага…
І гэта не ўсе падарункі ад цэнтра.

Ёсць яшчэ відэафільмы, прысвечаныя гісторыі і культуры Японіі, прапануюць супрацоўнікі музею наведвальнікам і шэраг лекцый па самых розных, часам, нечаканых тэмах: “Казкі і міфы краіны Ямата. Рускія і Японскія казкі”, “Эстэтычнае выхаванне ў садку, школе, ВУЗе, сям’і”, “Святы. Мастацтва дарыць падарункі. Ветлівасць і павага” і іншыя.
Аднак такую выставу не зразумееш і не адчуеш усю асалоду ад убачанага завочна, гэта трэба ўбачыць сваімі вачыма. Пацвердзілі маю думку і сённяшнія юныя наведвальніцы, вучаніцы 7 “А” класа ДУА “СШ№3 г. Івацэвічы” Яна Басалай і Анастасія Радзько.

– Мы амаль усім класам сёння сюды прыйшлі, хто ж адмовіцца ад такога эксклюзіву! – дзеляцца дзяўчынкі. – Усё разгледзелі: лялек, фотаздымкі, карціны, кімано апраналі і, ведаеце, захацелася пазнаёміцца з Японіяй яшчэ больш цесна. Прызнаемся, многія нашы сябры лічаць, што хадзіць у музей сёння быццам бы не модна, а мы сёння ўпэўніліся ў адваротным. Абавязкова паклічам сюды сваіх сяброў і аднакласнікаў, – упэўнілі Яна і Анастасія.

Як і абяцала, вяртаюся да размовы з чалавекам-кнігай, чалавекам-гісторыяй, калі хочаце, Уладзіславам Асака.
– Заўважыла, падчас экскурсіі, вы быццам бы спынялі сябе, так хочацца падзяліцца сваімі ведамі з жыхарамі глыбінкі?
– Канечне, толькі ўявіце, я прысвяціў гэтай чароўнай краіне і яе культуры 25 гадоў жыцця і, ведаеце, гэта мала. Мала гэтага часу, каб зразумець японца, яго думкі. Наша выстава – самы маленькі крок у тайны Японіі, і гэты крок могуць зрабіць усе мясцовыя жыхары.
– Вы наведалі каля сотні гарадоў, сталіцы, абласныя цэнтры. Прыезд у наш невялікі горад – ці не рызыка для вас? Разлічваеце на аншлаг?
– Скажу больш, мы наведвалі яшчэ меншыя гарады. Справа не ў колькасці насельніцтва, а ў яго культуры, прагі да гісторыі і новага. Канечне, хочацца, каб людна было ў залах вашага ўтульнага музея, тым больш, што сюды мы прывезлі большую частку экспанатаў 110 са 170-ці. На тое яно і “Добрасуседства” – усё для мясцовага гледача.

– Уладзіслаў, а за што асабіста вы палюбілі краіну ўзыходзячага сонца?
– Складанае пытанне, тут шмат прычын, але перш за ўсе – за падабенства японцаў да нас. Мэта нашай выставы і работы цэнтра ў цэлым не папулярызаваць Японію, а расказаць пра падабенства двух народаў і культур, знайсці агульнае ў людзях. Усё пачынаецца з веры, абедзе краіны пераважна праваслаўныя. Я ўжо гаварыў пра падабенства характару. А ведаеце, якая краіна абсалютны лідар па перакладзе рускай літаратуры? Японія. А як паважалі ва ўсходняй краіне першага консула Расіі, беларуса па нараджэнні, Іосіфа Гашкевіча… У нас значна больш агульнага, чым мы думаем.

Словы субяседніка заінтрыгавалі. І сапраўды, якая яна – Японія для кожнага з нас? Напэўна, кожны тут ўбачыць сваё, і калі трымацца навукі бацькоў – адзін раз убачыць, чым сто – пачуць, абавязкова трэба наведаць выставу, прыняць прывабную прапанову гаспадароў музея і адкрыць для сябе ў рамках праекта тры новыя краіны…
Нагадаем, выстава адкрылася 28 студзеня і будзе працаваць да 8 сакавіка. Штодня з 9.00 да 18.00 у музеі вас будуць чакаць унікальныя экспанаты, факты гісторыі і таямніцы культуры Японіі.

І наўздагон. Уладзіслаў Асака назваў нам тры свае самыя любімыя экспанаты ва ўсёй выставе. Для нас жа з вамі гэта тры важкія прычыны наведаць выставу “Таямніцы і казкі Японіі”:
Прычына першая – цвік выставы – карціна віцебскага мастака Дзмітрыя Гаралевіча з элементамі паху сакуры;
Прычына другая – вы абавязкова павінны ўбачыць альбом японскага партызана, які ваяваў за савецкую армію ў гады Вялікай Айчыннай вайны (арыгінал);
Прычына трэцяя – у наш край прадстаўнікі цэнтра “Дзэнрын Канкэй” прывезлі ўнікальныя японскія лялькі 19 стагоддзя!
Наведайце музей і ўбачце ўсё сваімі вачыма!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий