Івацэвічы сабралі юных мастакоў

29 апреля 2016 - Administrator
article2416.jpg

 Рэгіянальны конкурс дзіцячага малюнка, прысвечаны 270-й гадавіне з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, сабраў каля 50 лепшых мастакоў з Івацэвіцкага, Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Ляхавіцкага раёнаў. 84 работы, 8 гарадоў нашай вобласці – такая шырокая яго геаграфія. Сам конкурс у нашым раёне – навінка, і тут свая сімвалічнасць: мерапрыемства нам падараваў Год культуры і адбылося яно менавіта ў гадавіну з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. 


Стартаваў конкурс яшчэ ў сакавіку, тады палажэнне было даслана ў суседнія раёны, а ў мінулую суботу, 23 красавіка, арганізатары сабралі ў зале Івацэвіцкага ГДК пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання.   
Конкурс такога маштабу право-
дзіўся пры падтрымцы Івацэвіцкага райвыканкама, а таксама раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, аб гэтым са сцэны гаварыла старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская, калі вітала гасцей у зале. 
– Ініцыятыву ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” падтрымала кіраўніцтва райвыканкама і конкурс быў унесены ў раённы план мерапрыемстваў, – адзначыла Святлана Васільеўна. – Такая падтрымка вырашыла матэрыяльны бок пытання, дзякуючы якой сёння мы адзначым лепшых з лепшых каштоўнымі падарункамі. Што да арганізацыі конкурсу, то тут вялікая падзяка кіраўніцтву і настаўнікам ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”.

Дарэчы, арганізацыйнаму боку сёння – асаблівая ўвага. У той дзень давялося пагутарыць з дэлегацыямі раёнаў-удзельнікаў і ўсе дзякавалі нашаму краю за гасціннасць і высокі ўзровень арганізацыі конкурсу, а раўняліся госці на рэспубліканскі і міжнародны ўзроўні. Дапамог вопыт удзелу ў шматлікіх творчых конкурсах, адзначыла намеснік дырэктара ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” Ала Аляксандраўна Груздзева. 
Падчас рэгістрацыі ўсе госці атрымалі спецыяльныя бэйджы і праграмкі, у іх план на ўвесь дзень і фотаздымкі работ выхаванцаў установы адукацыі – дробязь, здаецца, але ў дробязях “чытаецца” ўзровень. Далей усе госці былі запрошаныя ў выставачныя залы ГДК, у адной былі размешчаны работы-пераможцы, у другой – работы-ўдзельніцы. Кожны сам мог убачыць і ацаніць работы, ноткі святочнасці падчас выставы дадавала жывая музыка ад народнага квінтэта “Алегра”. 

Далей адкрыццё і тэатральная пастаноўка Народнага тэатра ГДК, то быў эпізод з дзяцінства Тадэвуша Касцюшкі. Тут жа адбылося і знаёмства з журы. У яго складзе, акрамя старшыні Святланы Завадскай, працавалі Людміла Крукоўская, загадчыца мастацкага аддзялення ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”, Жанна Каспяровіч, настаўніца гісторыі ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, Наталля Літвінюк, настаўніца выяўленчага мастацтва ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, Яўген Пішчаў, дырэктар ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, і Дзяніс Пакалюк, старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Усе члены журы адзначылі высокі ўзровень дасланых работ, таму вызначыцца з пераможцамі было складана. Жанну Каспяровіч, як гісторыка, здзіўляў погляд сучаснага школьніка на гістарычную асобу, Людміла Крукоўская, як мастак, адзначыла наяўнасць складаных тэхнік малявання. Аднак, каб забяспечыць аб’ектыўнасць, імя і прозвішчы аўтараў работ былі засакрэчаныя, і яшчэ ў конкурсе не прымалі ўдзел вучні настаўнікаў-мастакоў, якія ўваходзілі ў склад журы.  

Сапраўдным падарункам для ўсіх гасцей аказалася паездка на радзіму сына беларускай зямлі Тадэвуша Касцюшкі, уразіў дзяцей і дарослых наш Косаўскі замак. Цырымонія ўзнагароджвання была самым чаканым момантам на сёння, бо інтрыга захоўвалася да апошняга. Вынікі сталі вядомыя толькі на сцэне ГДК. У трох узроставых групах 9-11,12-14 і 15-17 гадоў трыццаць пераможцаў, дыпламантаў і лаўрэатаў 1-3 ступені. Адзінаццаць з іх – нашы юныя мастакі. 

Гэта выхаванцы ДУА “Целяханская дзіцячая школа мастацтваў” Ганна Дайнэка (дыплом III ступені ў групе 9-11 гадоў), Анжаліка Гапонік (дыплом III ступені ў групе 12-14 гадоў), Глеб Тысевіч (дыплом I ступені ў групе 12-14 гадоў) і Кацярына Канановіч (лаўрэат II ступені ў групе 12-14 гадоў), настаўнік Н. А. Фядковіч, мастакі ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Косава” Алёна Русалоўская, настаўнік І. Л. Радзюк, і Аляксандра Пархута, настаўнік В. А. Літвінка, былі ўзнагароджаныя дыпломамі II ступені ва ўзроставай групе 9-11 гадоў. Штурмавалі мастацкі п’едэстал і вучні ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” Варвара Роік (дыплом I ступені ў групе 9-11 гадоў),  Аліна Паганініна (лаўрэат III ступені ў групе 9-11 гадоў) і Анастасія Якаўлева (лаўрэат I ступені ў групе 12-14 гадоў), настаўнік А. М. Самасюк, а таксама Павел Мажэйка (дыплом лаўрэата II ступені ў групе 9-11 гадоў), настаўнік Т. А. Олех. За намі і Гран-пры першага мастацкага конкурсу! Дзевяцігадовая Карына Бялевіч здзівіла і тэхнікай, і фарматам работы, і  творчым падыходам. Гэта не першы конкурс маленькай мастачкі, але першая вялікая перамога, адзначыла настаўніца пераможцы Таццяна Анатольеўна Олех. Стараннасць, ініцыятыўнасць, а таксама прыроджаны талент, які перадаўся Карыне ад матулі, “стрэлілі” моцна і пакарылі журы. Яе партрэт Тадэвуша Касцюшкі ў тэхніцы графіка (аловак) прызнаны лепшым.



Нам пакінулі свае выдатныя работы пачынаючыя мастакі, с сабой жа павезлі прыемныя ўражанні і ад конкурсу, і ад знаёмства з нашым краем. Самі прызналіся дзеці, мала што ведалі пра Тадэвуша Касцюшку да конкурсу, пазнаёміліся з яго біяграфіяй бліжэй і на наступны год ужо ёсць творчыя ідэі. Чакаюць запрашэння нашы госці, і мы спадзяемся, што гэта быў пачатак традыцыйнага, брэндавага конкурсу ў Івацэвічах!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий